BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

АБСЭ дапаможа беларускім памежнікам ў тэхнічным аснашчэньні

13.06.2008
АБСЭ дапаможа беларускім памежнікам ў тэхнічным аснашчэньні

13 чэрвеня ў Дзяржаўным памежным камітэце Рэспублікі Беларусь падпісаны Мэмарандум і працоўны плян рэалізацыі праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Разьвіцьцё сыстэмы ўліку і аналізу проціпраўнай дзейнасьці праз Дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь».

Зь беларускага боку дакумэнты падпісаў намесьнік старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі Вадзім Зайцаў. Паводле ягоных словаў, мэта праекту – тэхнічнае пераабсталяваньне аналітычных падразьдзяленьняў памежных атрадаў і павышэньне прафэсійнага ўзроўню беларускіх памежнікаў. Для гэтага будзе абноўлена кампутарнае абсталяваньне і тэхнічныя сродкі ўводу інфармацыі. Для супрацоўнікаў памежнай службы будзе праведзены шэраг адукацыйных сэмінараў. Гэта дазволіць беларускім памежнікам апэратыўна атрымліваць, апрацоўваць і аналізаваць дадзеныя аб проціпраўнай дзейнасьці, вызначаць пэўныя рызыкі дзеля забесьпячэньня бясьпекі ў памежнай прасторы.

Раней Эўрапейскі Зьвяз дапамагаў ствараць падобныя сыстэмы ўліку і базы дадзеных на польска-нямецкай мяжы. Але пасьля пашырэньня Эўразьвязу на ўсход ўзьнікла неабходнасьць у стварэньні іх на межах Беларусі з краінамі Эўразьвязу.

"Беларусь адыгрывае важную ролю транзытнай краіны, і мы зацікаўленыя ў разьвіцьці і ўдасканаленьні сыстэмы ўліку і аналізу на мяжы з вашай дзяржавай», падкрэсьліў кіраўнік Офісу АБСЭ ў Менску Ханс-Ёхан Шмідт.   

Донарамі праекту «Разьвіцьцё сыстэмы ўліку і аналіза проціпраўнай дзейнасьці праз Дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь» зьяўляюцца Нямеччына, Фінляндыя і Нарвэгія. Мяркуецца, што ўсе мерапрыемствы, што прадугледжаныя Мэмарандумам і плянам, будуць рэалізаваныя да канца 2008 года.

Бюджэт праекту - 90 тысяч эўра.

 

Людміла Корсак

[email protected]

 

Видео