BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Рэфэрэндум у Ірляндыі: момант ісьціны для Эўропы

12.06.2008
 Рэфэрэндум у Ірляндыі: момант ісьціны для Эўропы
12 чэрвеня ў Ірляндыі адбудзецца рэфэрэндум па Лісабонскай дамове, якая ўсталёўвае новыя прынцыпы кіраваньня Эўразьвязам.


Калі ірляндцы выкажуцца адмоўна, рэформа Зьвязу можа быць спыненая. Ужо зараз у Эўропе разважаюць над тым, як працягваць далейшую інтэграцыю ў аб'яднанай Эўропе, калі ірляндцы скажуць дамове «не».

На сёньняшні дзень дамову ўжо ратыфікавалі 17 з 27 дзяржаваў Зьвязу, у тым ліку Нямеччына, Францыі і Польшча. Парлямэнт Эстоніі ўхваліў дамову 11 чэрвеня.
Аднак у Ірляндыі паводле закону такое пытаньне павінна быць абавязкова вынесенае на рэфэрэндум.

Лісабонская дамова стала кампраміснай спробай працягнуць эўрапейскую інтэграцыю пасьля таго, як ў 2005 годзе на рэфэрэндумах ў Францыі і Нідэрляндах быў адхілены праект Канстытуцыі Эўропы. Лісабонскае пагадненьне крыху карацей праекту, пахаванага францускімі і галяндзкімі выбаршчыкамі (хаця гэта ўсё роўна 350 старонак складанага тэксту), яно крыху інакш сфармулявана, але прынцыпы адхіленага канстытуцыйнага праекту ў ёй захаваліся: гэта абмежаваньне права вета асобнай краіны, умацаваньне і пашырэньне паўнамоцтваў наднацыянальных органаў Зьвязу, увядзеньне пасады прэзыдэнта і міністра замежных спраў Зьвязу.

Аднак дамова, у адрозьненьне ад праекту Канстытуцыі, сфармулявана такім чынам, што яна амаль ва ўсіх краінах Зьвязу можа быць ратыфікаваная парлямэнтамі і не патрабуе рэфэрэндумаў для яе зацьвяржэньня. А паколькі эліты, ў тым ліку і парлямэнтары, зацікаўленыя ў працягу эўраінтэграцыі, ў набыцьці Эўропай выразнага палітычнага твару, то праблемаў у ратыфікацыі дамовы парлямэнтамі дагэтуль не было. Але Ірляндыя – выключэньне, там закон патрабуе рэфэрэндуму.
І шанцы на тое, што ірляндцы прагаласуюць “за” , ня надта вялікія. Гаворыць палітычны аглядальнік газэты “Irish Time” Марк Хэннэсі.

Хэнэссі: “Кампанія “Скажы дамове “не” была праведзеная вельмі разумна, яны вылучылі шэраг абвінавачваньняў на адрас дакумэнту, часам супярэчлівых, і ўрад губляў час, каб абвергнуць гэтая абвінавачваньні, замест таго, каб гаварыць пра станоўчыя бакі дамовы”.

Праціўнікі дамовы працавалі з грамадзкай думкай з канца мінулага году. У той жа час ўрад быў заняты іншымі праблемамі, толькі ў мінулым месяцы кабінэт Брайна Коўэна зьмяніў ўрад прэм'ера Бэрці Ахэрна. Паводле апытаньняў, долі прыхільнікаў і праціўнікаў дамовы вельмі блізкія, адно апытаньне прадказвае перамогу праціўнікаў дамовы.

Між тым дамова набудзе сілу з 1студзеня 2009 году, калі да гэтага часу яе ратыфікуюць усе 27 краін, што ўваходзяць у Зьвяз, у тым ліку і Ірляндыя.

Насельніцтва Ірляндыі складае 1% ад агульнай колькасьці людзей, што жывуць у краінах Зьвязу. Але калі яны 12 чэрвеня скажуць на рэфэрэндуме Лісабонскай дамове “не”, то 2005 год можа паўтарыцца – няма згоды Ірляндыі, няма дамовы.

Ужо зараз у Эўропе ідуць размовы, што ж рабіць, калі вынік ірляндзкага рэфэрэндуму будзе адмоўным і ці можа будзе неяк працягнуць эўраінтэграцыю і ў гэтым выпадку. Адзін з францускіх міністраў заявіў, што любой краіне, якая адхіліць Лісабонскую дамову, варта падумаць аб выхадзе з Эўразьвязу.
Аднак іншыя спасылаюцца на тое, што калі ў 2005 годзе Францыя і Галяндыя на рэфэрэндумах адкінулі праект Канстытуцыі Эўропы, то ніхто не прапаноўваў выключаць іх са Зьвязу, замест гэтага быў спынены працэс ратыфікацыі. Гэтак і зараз неяк недарэчна было б караць Ірляндыю за дэмакратычны спосаб прыняцьця рашэньняў – кажуць прыхільнікі гэтага меркаваньня.

Гавораць пра яшчэ адзін сродак абысьці магчымае ірляндзкае “не” – даволі папулярную ў Эўразьвязе ідэю “паглыбленай інтэграцыі”. Яе сутнасьць у тым, што некалькі (ня ўсе) краіны Зьвязу могуць дамовіцца пра больш шчыльнае супрацоўніцтва ў пэўных галінах. Аднак у дадзеным выпадку размова ідзе пра такую “галіну”, як базавыя прынцыпы пабудовы саюзу. Так што ў дадзеным выпадку “паглыбленае супрацоўніцтва” – ня што іншае, як сынонім расколу.

Варта таксама ўлічыць, што і ў іншых краінах Зьвязу, у тым ліку і ў тых 9, якія яшчэ не ратыфікавалі Лісабонскую дамову, нямала яе апанэнтаў. І калі ірляндцы скажуць “не”, гэта можа натхніць праціўнікаў дамовы па ўсёй Эўропе і прывесьці да правалу ратыфікацыі яшчэ ў некалькіх краінах.

У любым выпадку рэфэрэндум у Ірляндыі – момант ісьціны для Эўрапейскага Зьвязу.

Cпасылка 

 

 

Видео