BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Тэма месяца – навакольнае асяродзьдзе: quo vadis?

11.06.2008
Тэма месяца – навакольнае асяродзьдзе: quo vadis?

Экалягічная бясьпека: шмат законаў, - добрых і розных

Асноўны закон Рэспублікі Беларусь гарантуе “права кожнага на спрыяльнае навакольнае асяродзьдзе і на пакрыцьцё шкоды, прычыненай парушэньнем гэтага права. Дзяржава ажыцьцяўляе кантроль за рацыянальным выкарыстаньнем прыродных рэсурсаў у мэтах абароны і паляпшэньня ўмоў жыцьця, а таксама аховы і аднаўленьня навакольнага асяродзьдзя” (артыкул 46 Канстытуцыі).

У сыстэме экалягічнага заканадаўства Беларусі вядучым законам, які сыстэматызуе эколяга-прававыя нормы, зьяўляецца Закон “Аб ахове навакольнага асяродзьдзя”, які быў прыняты ў 1992 годзе. Мэханізм аховы навакольнага асяродзьдзя ўрэгуляваны цэлым шэрагам іншых законаў, да прыкладу, “Аб асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях”, “Аб экалягічнай экспэртызе”, “Аб прававым рэжыме тэрыторыяў, што падвергліся радыёактыўнаму забруджваньню ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС”. Галіновае прыродарэсурснае заканадаўства ўключае Кодэксы – аб зямлі, аб нетрах, водны, лясны. У экалягічным праве ў якасьці крыніц прысутнічаюць нарматыўныя прававыя акты іншых галін права – грамадзянскага, адміністратыўнага, крымінальнага. Да прыкладу, у Крымінальным кодэксе ёсьць асобны разьдзел ІХ – “Злачынствы супраць экалягічнай бясьпекі і прыроднага асяродзьдзя”, у якім ажно 22 артыкулы. Да такіх злачынстваў адносяцца забруджваньне атмасфэры, вод, лясоў, парушэньне рэжыму асоба ахоўваемых аб’ектаў, незаконнае паляваньне. Асобы, што зьдзейсьнілі злачынствы супраць экалягічнай бясьпекі, могуць быць пакараныя штрафам, папраўчымі працамі, арыштам і нават пазбаўленьнем волі.

Беларусь далучылася да трох дзесяткаў міжнародных канвэнцый і пратаколаў (Рамачнай Канвэнцыі ААН аб зьмяненьні клімату, Венскай канвэнцыі аб ахове азонавага слою, Канвэнцыі аб біялягічнай разнастайнасьці і Картахенскаму пратаколу па біябясьпецы ды іншых).

Рэалізаваць сваё права на спрыяльнае асяродзьдзе можна толькі пры наяўнасьці доступу да экалягічна значнай інфармацыі і ўдзеле грамадзкасьці ў прыняцьці рашэньняў, што закранаюць праблемы навакольнага асяродзьдзя. Прававыя аспэкты доступу да інфармацыі ўрэгуляваныя ў Охрускай Канвэнцыі аб доступе да інфармацыі, удзеле грамадзкасьці ў працэсе прыняцьця рашэньняў і доступе да правасудзьдзя па пытаньнях, што тычацца навакольнага асяродзьдзя. Дарэчы, літаральна на пачатку чэрвеня Генэральная пракуратура Рэспублікі Беларусь вынесла папярэджаньне кіраўніцтву расейскага прыватнага прадпрыемства “Аўгуст- Бел”, якое распачынае будаўніцтва завода па вытворчасьці ядахімікатаў у пасёлку Дружны Пухавіцкага раёну аб парушэньні Охрускай канвэнцыі.

Такім чынам, тэарэтычна з заканадаўчай базай ў галіне экалёгіі ў Беларусі ўсё нармальна. На практыцы ж усё значна складаней. Хаця выпадкі пакараньня вінаватых у забруджваньні навакольнага асяродзьдзя здараюцца. Так, летась да адміністратыўнай адказнасьці было прыцягнута 27,5 тысяч кіроўцаў аўтамабіляў, што эксплюатуюцца з парушэньнем нормы выкіду вуглякіслага газу. Гэта 45% ад агульнай колькасьці аштрафаваных за парушэньні прыродаахоўнага заканадаўства.

Мінпрыроды: “ёсьць чым ганарыцца”

У Беларусі на прыродаахоўныя мерапрыемствы ў 2008 годзе будзе накіравана 416,1 мільярда рублёў. Прынятыя «Нацыянальная стратэгія ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусь на пэрыяд да 2020 года» і «Нацыянальны плян дзеяньняў па рацыянальнаму выкарыстаньню прыродных рэсурсаў і ахове навакольнага асяродзьдзя Рэспублікі Беларусь на 2006 – 2010 гады».

У пачатку чэрвеня на прэс-канфэрэнцыі, прысьвечанай Ўсясьветнаму дню аховы навакольнага асяродзьдзя, намесьнік міністра прыроды Аляксандар Апацкі пахваліўся дасягненьнямі. Паводле ацэнкі Эўрапейскай агенцыі па навакольным асяродзьдзі, Беларусь – адна зь нямногіх краінаў СНД і Заходняй Эўропы, якая мае доступ да пітной вады высокай якасьці.

Дадзеныя маніторынгу 2007 году паказалі, што ў бальшыні гарадоў краіны захавалася тэндэнцыя зьніжэньня ўтрыманьня шкодных рэчываў ў паветры. І нават у Менску іх сярэднегадавыя канцэнтрацыі былі ніжэй, чым у буйных гарадах Заходняй Эўропы. За 2007 год было выканана больш за 400 мерапрыемстваў па зьніжэньні адмоўнага ўзьдзеяньня на атмасфэрнае паветра, што дазволіла скараціць выкід шкодных рэчываў на 17,2 тысяч тон. 

Аб'ёмы выкідаў парніковых газаў у параўнаньні з 1990-м годам скараціліся ўтрая. Акрамя таго, за 5 апошніх гадоў выведзена са звароту 123 тоны азонаразбуральных рэчываў. Вось пра такія посьпехі адрапартавала Мінпрыроды.

Беларусь – зона экалягічнага бедства?

Пасьля Чарнобыльскай катастрофы Рэспубліка Беларусь абвешчана зонай экалягічнага бедства. На Беларусь прыйшлося каля 70% радыёактыўных выкідаў. У выніку радыёактыўнае воблака накрыла адну пятую тэрыторыі, на якой пражывала амаль 20% насельніцтва. Толькі адна лічба: у 200 разоў павялічылася колькасьць захворваньняў ракам шчытападобнай залозы сярод дзяцей пасьля Чарнобыльскай катастрофы. Пра гэта паведаміў старшыня ўрадавай нацыянальнай камісіі па радыяцыйнай абароне прафэсар Якаў Кенігсбэрг.

Зараз на забруджаных радыёнуклідамі тэрыторыях пражывае больш за 1,6 мільёна чалавек, зь іх 420 тысяч дзяцей.

Нахімічылі...

Але тое, што Беларусь прызнаная зонай экалягічнага бедства, было абумоўлена ня толькі ўзьдзеяньнем радыяцыі пасьля Чарнобылю, але і выкідамі шкодных рэчываў прамысловымі, сельскагаспадарчымі, камунальнымі прадпрыемствамі, транспартам, а таксама высокай захворваемасьцю і сьмяротнасьцю насельніцтва, нізкай нараджальнасьцю. Некаторыя эколягі нават пачалі лямантаваць пра экалягічны гэнацыд нацыі. 

4,3 мільёны чалавек кантактуюць з высокімі (у 2-3 разы вышэй за ПДК) канцэнтрацыямі такіх надзвычай шкодных для здароўя хімічных рэчываў, як фэнолы, фармальдэгід, вокіслы серы, дыяксіды і цяжкія мэталы. Зьяўляюцца новыя сацыяльна і экалягічна абумоўленыя хваробы цывілізацыі, назіраецца рост хранічных захворваньняў.

Наваполацкія “Нафтан” і “Палімір”, Жлобінскі мэталюргічны камбінат, Сьветлагорскае “Хімвалокно”, Салігорскі “Беларуськалій”, Гарадзенскі “Азот”, Магілёўскае “Хімвалакно”, Менскі радыятарны і маторны заводы, кузьнечны цэх МТЗ – вось некалькі самых брудных вытворчасьцяў краіны.

Старшыня прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук Міхаіл Мясьніковіч прызнаў, што толькі 12% тэхналёгій у краіне адпавядае ўсясьветнаму ўзроўню.

Непрадуманая дзейнасьць чалавека – мэліярацыя, хімізацыя глебы –ператварылі некалі квітнеючую зямлю ў месцы, небясьпечныя для пражываньня людзей. Толькі за гады пасьляваенных пяцігодак, згодна з афіцыйнай статыстыкай, на палеткі было ўнесена больш за 3,5 мільёны тон мінэральных угнаеньняў і каля 300 тысяч тон гербіцыдаў і пэстыцыдаў.

Толькі што пачалося лета, а купацца забаронена ўжо ў дзесятках беларускіх вадаёмаў – рэкі і азёры запаланілі кішэчныя палачкі. Нават наша нацыянальная каштоўнасьць – возера Нарач – заражана лічынкамі гельмінаў водаплаваючых птушак (цэркарыёз, альбо так званы «купальніцкі сверб»).

У Беларусі амаль не засталося куточкаў дзікай прыроды. З кожным годам усё больш рэдкіх і зьнікаючых відаў расьлінаў і жывёлаў заносіцца ў Чырвоную кнігу. Белавескай пушчы не працягнута дзеяньне дыплёму Рады Эўропы.

Часьцяком складваецца ўражаньне, што ў бальшыні беларусаў цалкам адсутнічае заклапочанасць станам экалягічнай сытуацыі. Зьдзіўляе вялікая розніца паміж асабістым разуменьнем наяўнасьці экалягічных праблем і калектыўным неразуменьнем іх актуальнасьці.

Людміла Корсак

[email protected]

 

Видео