BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Чэргі пад польскімі консульствамі

10.06.2008
Чэргі пад польскімі консульствамі
Пад польскімі консульствамі ў Менску, Берасьці й Горадні пасьля пэўнага пэрыяду адноснага спакою, ізноў выстройваюцца доўгія чэргі. Паводле інфармацыі консулаў Яраслава Ксёнжэка ў Берасьці й Адама Бэрнатовіча ў Горадні, а таксама прэс-сакратара польскай амбасады ў Менску Монікі Садкоўскай, агулам штодня польскія консульствы ў Беларусі выдаюць каля 600 візаў. Аднак гэтая "магутнасьць" консульстваў не задавальняе патрэбаў беларусаў.

Пра сытуацыю пад амбасадай РП у Менску расказвае наш карэспандэнт Арцём Багданаў.

А.Багданаў: Чэргі там, проста, варыяцкія - як мінімум 100 чалавек. Людзі пад консульствам сядзяць у машынах, пад парасонамі, каб сонца не паліла. Запісаўшыся ў гэтай чарзе, тры разы на дзень адзначаюцца. Адразу пасьля таго, як увялі шэнгенскія візы каля двух месяцаў не было ніякага ажыятажу. Нават падумалі, што калі так дорага каштуюць візы, значыць іх ніхто ня будзе прасіць. Але ж набліжаецца сэзон адпачынкаў, многія паедуць адпачываць у Польшчу, бізнэсоўцы, камэрсанты - усім патрэбныя візы. І нават калі ўжо хто падаў дакумэнты на візу, то атрымаць яе таксама ня вельмі лёгка. Таму, што даюць яе ў вельмі кароткі час за дзень. Апошнія людзі ў чарзе не атрымліваюць візы, таму што акенца зачыняецца роўна ў 16.15.

Прэс-сакратар польскай амбасады ў Менску Моніка Садкоўска лічыць, што чэргі перад консульствам не зьяўляюцца настолькі доўгімі, каб казаць, што гэта вялікая праблема. Дарэчы, чэргі непасрэдна зьвязаныя з рэальнымі магчымасьцямі працаўнікоў консульстваў, а за гтз. грамадзкія чэргі польскае дыппрадстаўніцтва не бярэ адказнасьці.

М.Садкоўска: Консульства невялікае й немагчыма, каб усе, хто ў дадзены дзень чакае разгляду сваёй візавай анкеты, маглі зьмясьціцца на тэрыторыі консульства. І таму ствараюцца чэргі перад консульствам. Звычайна гэта некалькі дзясяткаў людзей. Працаўнікі консульства не ствараюць ніякіх дадатковых сьпісаў і не маюць нічога супольнага з грамадзкімі чэргамі. Хто хоча падаць візавую анкету, прыходзіць у консульства да акенца першага кантакту, якое працуе ад 9 да 14. Ад 15 выдаем пашпарты зь візамі.

Усе візавыя анкеты, нягледзячы на матыў паездкі за мяжу, разглядаюцца аднолькава - падкрэсьлівае консул у Берасьці Яраслаў Ксёнжэк.

Я. Ксёнжэк: Пасьля ўваходу Польшчы ў зону Шэнген дзейнічаюць аднолькавыя працэдуры й мы мусім іх прытрымлівацца. На жаль, факт далучэньня да Шэнгену быў абвешчаны, але ня ўсе беларусы яго прынялі да ведама. Увесь час зьяўляюцца аргумэнты тыпу: "Я толькі ў Тарэспаль", "Я толькі ў Бяла-Падляску". Ня ўсе разумеюць, што калі мы прапусьцім празь мяжу на Бугу, то чалавек з дрэннымі намерамі можа спрабаваць бяз візы трапіць у Лісабон. Увесь час чуем просьбы, таксама й з польскага боку "каб было як раней". А на нас ускладзеная вялікая адказнасьць за мяжу Эўразьвязу, якая пачынаецца ў Тарэспалі, а цягнецца аж да Лісабону.

Асабліва, што цяпер Польшча плоціць за дэпартацыю грамадзяніна, затрыманага за правапарушэньне на тэрыторыі ЭЗ, калі ён туды прыехаў па візе, выдадзенай у польскай амбасадзе.  Калі аргумэнтам для выдачы візы зьяўляецца запрашэньне з Польшчы, беларус можа чакаць пэўных палёгак, такіх, як разгляд анкеты па-за чаргой ці адмена візавай аплаты. Моніка Садкоўска падкрэсьлівае, што патрабуецца арыгінал запрашэньня.

М.Садкоўска: Ніводная віза ня будзе выдадзеная без арыгіналу запрашэньня. Асоба, якая падае візавую анкету, мусіць мець пры сабе арыгінал запрашэньня. З гэтага правіла няма выключэньняў. Патрэбнае запрашэньне на польскай мове, у выключных сытуацыях могуць быць на ангельскай ці расейскай мове, але ў прынцыпе запрашэньне мусіць быць напісана па-польску.

Польскія консулы ў Беларусі падкрэсьліваюць, што не выдаюцца гэтак званыя "візы за пакупкамі", што дзейнічалі да 2008 году. Гаворыць консул з Горадні Адам Бэрнатовіч.

А.Бэрнатовіч:
Зараз у нашай практыцы не прымаецца матыў паездкі "за пакупкамі". Падпарадкоўваемся візаваму рэжыму. Гэта можа быць наведваньне родных, выезд на працу, турыстычны матыў і тады патрабуем адпаведных дакумэнтаў. Не было такога выпадку, каб якая-небудзь польская гандлёвая фірма зьвярнулася з пасьведчаньнем, што дадзены грамадзянін Беларусі едзе ў Польшчу за пакупкамі.

Калі няма ніякіх няяснасьцяў, на выдачу візы Шэнген у польскім консульстве трэба чакаць 10 рабочых дзён, на выдачу нацыянальнай патрэбныя ў сярэднім 5 дзён. Таму падаваць дакумэнты на візу трэба адпаведна раней, улічыўшы варыянт, што прыдзецца папоўніць дакумэнты, альбо адказаць на дадатковыя пытаньні консула.

Яланта Сьмялоўская

 

Видео