BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Жанна Літвіна пра зварот у МЗС Польшчы: «У дэмакратычных палітыкаў адсутнічае ясная пазіцыя"

14.05.2008
Жанна Літвіна пра зварот у МЗС Польшчы: «У дэмакратычных палітыкаў адсутнічае ясная пазіцыя"

«Самае асноўнае, што павінна сёння фігураваць у патрабаваннях палітыкаў, — гэта раздзяржаўленне, дэманапалізацыя мас-медыя», — так пракаментавала старшыня ГА «БАЖ» Жанна Літвіна факт звароту некалькіх беларускіх палітыкаў да міністра замежных спраў Польшчы. Поўны тэкст ліста з’явіўся сёння на сайце Радыё Рацыя.

На думку спн. Літвіной, адной з асноўных праблем сёння з’яўляецца адсутнасць у палітыкаў яснай пазіцыі ў дачыненні да сродкаў масавай інфармацыі. Па назіраннях старшыні БАЖ, непаслядоўнасць і недальнабачнасць у дачыненнях з прэсай палітыкі праяўлялі напрацягу апошніх 10 гадоў, пакідаючы адным з асноўных патрабаванняў доступ да дзяржаўных СМІ і «забываючыся» на праблемы недзяржаўнай прэсы. 

«У згаданым лісце яскрава прасочваецца імкненне загнаць недзяржаўную прэсу „ў сферу абслугоўвання“ — гэтак жа, як робіць сённяшняя ўлада. Між тым, калі прэса трапляе ў складаную сітуацыю — як пасля ператрусаў у канцы сакавіка, — журналісты застаюцца сам-насам са сваімі праблемамі», — заўважае Жанна Літвіна. 

Старшыня БАЖ лічыць, што вяшчанне дзвюх замежных радыёстанцый у  FM-дыяпазоне не вырашыць праблемы свабоднага абарачэння інфармацыі на тэрыторыі Беларусі: «Я гэтую ідэю чую ўжо напрацягу 10-і гадоў — пра тое, што перадатчыкі павінныя быць устаноўленыя на мяжы з заходнімі краінамі. Але існуюць аб’ектыўныя прычыны, па якіх сігнал не можа распаўсюджвацца і рэтранслявацца на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Таму чакаць, што гэтыя дзве радыёстанцыі вырашаць усе нашыя глыбінныя праблемы, не варта». 

На думку Жанна Літвіной, у грамадстве наспела патрэба шырокай дыскусіі на тэму дачыненняў палітыкаў і журналістаў. «Мы разлічваем на тое, што такая дыскусія распачнецца найбліжэйшым часам», — кажа старшыня БАЖ. 

Першым пра ліст да польскага МЗС паведаміў сайт «Маладога фронту», але у паведамленні цытаваліся толькі асобныя фрагменты тэксту і не было звестак пра падпісантаў звароту. Між тым, як вынікае з поўнага тэксту ліста, што сёння змясціла на сваім сайце Радыё Рацыя, пад зваротам паставілі свае подпісы тры чалавекі: старшыня «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч, намеснік старшыні Партыі БНФ Алесь Міхалевіч і намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Грамада» Ігар Рынкевіч.

У лісце гаварылася пра інфармацыйную ізаляцыю Беларусі, «нулявы» эфект ад працы замежных радыёстанцый, што вяшчаюць на Беларусь, — у прыватнасці, «Еўрарадыё» і «Рацыя», — а таксама крытыкаваўся прафесійны ўзровень супрацоўнікаў некаторых з іх. Аўтары ліста прапаноўвалі стварыць «Назіральны савет для перыядычнага маніторынгу электронных СМІ, што дэкларуюць сваю прыхільнасць да дэмакратыі і правоў чалавека» і наладзіць «сапраўднае FМ-радыёвяшчанне"на тэрыторыю Беларусі. Акрамя таго, „для эфектыўнай працы медыяў“ аўтары ліста «лічаць лагічным, каб пасады асобаў, адказных за эфір…займалі грамадзяне Беларусі, што добра арыентуюцца ў беларускіх справах дый маюць досвед працы на  FМ-станцыях».

 
Прэс-служба ГА "БАЖ"
Видео