BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Польшча не зможа паўплываць на незалежныя электронныя СМІ Беларусі

14.05.2008
Польшча не зможа паўплываць на незалежныя электронныя СМІ Беларусі

Палітыкі, якія папрасілі міністра замежных справаў Польшчы Радаслава Сікорскага паўплываць на працу радыёстанцый, што вяшчаюць з Польшчы, і тэлеканалу «Белсат», звярнуліся не па адрасе, сказаў Еўрарадыё дырэктар дэпартамента па справах Усходняй Еўропы МЗС Польшчы Марыюш Машкевіч.

«Мне здаецца, што гэта не той адрас, таму што міністэрства не кіруе ні радыёстанцыямі, ні тэлебачаннем. Міністр не мае ўплыву на якасць, на перадачы. Яны не разумеюць, што гэта не так працуе ўсё».

Адзін з падпісантаў ліста Ігар Рынкевіч расказаў Еўрарадыё, чые подпісы там стаяць, і патлумачыў, што ліст пісаўся толькі з добрымі намерамі:

Ігар Рынкевіч: «Там увогуле планавалася 5 подпісаў ад самых буйных палітычных структур. Падпісалі таксама Алесь Міхалевіч і Зміцер Дашкевіч. Мы падтрымліваем гэтыя сродкі масавай інфармацыі. Хацелася б, каб узмацняўся ўплыў менавіта на беларускую аўдыторыю, а не толькі, калі казаць пра радыё „Рацыя“, то там больш уплыў ідзе на мясцовых польскіх жыхароў».

Палітыкі таксама прапаноўваюць стварыць назіральны савет для маніторынгу электронных СМІ. «Перыядычна мы даем інтэрв’ю гэтым СМІ, часам ахвяруючы сваімі інтарэсамі і інтарэсамі нашых сем’яў, але на жаль паслухаць ці пабачыць сябе ў эфіры мы не можам», — пішацца ў лісце.

У ім таксама зазначана: «На жаль, „Еўрапейскае радыё для Беларусі“ не мае FM-частотаў. Радыё засталося на ўзроўні інтэрнэт-праекту для студэнтаў-аматараў. Эфект амаль двухгадовай працы „ЕРБ“ нулявы».

Кіраўнік Еўрарадыё Дзмітрый Новікаў аспрэчвае гэтыя словы:

«Еўрапейскае радыё для Беларусі» вяшчае сёння на FM. Рэйтынг ЕРБ сёння самы вялікі сярод усіх замежных радыёстанцыяў, якія вяшчаюць на тэрыторыю Беларусі».

Аднак з іншага боку спадар Новікаў пагаджаецца, што даўно настаў час аб’яднаць намаганні на інфармацыйным полі Беларусі:

Дзмітрый Новікаў: «Еўрапейскае радыё ўжо на працягу двух гадоў звярталася да калегаў, аб тым, каб нашыя лепшыя інфармацыйныя праграмы трох радыёстанцыяў, Еўрарадыё, Рацыі і Палонія, размясціць на адной антэне».

Марыюш Машкевіч таксама гаворыць, што слушныя рэчы ў лісце ёсць, напрыклад, што не да ўсіх даходзіць інфармацыя незалежных электронных СМІ. Аднак вырашаць іх мусіць кіраўніцтва медыяў, а не міністр замежных справаў Польшчы.

У кожным разе, на думку Ігара Рынкевіча, нават калі Польшча нічым канкрэтным не зможа дапамагчы, рэзананс, які выклікаў ліст, пойдзе на карысць перад парламенцкімі выбарамі ў Беларусі:

Ігар Рынкевіч: «Мы напярэдадні парламенцкай кампаніі. І я ведаю, што ўлада рыхтуе жорсткі націск і кантроль інтэрнэт-рэсурсаў. Таму прыцягненне ўвагі да такіх надзвычай важных сродкаў масавай інфармацыі, якіх мы вельмі паважаем, не будзе горш. Гэта будзе толькі на карысць. Канкрэтыка будзе пазней».

Між тым, Зміцер Дашкевіч падзяліўся з Еўрарадыё інфармацыяй, што некаторыя журналісты таксама маюць дачынне да гэтага ліста. А рэзанансам, які ўжо з’явіўся ў інтэрнэце, малады палітык задаволены.

Зміцер Дашкевіч: «Я ведаю некаторых журналістаў з радыё „Рацыя“ і „Еўрапейскага радыё для Беларусі“. І мы вырашылі, што можна было б прадпрыняць такі крок. І ўлічваючы, якая рэакцыя на яго адбылася, я перакананы, што крок зроблены слушны».

Еўрарадыё заклікае да дыскусіі слухачоў. Выказвайце свае меркаванні наконт таго, як зрабіць працу элетронных СМІ ў Беларусі больш эфектыўнай. Вы маеце шанец абмеркаваць гэта з самімі супрацоўнікамі медыяў.

 
Видео