BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Беларускі турызм: ад эка да агра за мяжой і ў межах

09.05.2008
Беларускі турызм: ад эка да агра за мяжой і ў межах

Ужо некалькі гадоў беларускае кіраўніцтва спрабуе прыцягнуць у краіну як мага болей замежных турыстаў. У краіне прынятая Нацыянальная праграма разьвіцьця турызму на 2008—2010 годы. У адпаведнасьці з дакумэнтам, вялікая ўвага будзе надавацца кадравай палітыцы ў турыстычнай галіне, маркетынгу турыстычных паслуг, адкрыцьцю беларускіх прадстаўніцтваў за мяжой. Адным з галоўных пунктаў зьяўляецца разьвіцьцё інфраструктуры турызму ў краіне.

Міністэрства спорту і турызму налічыла 5 мільёнаў замежных турыстаў. Міністэрства статыстыкі – 105 тысяч

Розьніца ў лічбах тлумачыцца проста: м іністэрства спорту і турызму стала называць турыстам кожнага, хто перасёк мяжу. У мінулым годзе міністар спорту і турызму Аляксандар Грыгараў налічыў больш за 5 мільёнаў замежных госьцікаў. Міністэрства статыстыкі і аналізу палічыла па-старому: тых, хто прыехаў з афармленьнем тураў. Атрымалаcя крыху больш за 105 тысяч.

Паводле афіцыйнай інфармацыі Міністэрства статыстыкі і аналізу Рэспублікі Беларусь, краіну ў 2007 годзе наведала 105 тысяч арганізаваных турыстаў з дальняга замежжа – на 18% больш у параўнаньні з 2006 годам.

Замежнікаў вабяць беларускія лясы і пушчы

Больш за ўсё у Беларусь прыяжджала літоўцаў – амаль 10 тысяч чалавек; 7,8 тысяч турыстаў было зь Нямеччыны, 5,3 тысячы – з ЗША, 4,4 тысячы – зь Вялікабрытаніі. Значна павялічылася колькасьць арганізаваных турыстаў з Бэльгіі – 1800 (у 6 разоў), Фінляндыі  – 605 чалавек, Аўстраліі  – 1100, Эстоніі і Ізраілю – па 4300 турыстаў.

Немцы праяжджаюць Беларусь транзытам, едучы ў Расею. Замежнікаў часьцяком вабяць беларускія лясы і пушчы – паляўнічыя зь Нямеччыны, Італіі, Францыі прыяжджаюць па трафэі. Яны купляюць ліцэнзіі на паляваньне на зуброў, дзікоў, аленяў, ласёў, касуль, на птушак. Ёсьць і сапраўдныя экатурысты – яны едуць у Белавескую пушчу, Прыпяцкі нацыянальны парк назіраць за птушкамі і жывёламі.

Расейцы акупавалі беларускія санаторыі

 

З краінаў СНД Беларусь больш за ўсё наведваюць расейцаў – амаль 40 тысяч, прыяжджалі турысты з Украіны і Казахстану. Іх вельмі прывабліваюць беларускія санаторыі і дамы адпачынку. У далёкім замежжы, дый у самой Расеі кошты на лячэньне значна вышэй. Але суадносіны цаны і якасьці ў беларускіх санаторыях цалкам прымальныя. Да прыкладу, пражываньне ў аднамесным нумары “люкс”, чатырохразовае харчаваньне і працэдуры  ў даволі прэстыжным санаторыі “Сосны”, што на Нарачы, абыходзяцца прыкладна 40 даляраў у суткі, у санаторыі “Прыазёрны” – 30 даляраў у суткі.

 

Выкарыстоўваецца 0,05% ўсяго турыстычнага патэнцыялу краіны 

 Уязны турызм у Беларусі разьвіваецца недастаткова актыўна, лічыць намесьнік міністра эканомікі Беларусі Андрэй Тур. Пра гэта ён заявіў на першай спэцыялізаванай канфэрэнцыі "Аграэкатурызм у Рэспубліцы Беларусь - стан і пэрспэктывы разьвіцьця". Асноўнымі прычынамі, якія стрымліваюць разьвіцьцё ўязнога турызму, зьяўляецца слабая разьвітасьць турыстычнай інфраструктуры, нізкая якасьць абслугоўваньня, а таксама пасіўнасьць у папулярызацыі нацыянальнага турыстычнага прадукту на зьнешніх рынках. У грошавым складніку летась прыбытак ад уязнога турызму склаў крыху больш за 40 мільёнаў даляраў (на 15 мільёнаў даляраў больш, чым у 2006 годзе).

  У цэлым турыстычны рэсурс у Беларусі ацэньваецца міжнароднымі экспэртамі ў мільярды даляраў штогод. Аднак сёньня выкарыстоўваецца толькі 0,05 працэнта ўсяго турыстычнага патэнцыялу ў рэспубліцы, лічыць намесьнік міністра эканомікі Андрэй Тур.

 Пакуль доля турызму ў аб'ёме ВУП Беларусі складае толькі 0,1 працэнта. Па імпарту-экспарту турыстычных паслуг захоўваецца адмоўнае сальда.

 Што перашкаджае разьвіцьцю ўязнога турызму? Гэта і дарагія візы, і адсутнасьць якасных гатэляў, якія належаць вядомым міжнародным сеткам, сэрвіс пакуль яшчэ вельмі далёкі ад прынятых у сьвеце стандартаў. За мяжой вельмі мала турапэратараў, якія прапануюць туры ў Беларусь.

Беларускія турысты аблюбавалі Турцыю і Эгіпет

Летась 517 тысяч беларусаў пабывалі за мяжой.  Традыцыйна найбольш папулярнай  з краін СНД застаецца Ўкраіна (66% ад агульнай колькасьці арганізаваных турыстаў, амаль 155 тысяч). У беларусаў яшчэ з савецкіх часоў вельмі папулярным месцам адпачынку застаецца Крым. Расею наведалі 80 тысяч турыстаў.

Самай папулярнай краінай з далёкага замежжа для беларусаў застаецца Турцыя – летам амаль 45 тысяч беларусаў адпачывалі на курортах Міжземнага, Эгейскага мораў. Турцыя вабіць прастатой атрыманьня візы (па прылёце ў аэрапорце ў пашпарт уклейваюць марку, каштуе віза 20 даляраў), дастаткова добрым сэрвісам, цёплым морам, добраўпарадкаванымі пляжамі, сыстэмай “усё ўлучана). Да таго ж, Турцыя па-ранейшаму прывязаная да даляру, таму адпачынак абыходзіцца не нашмат даражэй за Крым ці Сочы. За Турцыяй  ідзе Эгіпет (там летась адпачывала 25 тысяч беларусаў), Літва, Латвія, Грэцыя, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Гішпанія, Чарнагорыя.

Насамрэч колькасьць беларусаў, якія едуць за мяжу на адпачынак, у турыстычныя вандроўкі, значна больш. Многія едуць праз Маскву і Кіеў – пуцёўкі ў Турцыю і Эгіпет там значна таньней (за кошт пералёту, бо на курорты лятаюць вялікія аэробусы). Таму папулярнасьць прапаноў Беларусі ў турыстычным сэктары – гэта стратэгічная задача, дзеля вырашэньня якой прыдзецца вырашыць шэраг праблем.

 

Людміла Корсак

[email protected]

Видео