BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Камісар Эўразьвязу расчараваная крокамі беларускіх уладаў

08.05.2008
 Камісар Эўразьвязу расчараваная крокамі беларускіх уладаў
Пра гэта камісар ў справе зьнешніх сувязяў і палітыкі добрасуседзтва Бэніта Фэрэра Вальднэр напісала ў лісьце Аляксандру Мілінкевічу. Спадарыня Вальднэр выказвае заклапочанасьць працягам палітычна матываваных арыштаў і трывалага перасьледу грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Яна заўважае, што адзначэньне беларусамі ўгодкаў БНР суправаджалася жорсткім падаўленьнем мірных дэманстрантаў і абуральнымі спробамі пагрому незалежных сродкаў масавай інфармацыі з боку ўлады, што атрымала належную ацэнку Эўропы.

“Гэтыя падзеі мяне глыбока расчаравалі, бо апошнім часам, літаральна дагэтуль, мы бачылі пэўныя пазытыўныя сыгналы, зьвязаныя з выхадам на свабоду пяці з шасьці вязьняў прызнаных міжнароднай супольнасьцю палітычнымі, адмовай ад абвінавачваньняў у адрас Беларускага Хэльсінскага камітэту, а таксама цьвёрдым намерам Беларусі запрасіць групу доўгатэрміновых наглядальнікаў ад АБСЭ-БДІПЧ падчас парлямэнцкіх выбараў у верасьні. Гэтыя крокі выклікалі надзею, што кіраўніцтва Беларусі пачало дзейнічаць у станоўчым накірунку”, – піша ў сваім лісьце Бэніта Фэрэра Вальднэр.

Камісар Эўразвяза ў сваім пасланьні нагадвае пра размову з намесьнікам міністра замежных спраў Беларусі Валерыем Варанецкім, якая адбылася 7 сакавіка падчас падпісаньня Пагадненьня аб заснаваньні прадстаўніцтва Эўрапейскай Камісіі ў Мінску. Галоўнай тэмай той размовы была праблема палітычных зьняволеных, у прыватнасьці Аляксандра Казуліна, які мусіць быць безагаворачна вызвалены, калі Беларусь хоча разьвіваць стасункі з Эўрапейскім Саюзам у кірунку іх большай шчыльнасьці.

“Відавочна, што для пачатку паўнавартаснага партнэрства паміж Беларусьсю і Эўразьвязам спатрэбяцца іншыя крокі ў бок дэмакратызацыі, шанаваньня правоў чалавека і вяршэнства закону. З гэтага гледзішча правядзеньне парлямэнцкіх выбараў 2008 году будзе вызначальным. ЭЗ будзе пільна назіраць за разьвіцьцём падзеяў падчас гэтых выбараў”, – падсумоўвае Бэніта Фэрэра Вальднэр.
Видео