BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Экалёгія: агульныя праблемы, агульныя рашэньні

30.04.2008
Экалёгія: агульныя праблемы, агульныя рашэньні

Важны прыярытэт супрацоўніцтва Эўрапейскага Зьвязу і Беларусі – экалёгія, ахова навакольнага асяродзьдзя, таму што бальшыня экалягічных праблем мае транснацыянальны характар. Адзін зь яскравых прыкладаў, - аварыя на нафтаправодзе ў Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобласьці 23 сакавіка 2007 года. На ўчастку нафтаправоду Унеча - Вентспілс расейскай кампаніі "Захад - Транснафтапрадукт" адбылася разгермэтызацыя трубы і каля 100 тон дызэльнага паліва трапіла ў рэчку Ула, у 14 кілямэтрах ад ўпадзеньня яе ў Заходнюю Дзьвіну (Даўгаву на тэрыторыі Латвіі). Некалькі тон нафты трапіла ў Даўгаву. Пацярпелі ад аварыі і Беларусь, і Латвія, і Расея. Расейскі бок павінен быў кампэнсаваць матэрыяльныя страты.

Чыстая вада

На тэрыторыі Беларусі тры зь пяці рачных басэйнаў (Заходняя Дзьвіна, Заходні Буг і Нёман) зьяўляюцца трансгранічнымі з краінамі-сябрамі Эўразьвязу (Літвой, Латвіяй, Польшчай), чыя водная палітыка грунтуецца на Воднай Рамачнай Дырэктыве Эўразьвязу. Беларусь далучылася да Хэльсынскай Канвэнцыі аб ахове і выкарыстаньні трансгранічных вадацёкаў і міжнародных азёраў. Шмат сумесных праектаў зьвязана менавіта з вырашэньнем водных праблем. 

Зараз Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя разам з праграмай добрасуседзтва ТАСІS Эўракамісіі рэалізуе праект «Сетка міжнародных басэйнавых раёнаў усходняй часткі Балтыйскага мора - TRABANT». Яшчэ адзін праект – «Сыстэма інфармацыйнага кіраваньня і інфраструктура для транспамежных басэйнаў рэк Даўгава/Заходняя Дзьвіна і Нёмунас/Неман», донарам якога зьяўляецца Швэдзкая агенцыя па ахове навакольнага асяродзьдзя. Разам з Праграмай разьвіцьця ААН рэалізуюцца праекты «Укараненьне першачарговых мерапрыемстваў Стратэгічнай праграмы дзеяньняў для басэйну Дняпра: зьніжэньне прамысловага хімічнага забруджваньня і стварэньне агульнага інстытуцыйнага мэханізму», “Стварэньне ўмоваў для ўстойлівага функцыяваньня  водна-балотных угодзьдзяў у беларускім Палесьсі”.

Нядаўна пасьпяхова рэалізаваны праект “Кіраваньне басэйнамі трансгранічных рэк – фаза ІІ (рака Сьвіслач), донарам якога была праграма ТАСІS і Эўракамісія. Агульны бюджэт праграмы склаў 1 333 410 эўра (для Беларусі і Ўкраіны). Праграма ТАСІS Эўракамісіі фінансавала і праект “Зьніжэньне сельскагаспадарчага і прамысловага забруджваньня рэк: паляпшэньне якасьці вады ў басэйне ракі Нёман”. Вынікам гэтых праектаў сталі рэкамэндацыі па ўкараненьні менавіта басэйнавага прынцыпу кіраваньня воднымі рэсурсамі ў нашай краіне. На сёньняшні дзень найбольшы прагрэс дасягнуты у Дняпроўскім басэйне: распрацаваная Стратэгічная праграма  і мэханізмы яе рэалізацыі для трох краінаў (Расеі, Украіны, Беларусі), створаныя Міжнародныя камітэты кіраваньня, Міжнародная Дняпроўская Рачная Сетка.

Шкодныя адкіды – над надзейнай аховай

Яшчэ адзін важны кірунак – надзейнае захаваньне шкодных адкідаў. Зь фінансавай дапамогай Ўсясьветнага банку пасьпяхова рэалізаваная праграма “Першачарговыя мерапрыемствы па выкананьні Стакгольмскай канвэнцыі аб трывалых арганічных забруджвальніках у Рэспубліцы Беларусь”. У выніку пры Міністэрстве прыродных рэсурсаў створана Нацыянальная каардынацыйная Рада па выкананьні Стакгольмскай канвэнцыі, праведзена інвэнтарызацыя, створаныя кадастры трывалых арганічных забруджвальнікаў, зроблена ацэнка забруджаных тэрыторыяў, адбор і аналіз глебы, вады і паветра. Непадалёк ад Верхнедзьвінску, у 8 кілямэтрах ад мяжы з Латвіяй, знаходзіцца буйны магільнік небясьпечных пэстыцыдаў (каля 450 тон). У 1998 годзе экспэрты дацкай агенцыі DANCEE ацанілі сытуацыю са сховішчам як крытычную (пэстыцыды могуць трапіць ў грунтовыя воды, а потым у Заходнюю Дзьвіну і Балтыйскае мора). Пакуль б’е трывогу толькі грамадзкасьць. Зараз ідуць пошукі міжнароднага фінансаваньня для тэхнічнага рашэньня праекту “Небясьпечнае абыходжаньне зь непрыдатнымі пэстыцыдамі ў Віцебскай вобласьці”. Праграма ТАСIS Эўразьвязу фінансавала і праект “Тэхнічнае судзеяньне Украіне і Беларусі ў сувязі зь іх абавязацельствамі па пытаньнях прадухіленьня глябальнага зьмяненьня клімату”. Створаны нацыянальны офіс інвэнтарызацыі парніковых газаў, ствараецца нацыянальны рэестар, праведзена дасьледаваньне па магчымасьцях зьніжэньня выкідаў парніковых газаў.

Грамадзкасьць можа ўплываць на прыняцьце рашэньняў

Цікавыя і карысныя праекты ажыцьцяўляюцца эўрапейскімі партнэрамі і донарамі разам з грамадзкімі экалягічнымі арганізацыямі. Амаль два гады доўжыўся праект ТАСІS “Укараненьне досьведу Эўразьвязу па захаваньні заказьнікаў і запаведнікаў” сумесна зь мясцовым насельніцтвам і ўладамі”, які рэалізоўваўся грамадзкім аб’яднаньнем “Ахова птушак Бацькаўшчыны” у партнэрстве з Каралеўскім таварыствам аховы птушак Вялікабрытаніі. Як распавяла каардынатарка праекту Натальля Парэчына, у праекце ўдзельнічала 107 школьных экалягічных клюбаў з 37 раёнаў Беларусі. Праведзены шэраг адукацыйных сэмінараў па мэтодыцы “Дзікі квадрат”. Кожны клюб закладае “дзікія квадраты” 100 на 100 мэтраў у трох розных біятопах, вывучае жывёльны і расьлінны сьвет. Для працы ў праекце ўсе клюбы атрымалі камплект абсталяваньня: вызначальнікі расьлін і птушак, палявыя біноклі, фотаапараты, аўдыёкасэты з запісамі галасоў птушак. Былі арганізаваныя восеньскія назіраньні за птушкамі, зімні ўлік птушак, праведзены Фэстываль птушак, упершыню беларускія дзеці ўдзельнічалі ў міжнароднай кампаніі “Жывая вясна”.

Пры падтрымцы Каралеўскага таварыства аховы птушак і Праграмы разьвіцьця ААН рэалізаваны праект “Кіраваньне ключавымі нізіннымі балотамі Палесься з мэтай захаваньня біялягічнай разнастайнасьці”. У выніку створана структура кіраваньня заказьнікамі “Спораўскі”, “Званец”, “Дзікае”, ажыцьцяўляецца кантроль якасьці вады, пабудаваныя падпорныя збудаваньні на каналах.

Нядаўна грамадзкае аб’яднаньне “Ахова птушак Беларусі” пры падтрымцы кампаніі Амека, праграмы МАТРА, Міністэрства замежных справаў Нідэрляндаў выпусьціла практычны дапаможнік для эколягаў “Удзел і ўплыў грамадзкасьці ў кіраваньні воднымі рэсурсамі на прыкладзе басэйну ракі Заходняя Дзьвіна”. Дапаможнік багата ілюстраваны, вельмі цікавы і зьмястоўны.

Белавеская пушча – пад пільнай увагай Эўропы

Праграма разьвіцьця ААН фінансавала праект “Экалягічна ўстойлівае разьвіцьцё рэгіёну “Белавеская пушча”: сумяшчэньне аховы прыроды і ўстойлівага разьвіцьця” (2004 – 2006 гады). Вынікі гэтага праекту былі надзвычай плённыя: выпрацаваныя рэкамэндацыі па ўдасканаленьні заканадаўства ў галіне агра- і экатурызму; створана практычнае кіраўніцтва для пастаўшчыкоў агратурыстычных паслугаў, створаная база патэнцыйных і існуючых пастаўшчыкоў агратурпаслугаў, народных умельцаў, мясцовых сьвятаў і абрадаў. Створаны этнаграфічныя і экалягічныя экспазыцыі на сядзібах, працуе сайт аб магчымасьцях сельскага адпачынку ў рэгіёне Белавескай пушчы.

Такім чынам, яшчэ адзін прыярытэт у сумесных экалягічных праектах – разьвіцьцё турызму. Многія памежныя раёны знаходзяцца на пэрыфэрыі, дзе ўзровень дзелавой актыўнасьці невысокі. Турызм – адзін са спосабаў ажывіць эканоміку пэрыфэрыйных раёнаў, таму Эўракамісія фінансуе мерапрыемствы ў гэтай сфэры (сумесныя праекты Беларусі і Польшчы па Белавескай пушчы, па рэканструкцыі Аўгустоўскага каналу). Дарэчы, кошт праекту рэканструкцыі Аўгустоўскага каналу - амаль 9 мільярдаў беларускіх рублёў. У часе рэканструкцыі аднавілі разбураныя ў савецкі час тры шлюзы і дзьве плаціны, ўмацавалі рэчышча каналу, падвялі да яго дарогі.

Трансгранічны праект “Пушча бязь межаў” рэалізаваўся па абодва бакі мяжы, фінансавала яго Дацкая агенцыя па ахове навакольнага асяродзьдзя DANCEE. Выканальнікам праекту зь беларускага боку была “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Мэта праекту – ініцыяваньне, падтрымка і ўзмацненьне дзейнасьці грамадзтва, мясцовых арганізацыяў, якія знаходзяцца па абодва бакі мяжы, дзеля ўраўнаважанага разьвіцьця рэгіёну “Белавеская пушча”. 4 асноўныя накірункі праграмы: аб’яднаньне і падтрымка грамадзкіх і мясцовых арганізацыяў; захаваньне прыродна-культурнай спадчыны; прыродазнаўчая адукацыя; разьвіцьцё турызму.

17 сакавіка ў Страсбуры на паседжаньні групы экспэртаў па прысуджэньні дыплёмаў запаведным тэрыторыям разглядалася пытаньне аб падаўжэньні для Белавескай пушчы дыплёма Рады Эўропы. Прадстаўнікі беларускай грамадзкасьці неаднаразова накіроўвалі ў Камітэт Рады Эўропы лісты, дзе заклікалі не працягваць “Дыплём” без пільнай праверкі Белавескай Пушчы на наяўнасьць прыродааховы. Пакуль што Дыплём не працягнуты. Рада Эўропы  па-ранейшаму чакае справаздачы ад кіраўніцтва Пушчы.

Людміла Корсак

[email protected]
Видео