BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Аўтарскі канцэрт Ф. Латэнаса: "Цуд сутворчасьці кампазытара і віртуознага выканаўцы"

28.04.2008
Аўтарскі канцэрт Ф. Латэнаса: "Цуд сутворчасьці кампазытара і віртуознага выканаўцы"

У рамках  міжнароднага  фэстывалю музыкі “Мінская вясна-2008” адбыўся аўтарскі канцэрт літоўскага кампазытара Фаустаса Латэнаса. У Вялікай зале Дзяржфілярмоніі прагучалі камэрныя творы ў выкананьні знаных літоўскіх музыкаў.

Фаустас Латэнас найперш здабыў папулярнасьць як аўтар музыкі да тэатральных пастановак і кінафільмаў. На думку вядоўцы канцэрту, музыказнаўцы Віктораса Герулайтэса, тэатар дае кампазытару значна больш свабоды творчасьці, – дае магчымасьць экспэрымэнтаваць. Пісаць музыку па хадзе дзеяньня: не абавязкова толькі сур’ёзную, але тую, якае кранае гледача і слухача. Яна і сэнтымэнтальная, і банальная, і з гумарам, і саркастычная... “Можа быць, і сёньня нехта будзе шакаваны, раптам пачуўшы танцавальныя рытмы, нечаканыя мэлядычныя павароты. Але ўсё гэта ёсьць сутнасьцю. Нават у вясёлай музыцы, празь сьмех мы пачуем сьлёзы. Ён ажыцьцявіў у сваёй музыцы арыстоцельскую думку аб “эйроніі”, іронію над самім сабой. Латэнас у сваёй музыцы скрозь сябе глядзіць на сусьвет, – і бачыць сусьвет у сабе. Вось чаму гэта музыка, у якой адначасова можна пачуць і гумар, і сьлёзы, і боль”... – рэзюмаваў музыкавед Вікторас Герулайтэс.

Нават у назвах твораў – прыкладам, у “Самбе сьлёз” – гучыць гармонія спалучэньня процілегласьцяў.  На думку знаўцы, музыка Фаустаса Латэнаса стаіць крыху ў баку ад традыцыі літоўскага музычнага мастацтва. А музычныя сродкі, якімі карыстаецца кампазытар, – інструмэнты мінімалізму, якія дазваляюць дасягнуць манумэнтальных мэтаў.

Сярод наведнікаў канцэрту шакаваных “неспадзяванкамі” я не знайшла. Захапленьне эмацыйным сьветам музыкі, – лейтматыў уражаньняў гледачоў.

Студэнтка музычнай кансэрваторыі Алена кажа, што Музычную вясну наведвае абавязкова, бо гэта – частка навучаньня: “памятаеце, у школе была такая завядзёнка – па-за-кляснае чытаньне”? Дык вось і для нас, студэнтаў кансэрваторыі, наведваньне Філярмоніі наагул і Менскай вясны ў прыватнасьці – гэта такое па-закляснае слуханьне. Але не ў “абязалаўку”, а і для душы, і для прыкладу, і для натхненьня. Тым больш, калі на сцэне гэткія віртуозы, як квартэт Чурлёніса.

Калега Алены Ганна дадае, што “вачыма і вушамі музыканта канцэрт успрымаецца крыху інакш, чым проста аматара прыгожага мастацтва: “Мы ж разумеем усё, што робяць музыканты, мы амаль рукамі адчуваем, як складана ім выканаць усё, што задумаў кампазытар. Нягледзячы на вонкавую лёгкасьць. І тое, як час ад часу скрыпач ці альтыст амаль ператвараецца ў балалаечніка – гэта цуд. Цуд сутворчасьці кампазытара і віртуознага выканаўцы”...

Натальля  Кот

[email protected] 

 

Видео