BE RU EN
rss facebook twitter

Лукаш Граеўскі: "Беларусь закручвае гайкі ў заканадаўстве"

08.11.2011
Лукаш Граеўскі: "Беларусь закручвае гайкі ў заканадаўстве"

Беларусь закручвае гайкі ў заканадаўстве

Лукаш Граеўскі

 

Беларускія ўлады з усіх сіл імкнуцца зрабіць працу няўрадавых арганізацый немагчымай. Як? Праз узмацненне жорсткасці прававых норм. Міжнародныя арганізацыі заяўляюць аб сваёй крытыцы дзеянняў урада Беларусі, аднак прынятае заканадаўства здаецца ўжо канчаткова вырашанай справай.

Міжнародная крытыка звязаная са зменай прававых норм, якія рэгулююць працэдуры фінансавання НДА і палітычных партый, а таксама пашыраюць правы і паўнамоцтвы праваахоўных органаў і сілавых структур. Адпаведныя папраўкі былі прынятыя ў кастрычніку абедзвюма палатамі Нацыянальнага сходу: Палатай прадстаўнікоў і Саветам Рэспублікі. Іх цяперашняя ратыфікацыя прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам з'яўляецца простай фармальнасцю. Вось, якім чынам нядаўнія змены ў беларускіх заканадаўчых нормах могуць насамрэч паўплываць на жыццё беларусаў: 

1. Канец існавання незалежных няўрадавых арганізацый. Новыя дапаўненні ў заканадаўстве прадпісваюць як штрафы, так і пазбаўленне волі для тых асоб, якія трымаюць свае грашовыя сродкі на рахунках у замежных банках. Да нядаўняга часу гэты спосаб быў адзіным выйсцем для незалежных няўрадавых арганізацый і фондаў, каб працаваць і заставацца на плаву. Забарона атрымання замежных грантаў фактычна азначае спыненне дзейнасці тых НДА, якія не хочуць гандлю з уладамі.

2. Канец існавання апазіцыйных палітычных партый. Новае заканадаўства таксама аказвае існы ўплыў на функцыянаванне апазіцыйных партый, бо іх гэтаксама тычыцца нядаўняя забарона на атрыманне любой замежнай дапамогі. Партыйныя сходы, дэманстрацыі, мітынгі ці друк любых матэрыялаў цяпер не можа фінансавацца з-за мяжы. Тыя партыі, што ўсё ж атрымлівюць такую фінансавую дапамогу, будуць карацца штрафам, а партыйным функцыянерам пагражае пазбаўленне волі, сама дапамога будзе канфіскавацца, а меркаваны донар будзе дэпартаваны з краіны, калі ён знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі.

3. Канец усім дэманстрацыям. Новыя законы б’юць па свабодзе сходаў. Іх арганізатарам з цяперашняга часу не будзе дазваляцца нават паведамляць аб запланаваным мерапрыемстве без спецыяльнага на гэта ўрадавага дазволу, выкарыстанне інтэрнэт-парталаў ў мэтах прамоцыі недазволеных заканадаўствам дзеянняў таксама забараняецца. Новыя прававыя нормы сталі адказам уладаў на акцыі маўклівага пратэста, якія прайшлі летам, калі грамадзяне з беларускіх гарадоў і пасёлкаў аб’ядноўваліся праз папулярную сацыяльную сетку "Вконтакте" і разам выходзілі пратэставаць. Насамрэч, нават сама інтэрнэт-актыўнасць у цяперашні час выходзіць па-за межы закона.

4. Пашырэнне сферы паўнамоцтваў праваахоўных органаў і сілавых структур. Структура КДБ зараз даволі магутная, яна развіваецца, і ў будучыні стане яшчэ больш моцнай. Яе службоўцам праз нядаўна прынятае заканадаўства цяпер будзе дазволена мець доступ у любую кватэру, рабіць ператрусы і канфіскоўваць маёмасць грамадзян - і ўсё гэта будзе дазволена рабіць КДБ, грунтуючыся толькі па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства.

Найбольш трывожны факт, які вынікае з новых прававых норм, - гэта тое, што паўнамоцтвы беларускіх улад парушаюць усе грамадзянскія свабоды. На працягу многіх гадоў беларускія НДА былі вымушаныя манеўраваць на тонкай мяжы паміж законам і адсутнасцю законных падстаў для іх дзейнасці. Алесь Бяляцкі, які доўгі час пераследаваўся беларускімі ўладамі, у цяперашні час чакае суда па абвінавачванні ва ўтрыманні грашовых сродкаў на рахунках у польскіх і літоўскіх банках. Гэтыя грошы выкарыстоўваліся Алесем Бяляцкім для фінансавання праваабаронцай арганізацыі "Вясна", якую ён узначальваў.

Сённяшні стан палітычных партый не лепшы. Апазіцыйныя лідэры, якія ўдзельнічалі ў прэзідэнцкіх выбарах у 2010 годзе, таксама часткова атрымлівалі фінансавыя сродкі з-за мяжы; і зараз многія з іх сядзяць за кратамі, а члены іх працоўных каманд былі вымушаныя пакінуць краіну.

Такім чынам, узмацненне жорсткасці законаў, які рэгулююць дзейнасць дэманстрацый і не толькі, на самай справе, толькі легалізуе статус-кво ў Беларусі: насамрэч, АМАП не меў раней і не мае патрэбу цяпер у новых папраўках у заканадаўства, каб збіваць і арыштоўваць удзельнікаў пратэстаў.

З’яўляецца меркаванне, што гэтыя прававыя нормы былі ўведзеныя ў якасці папярэджання. Беларуская ўлада хоча паказаць, што група людзей, якія кіруюць краінай, не дае згоду на пачатак лібералізацыі і не хоча дыялогу з пратэстнай часткай грамадства. Праз закручванне гаек, урад пасылае выразны сігнал міжнародным арганізацыям, якія патрабуюць дэмакратычных рэформ у Беларусі. Здаецца, што галоўным мэсаджам ураду, якія ён пасылае грамадству, з’яўляюцца словы: "Мы хочам, каб Беларусь жыла вось так".

Мала таго, што новыя правілы па руках і нагах звязваюць незалежных актывістаў і палітыкаў, але яны таксама павінныя стаць інструментам палітычнага ціску ў ходзе перамоў Беларусі з Еўрапейскім Саюзам. Гэтыя законы могуць быць перагледжаныя беларускім урадам у бок лібералізацыі толькі ў абмен на еўрапейскія крэдыты. А тады - стаць яшчэ больш жорсткімі. І зноў памякчэць, а пасля зноў узмацніцца. І так - бясконца.

 

Служба інфармацыі "ЕўраБеларусі" - паводле EastBook.eu

Видео