BE RU EN
rss facebook twitter

Гандаль жанчынамі не мае межаў

23.04.2008
Гандаль жанчынамі не мае межаў

Такая зьява, як гандаль жанчынамі ў мэтах сэксуальнай эксплюатацыі, упершыню ўзьнікла падчас перабудовы, калі прасьцей стала выехаць за мяжу. А пасьля распаду Савецкага Саюзу злачынныя арганізацыі з новых незалежных дзяржаваў сталі асноўнымі пасярэднікамі паміж жывым таварам і заходняй сэкс-індустрыяй. Такі бізнэс заўсёды быў вельмі прыбытковым.

Аб'ём ўсясьветнага гандлю жанчынамі складае ад сямі да дванаццаці мільярдаў даляраў у год. Гандаль людзьмі для сэксуальнай эксплюатацыі выклікае заклапочанасьць усёй усясьветнай супольнасьці, у тым ліку і Беларусі. А Беларусь знаходзіцца на скрыжаваньні паміж Усходам і Захадам. Такое геаграфічнае становішча і эканамічная сытуацыя ў краіне спрыяюць вывазу дзяўчат і жанчын у краіны з больш высокім узроўнем жыцьця. З мэтай перадухіленьня гандлю людзьмі і комплекснага вырашэньня праблем у Рэспубліцы Беларусь з сакавіка 2003 года па сьнежань 2005 года ажыцьцяўляўся сумесны праект Эўрапейскага Зьвязу і Праграмы разьвіцьця ААН "Барацьба з гандлем жанчынамі ў Рэспубліцы Беларусь". Фінансаваўся праект Эўрапейскай камісіяй. Агульны бюджэт праекту -- 885 687даляраў.

 "Жывы тавар, у адрозьненьне ад зброі і наркотыкаў, можна прадаць шмат разоў"

Кіраўнік праекту Юрый Фёдараў заўважыў: "Злачыннасьць ў гэтай галіне падобная на гідру: як толькі адсячэш адну галаву, вырастае другая. Злачынцаў вабіць спакуса атрымаць велізарны прыбытак пры мінімальных затратах (жывы тавар, у адрозьненьне ад зброі і наркотыкаў, можна прадаць шмат разоў). Таму вельмі важна супрацоўнічаць з рознымі краінамі, – паасобку перамагчы гэтае зло немагчыма".  Праект пасьпяхова рэалізаваны. У чым гэта выяўляецца практычна?

Dura lex, sed lex

Праведзены комплексны аналіз заканадаўчых актаў і дадзены канкрэтныя рэкамэндацыі па ўнясеньні зьменаў у беларускае заканадаўства ў галіне процідзеяньня гандлю людзьмі. Беларусь падпісала дзевяць Міжнародных канвэнцый. Заключаны міжурадавыя пагадненьні з Велікабрытаніяй, Турцыяй, Ізраілем, іншымі краінамі.

Створана ўнікальная электронная база дадзеных эўрапейскіх і беларускіх арганізацыяў, якія аказваюць дапамогу ахвярам гандлю людзьмі ("Беларусь супраць трафіку"). Інфармацыйна-пошукавая сыстэма ўключае тры модулі: "Арганізацыі Эўропы і СНД" -- інфармацыя пра 400 арганізацыяў з 50 краінаў; "Беларускія праекты"; "Тэзысы па заканадаўству".

Рэкляма пільнасьці і бясьпекі

Сацыяльная рэклямная кампанія папулярызавала крыніцы інфармацыі, дзе можна спраўдзіць, ці бясьпечныя пляны працы за мяжой. Запрацавала "гарачая лінія" па прадстаўленьні бясплатнай інфармацыі асобам, што выяжджаюць за мяжу з мэтай знайсьці працу, атрымаць адукацыю альбо выйсьці замуж. Працуе бясплатны "зялёны нумар" 8-801-100-8-801, што дазволіла зьняць тэрытарыяльныя бар'еры і зрабіла "гарачую лінію" даступнай у любым рэгіёне Беларусі. База дадзеных штомесяц абнаўляецца і даступная на сайце http://www.basw-ngo-by.net

На базе Менскага гарадзкога цэнтру сацыяльнай дапамогі сям'і і дзецям адкрыўся рэабілітацыйны прытулак для ахвяраў гандлю людзьмі. Тут пацярпелыя атрымліваюць мэдычную, псыхалягічную, юрыдычную дапамогу. Індывідуальныя праграмы рэабілітацыі дапамагаюць ахвярам гандлю людзьмі знайсьці прымальныя спосабы рашэньня праблем. Працуюць у цэнтры прафэсыяналы ў псыхалёгіі, сацыялёгіі, юрыспрудэнцыі адмыслоўцы.

Абмен інфармацыяй – абмен досьведам

Для стварэньня кампутарнай сеткі абмену інфармацыяй па тэме праекту былі закупленыя тэхнічныя сродкі (кампутары, факсы, сканэры, ксэраксы, ноўтбукі, фотаапараты, відэакамэры, а таксама спэцыяльнае абсталяваньне) для Міністэрства ўнутраных спраў, Дзяржаўнага памежнага камітэту, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, няўрадавых арганізацыяў).

У лістападзе 2003 года ў Менску была праведзена Міжнародная канфэрэнцыя "Заканадаўства Рэспублікі Беларусь і краінаў Эўрапейскага Зьвязу ў галіне супрацьдзеяньня гандлю людзьмі". Удзельнічалі прадстаўнікі Беларусі, Бэльгіі, Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Малдовы, Швэйцарыі, Швэцыі. У лютым 2004 года беларусы ўдзельнічалі ў сэмінары "Шляхі супрацы дзяржаўных і няўрадавых арганізацыяў у галіне процідзеяньня гандлю людзьмі. Рэінтэграцыя і рэабілітацыя пацярпелых" у Кішынэве (Малдова). У гарадах Беларусі таксама праводзіліся сэмінары (у Віцебску, Гомелі, Менску, Раўбічах).

Прадстаўнікі дзяржаўных і няўрадавых арганізацыяў вывучалі досьвед Нідэрляндаў ў сфэры рэінтэграцыі і рэабілітацыі ахвяраў гандлю людзьмі (лістапад 2004 года, Амстэрдам), Нямеччыны (красавік 2005 года, Бэрлін).  Праведзены міжнародны "круглы стол" "Эўропа: агульныя высілкі па барацьбе з гандлем людзьмі". Дакумэнтальны фільм "Элькіна мара" - гэта сапраўдная гісторыя 11-гадовай беларускай дзяўчынкі, якая стала ахвярай гандлю людзьмі. Стужка дэманстравалася ў 30 краінах сьвету, мела розгалас і папулярнасьць гледачоў.

Быць папярэджаным – быць падрыхтаваным 

Але, магчыма, галоўным дасягненьнем праекту стала тое, што і ўрад, і простыя грамадзяне атрымалі ўсебаковую інфармацыю аб праблеме гандлю людзьмі. Гэты праект ажыцьцяўляўся сумеснымі высілкамі дзяржаўнага і недзяржаўнага сэктараў. З боку дзяржавы гэта МУС, Дзяржаўны памежны камітэт, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. З боку трэцяга сэктару, - гэта Беларуская асацыяцыя маладых хрысьціянскіх жанчынаў, Праграма "Ля Страда: прадухіленьне гандлю людзьмі ў краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы" (у якую уваходзяць 9 краінаў: Нідэрлянды, Польшча, Чэхія, Балгарыя, Беларусь, Украіна, Малдова, Македонія, Босьнія, Герцэгавіна).

"Ля Страда" працуе ў трох асноўных накірунках: лябіраваньне ў СМІ, прэвэнтыўная і адукацыйная дзейнасьць, канкрэтная сацыяльная падтрымка пацярпелых. На "гарачую лінію" "Ля Страды" з 2002 года паступіла каля 15 тысяч тэлефанаваньняў пацярпелых, іх родных і блізкіх.

Праблемы застаюцца

Да 2007 году ў справаздачы Дзярждэпартамэнту ЗША пра гандаль людзьмі Беларусь была ў групе краінаў, дзе сытуацыя пад жорсткім кантролем. Летась жа краіна трапіла ў так званы “watch list”, — Дзярждэпартамэнт прызнаў, што сытуацыя з гандлем людзьмі ў краіне пагоршылася. Каардынатар праграмы "Ля Страда" па Беларусі па Беларусі Ірына Альхоўка асаблівых пераменаў не знаходзіць: “Я б не сказала, што нешта карэнным чынам зьмянілася. Прынялі новую "Дзяржаўную праграму па барацьбе з гандлем людзьмі на 2008—2010 гады". Праўда, працэс распрацоўкі гэтага дакумэнту ня быў празрыстым ні для грамадзкасьці, ні для міжнародных арганізацыяў, што таксама выклікае калі ня боязь, то насьцярожанасьць”.

Канфіскат – на дапамогу ахвярам

Мяркуецца, што ў Беларусі будзе створаны адмысловы Фонд дапамогі ахвярам гандлю людзьмі. Гэты фонд будзе складацца з канфіскаваных грошай, сродкаў, маёмасьці, якія потым будуць ісьці на рэабілітацыйную дапамогу ахвярам. Штогод у Беларусі заводзяцца некалькі соцень крымінальных справаў, зьвязаных з гандлем людзьмі. Ня ўсе яны даходзяць да суду. Пэрыядычна ў друку з’яўляецца інфармацыя, што вінаватых пакаралі. Але поўнай статыстыкі няма, кажа Ірына Альхоўка: “ня маем статыстыкі, колькі чалавек пакарана дакладна. Але часам атрымліваем лісты ад пакараных альбо ад іх родных, – з просьбай разабрацца. Шмат хто зь іх незгодны з выракам суда. Але гэта ў нашу кампэтэнцыю не ўваходзіць. Максымум, што мы можам зрабіць, – накіраваць адпаведны запыт ў кампэтэнтныя органы”.

Людміла Корсак

[email protected]

Видео