BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Сумесныя праекты: Эўразьвяз - Дзяржаўны памежны камітэт

16.04.2008
Сумесныя праекты: Эўразьвяз - Дзяржаўны памежны камітэт

Працягласьць дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь  -- 3600 кілямэтраў, зь якіх больш за 1200 км -- зь дзяржавамі Эўразьвязу. Уладкоўваючы мяжу, памежнае ведамства Рэспублікі Беларусь актыўна супрацоўнічае з памежнымі ведамствамі замежных краінаў і міжнароднымі арганізацыямі. Пачынаючы з 1997 года ў супрацы з Эўракамісіяй на межах Беларусі рэалізаваны шэраг сумесных праектаў. Іх выканаўцы - Упраўленьне Вярхоўнага Камісара ААН па справах уцекачоў, ПРААН, МАГАТЭ, Міжнародная арганізацыяй міграцыі.

У моцнай мяжы зацікаўлены ўсе

. Афіцэр Дзяржаўнага памежнага камітэту Аляксандар Цішчанка называе ўзмацненьне памежжа аб’ектам двухбаковага інтарэсу. “Натуральна, і нам, і нашым суседзям выгодна мець ахаваныя межы, абсталяваныя дасканалай тэхнікай, якая дапамагае зрабіць перасячэньне мяжы больш простай для грамадзянаў, але і досыць празрыстай для правяраючых органаў. Улічваючы геапалітычныя адметнасьці нашае краіны, нашы сумесныя высілкі ськіраваныя на перасьцярогу ад шматлікіх злачынстваў. Дапамогу Эўразьвязу – і фінансавую, і тэхнічную, і адукацыйную – цяжка пераацаніць”. У гэтым кірунку найбольш плённым і красамоўным у выніках выглядае супрацоўніцтва Дзяржаўнага Камітэту памежных войскаў з Эўракамісіяй.

У рамках праекту "Памежныя  пераходы" ў 2002 годзе завершана будаўніцтва сучаснага адміністрацыйнага будынку ў пункце пропуску “Каменны Лог" – Медзінінкай, што на мяжы зь Літвой. Пастаўлена абсталяваньне ў пункты пропуску “Каменны Лог”, "Брэст («Варшаўскі мост»),  Казловічы (на мяжы з Польшчай). Бюджэт праекту «Памежныя пераходы» склаў 3,29 мільёнаў эўра. Памежная жандармэрыя Аўстрыі правяла 6 сэмінараў для беларускіх памежнікаў.

Праект праграмы ЭЗ ТАСІС па дэмаркацыі межаў на беларуска-літоўскім і беларуска-латвійскім участках фактычна завяршыў фізычнае абазначэньне мяжы на Прыбалтыйскім кірунку (з 2003 па 2006 гады). Гэта дазволіла пачаць працу па падпісаньні міждзяржаўных дамоваў аб рэжыме мяжы, узаемадапамозе і супрацоўніцтве зь Літвой і Латвіяй (бюджэт гэтага праекту склаў 3,291 эўра).

Сумесныя высілкі – плённая праца

Шэраг праектаў Эўракамісія ажыцьцяўляла сумесна з ПРААН. У 2002 годзе дзякуючы праекту «Узмацненьне памежнага кантролю на беларуска-украінскай мяжы» беларускім памежнікам было пастаўлена абсталяваньне на суму 445 тысяч эўра. У 2003 – 2005 гадах, у межах двух праектаў «Барацьба з гандлем жанчынамі ў Рэспубліцы Беларусь» і праграмы БУМАД па барацьбе з наркотыкамі (Беларуска-украінска-малдаўская праграма па барацьбе з незаконным зваротам і гандлем наркатычнымі сродкамі) Дзяржаўны памежны камітэт Рэспублікі Беларусь атрымаў абсталяваньне на суму 255 тысяч эўра. На гэтыя сродкі створана інфармацыйная сетка па наркотыкам і гандлю людзьмі, а таксама палепшаныя тэхнічныя магчымасьці для пошуку і затрыманьню наркатычных сродкаў на аўтадарожных пунктах пропуску. Зараз рэалізуецца трэці этап праекту «БУМАД» -- Памежны камітэт сумесна зь Міністэрствам унутраных справаў працягвае навучаньне пэрсаналу.

У 2005 – 2006 гадах рэалізаваны праект «Узмацненьне кіраваньня мяжой у Рэспубліцы Беларусь» (БОМБЕЛ-1) з агульным бюджэтам 4,7 мільёны эўра. Гэты праект дазволіў:

 - правесьці комплекснае навучаньне беларускіх памежнікаў па розных накірунках удасканаленьня аховы мяжы ў адпаведнасьці са стандартамі Эўразьвязу;

 - удасканаліць аўтаматызаваную сыстэму пашпартнага кантролю і інтэграваную сыстэму сувязі памежнага ведамства (сучаснае абсталяваньне пастаўлена ў авіяцыйныя пункты пропуску); 

 - рэканструяваць і давесьці кіналягічны цэнтар памежнага ведамства ў Смаргоні да эўрапейскіх стандартаў;

 - правесьці міжнародную канфэрэнцыю па транспамежнаму супрацоўніцтву з удзелам краінаў, якія вызначаюць памежную бясьпеку ў Эўропе;

 - стварыць на на беларуска-польскім накірунку, у Берасьці, сучасны цэнтар разьмяшчэньня нелегальных мігрантаў у адпаведнасьці са стандартамі Эўразьвязу;

 - закупіць абсталяваньне для выяўленьня радыёактыўных матэрыялаў і правесьці сэмінары для памежнікаў.

Зь верасьня 2006 года распачалася рэалізацыя праекта ЭЗ/ПРААН «Узмацненьне кіраваньня міграцыйнымі плынямі на дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь (БОМБЕЛ-2) з агульным бюджэтам  9,066 млн. эўра.

У межах гэтага праекту на сёньняшні дзень:

 - разгорнута 7 мабільных памежных заставаў;

 - пастаўлена новае абсталяваньне на 3 дзейныя на ўкраінскім кірунку мабільныя памежныя заставы;

 - закуплена новая аўтамабільная тэхніка для падразьдзяленьняў;

 - створана сыстэма ўліку і пошуку парушальнікаў мяжы;

 - завершана стварэньне ва ўсіх пунктах пропуску на дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь аўтаматызаванай сыстэмы памежнага кантролю, што дазволіла скасаваць для беларускіх грамадзянаў дазвольны штамп аб выезьдзе ва ўсе краіны сьвету.

Дзяржаўны й недзяржаўны сэктары ў супрацы

Сёлета ўпершыню Дзяржаўны памежны камітэт выступіў у якасьці нацыянальнага выканальнага агенцтва. Разам з Упраўленьнем Вярхоўнага Камісара ААН па справах уцекачоў трэці месяц рэалізуецца праект “Павышэньне эфэктыўнасьці разьдзяленьня і працы зь міграцыйнымі плынямі на дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь”. Паводле праграмы Эўразьвязу “ЭНЭЙ”, агульны бюджэт – 723 тысяч эўра. Калегамі па праекту выступаюць Міністэрства ўнутраных справаў, грамадзкае аб’яднаньне па прадухіленьні гандлю жанчынамі “Ля Страда”, беларускае аддзяленьне Міжнароднай арганізацыі міграцыі.  Акрамя сродкаў на дэпартацыю незаконных мігрантаў, інтэграцыю ўцекачоў у грамадзтва для памежнага ведамства Беларусі будзе закуплена 8 мікрааўтобусаў для перавозкі мігрантаў, будуць створаны Інтэрнэт-цэнтры на двух памежных факультэтах навуковых установаў, а таксама заплянаваныя курсы і сэмінары для памежнікаў.

Пэрспэктывы – ёсьць. Мы іх бачым

 У 2008 годзе мае распачацца яшчэ адзін праект, які будзе працягам папярэдняга з Упраўленьнем Вярхоўнага Камісара па справах уцекачоў (бюджэт – 635 тысячы эўра). Плянуецца пастаўка ў памежныя атрады 6 мікрааўтобусаў, стварэньне кампутарных і лінгвістычных клясаў, стварэньне Інтэрнэт-цэнтру ў Цэнтры памежных дасьледаваньняў. Гэты праект ужо ўхвалены Эўрапейскай камісіяй. 

 Па словах афіцэра Аляксандра Цішчанкі, у бліжэйшай пэрспэктыве – “сумесны з ЭЗ праект «Узмацненьне памежнага і мытнага кантролю ў Беларусі, Украіне, Малдове (БОМБЕЛ-3) з агульным бюджэтам 30 млн. эўра, зь якіх 14 млн. э выдаткоўваецца для Беларусі. На гэтыя сродкі мяркуецца пракласьці валаконна-аптычныя лініі сувязі на межах з Эўразьвязам, закупіць тэхніку для ўкараненьня сыстэмы біямэтрычнага кантролю, мабільную рэнтгенаўскую ўстаноўку. Будуць зладжаныя сэмінары і трэнінгі для памежнікаў і мытнікаў. Зараз ідуць пошукі мэханізму разьвіцьця супрацоўніцтва ў межах Эўрапейскага інструмэнта дабрасуседзтва і партнэрства (ЭІДП). 

Прадстаўнікі Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі ўдзельнічалі ў паседжаньнях рабочых груп па распрацоўцы Праграм транспамежнага супрацоўніцтва «Беларусь –Літва-Латвія» (28 лютага ў Вільні) і «Беларусь-Польшча-Украіна» (6 сакавіка ў Варшаве). У траўні ў Менску плянуецца сустрэча з Памежнай стражай Рэспублікі Польшча.

Людміла Корсак 

[email protected]  

Видео