BE RU EN
rss facebook twitter

БУМАД-3: Эўразьвяз дапамагае змагацца з наркотыкамі

16.04.2008
БУМАД-3: Эўразьвяз дапамагае змагацца з наркотыкамі

Адзін з найбольш пасьпяховых памежных праектаў Беларусі і Эўразьвязу – БУМАД, які фінансуецца Эўракамісіяй з 2003 году і рэалізуецца ў межах ПРААН у Беларусі, Украіне і Малдове.

Гэты буйны праект накіраваны на барацьбу са злачыннасьцю ў сфэры абароту наркотыкаў. Ён -- адзіны зь некалькіх праектаў Эўропы, у якім шчыра зацікаўлены афіцыйны беларускі бок. Бо наркатрафік і наркаманія – праблема па-за межамі палітыкі, і праблема актуальная. Актуаліі гэтыя можна адсачыць у лічбах: штогод каля 3,5 тысяч беларусаў трапляюць у турму за злачынствы, зьвязаныя з наркотыкамі. Па неафіцыйных падліках Міністэрства аховы здароўя у краіне цяпер - да 55 тысяч нарказалежных. І дапамога Эўропы ў барацьбе з наркотыкамі – вельмі дарэчы.

Зацікаўлены і эўрапэйскі бок: гераін і “трава” трапляюць у Эўропу з Азіі і Афганістана праз Беларусь, Украіну і Малдову. Адваротным кірункам цякуць у Расею сынтэтычныя наркотыкі з Захаду, што таксама не спрыяе спакою эўрапэйцаў. 

Што зроблена

Пяць гадоў працы БУМАД шмат далі нашай краіне, каб яна навучылася змагацца з наркатрафікам. Беларусам дапамаглі абсталяваньнем для праваахоўнікаў, мытнікаў і памежнікаў, адукацыйнымі тэхналёгіямі, трэнінгамі й сэмінарамі, дапамаглі стварыць Беларускі цэнтр маніторынгу за наркотыкамі і наркаспажываньнем, інфармацыйную сетку па наркотыках. Пералічваць, што ўжо зроблена ў межах праектаў БУМАД-1, БУМАД-2 і БУМАД-3, можна было б на дзесятках старонак. На тры праекты агулам Эўразьвяз выдаткаваў больш за 2 мільёны 130 тысяч эўра.  

Апошнія месяцы БУМАД-3

Трэці праект скончыцца разам з бягучым годам. Засталося няшмат часу, і плянаў на іх нямала, дзеліцца кіраўнік праекту БУМАД-3 Ірына Жыгалка: 

- Толькі пералічу некаторыя мерапрыемствы. З прафіляктычных: сэмінары для сацыяльных педагогаў ўсіх абласцей Беларусі па інтэрактыўных мэтодыках і элемэнтам тэатру ў прафіляктыцы наркаманіі ў школе. 26 чэрвеня ў Мінску, Гомелі, Магілёве, Жлобіне, Рэчыцы, Лідзе, Светлагорску, Салігорску, Пінску адбудзецца нацыянальная кінаакцыя, прысьвечаная Міжнароднаму дню барацьбы з наркатрафікам і наркаманіяй.

Пры падтрымцы БУМАД у кастрычніку адмыслоўцы экспэртна-крыміналістычнага цэнтру возьмуць удзел у практычных занятках па прафіляванні амфэтамінаў на базе крыміналістычнай лябараторыі шведзкай Крымінальнай паліцыі.  Увосені праваахоўнікі возьмуць удзел у рэгіянальным сэмінары па раскрыцьці падпольных лябараторыяў, які пройдзе ў Малдове.  

Плянуецца яшчэ дакупіць службовых сабакаў, спэцаўтамабілі для вывазу сабакаў да месца злачынства, а таксама правесьці ў Нямеччыне трэнінгі для беларускіх кінолягаў па мэтодыках падрыхтоўкі сабак да вышуку наркотыкаў.  

І што надзвыйчай важна: бліжэйшымі днямі Беларускі цэнтар маніторынгу пачне нацыянальнае сацыялагічнае дасьледваньне спажываньня псыхаактыўных рэчываў (алькаголю і наркотыкаў) па эўрапэйскай мэтадалёгіі ESPAD сярод 16-гадовых школьнікаў. Такое апытаньне адбывааецца раз на 4 гады ў большасьці краінаў Эўропы. Яго вынікі дазваляюць зразумець, чаму моладзь спажывае псыхаактыўныя рэчывы, вызначыць найбольш “папулярныя” зь іх, крыніцы набытку, а таксама вызначыць групы рызыкі і тэндэнцыі наркаспажываньня. Гэта першае даследваньне такога маштабу. Яно  дасьць ня толькі разуменьне, што менавіта адбываецца ў моладзевым асяродку, але і будзе падмуркам для распрацоўкі рэкамэндацый па прафілактыцы распаўсюджваньня наркаманіі.

Мы выглядаем лепей за Украіну

Ці можна казаць, што БУМАд стаў сапраўды стрымліваючым фактарам экспансіі наркотыкаў на Беларусь? Мабыць, гэта так, бо стабільнасьць сытуацыі дазваляе  праваахоўнікам кантраляваць яе.

З гэтым згодна і Ірына Жыгалка:

-- Так, становішча з наркотыкамі ў Беларусі выглядае больш спакойным, чым ва Украіне і Малдове. Гэтаму спрыяе шэраг эканамічных і палітычных фактараў і, безумоўна, наш праект. Але вызначаць дынаміку будзе лягчэй, калі Беларускі цэнтар маніторынгу пачне ў поўную моц працаваць над дасьледваньнямі– тады мы пабачым рэальны графік зьменаў.   

Праект скончыцца. Што далей?

Беларускія праваахоўнікі, улады і людзі, якія каардынавалі праект з боку Эўразьвязу спадзяюцца, што будзе і БУМАД-4.  

-- Наш праект– адзіны, што ставіцца да праблемы комплексна. Ён мабілізуе і аказвае падтрымку розным прадстаўнікам нашага грамадзтва: і ў дзяржаўным, і ў недзяржаўным сэктары. На жаль, зараз няма дадзеных, што Эўракамісія плянуе фінансаваць БУМАД-4, -- распавядае кіраўнік праекту - Аднак мы спадзяемся на працяг і робім усё магчымае, каб атрымаць падтрымку Эўрапэйскага Зьвязу. Нацыянальнае выканаўчае агенцтва (МУС)  ініцыявала ліст да Камісара Эўразьвязу Б. Ферэры-Вальднэр з просьбай разгледзець магчымасьць і далей фінансаваць БУМАД.  Такі самы ліст накіравала і ўкраінскі прэмьер-міністар Ю. Цімашэнка. 

Праграма ПРААН таксама вядзе працу па мабілізацыі рэсурсаў для праекту.  

еurobelarus.info: - Калі фінансаваньне БУМАД-4 вырашаць станоўча, якім будзе праект?

-- На працягу першых трох этапаў БУМАД рабіў акцэнт на ўмацаванні праваахоўных структур. БУМАД-4 больш увагі надасьць прафіляктыцы наркаманіі і падтрымцы недзяржаўных арганізацыяў, якія займаюцца рэабілітацыяй нарказалежных.  Бо калі няма патрэбы, няма і прапановы. У праграме-мінімум будзе працяг тэхнічнай дапамогі  і адукацыі супрацоўнікаў Дзяржаўнага экспертна-крыміналістычнага цэнтру МУС і рэгіянальных лябараторыяў. Вымагае падтрымкі і кіналягічная служба, і Беларускі цэнтар маніторынгу. 

Натальля Шарай

[email protected]

 

Видео