BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

У Страсбуры чакаюць чарговы даклад Пургурыдэса

14.04.2008
У Страсбуры чакаюць чарговы даклад Пургурыдэса

ТЭМА ДНЯ. У Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы заўтра прадставяць даклад аб злоўжываннях у сістэме крымінальнага правасуддзя Беларусі.

Дакумэнт падрыхтаваны дакладчыкам камітэта ПАРЭ па юрыдычных пытаньнях і правах чалавека Хрыстасам Пургурыдэсам. Ён будзе агучаны 15 красавіка. Па выніках абмеркаваньня даклада ПАРЭ мае ўхваліць рэзалюцыю і рэкамэндацыю.

У праекце рэзалюцыі, у прыватнасьці, выказваецца "глыбокае шкадаваньне ў сувязі з палітычна матываванымі злоўжываньнямі ў сыстэме правасудзьдзя, якія ўсё яшчэ маюць месца ў Беларусі", а таксама ўтрымліваецца заклік скасаваць артыкул 193-1 Крымінальнага кодэксу (дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі).

"Асамблея ўпэўнена, што Рэспубліка Беларусь з часам далучыцца да эўрапейскай сям`і нацыяў, якая выконвае правы чалавека і нормы закона, у тым ліку гарантаваўшы кампэнсацыю ахвярам і пакараўшы вінаватых ва злоўжываньнях пры ажыцьцяўленьні правасудзьдзя, апісаных ў дакладзе", — гаворыцца ў праекце рэзалюцыі.

В.Стэфановіч: “Артыкул 193-прым не сумяшчальны з судовай практыкай Эўропы”

Мы зьвярнуліся да некаторых беларускіх юрыстаў і праваабаронцаў з пытаньнем: “Калі б заўтра не Пургурыдэс, а вы выйшлі на трыбуну, пра што б вы расказалі эўрапейскім парлямэнтарам?”




Валянцін Стэфановіч — праваабаронца:

“Натуральна, што як праваабаронца я найперш казаў бы пра палітычна матываваны перасьлед апанэнтаў улады. Гэта зьява, якая ў Беларусі існуе і якая сьведчыць пра тое, што краіна наша далёка-далёка не дэмакратычная. Улада дазваляе сабе перасьледаваць грамадзянаў менавіта за іх палітычныя погляды.

Я згадаў бы пра наяўнасьць палітычных вязьняў у Беларусі. Найперш пра Аляксандра Казуліна, які да сёньняшняга дня знаходзіцца ў месцах пазбаўленьня волі.

І, натуральна, я б казаў, што ў беларускім заканадаўстве ёсьць артыкул 193-прым, які супярэчыць і Канстытуцыі Беларусі, і міжнароднаму Пакту аб палітычных і грамадзянскіх правах. Ён проста не сумяшчальны з судовай практыкай сёньняшняй Эўропы.

Гэты артыкул парушае права на свабоду асацыяцыяў — людзей перасьледуюць толькі за тое, што яны належаць да арганізацыяў. Апошні раз гэты артыкул выкарысталі на судзе над Кацярынай Салаўёвай. І хаця прысуд ёй быў даволі мяккі, але нас турбуе сама практыка выкарыстаньня гэтага артыкулу, бо ён прадугледжвае санкцыі да двух гадоў пазбаўленьня волі. І мы ведаем, што па гэтым артыкуле некаторыя людзі сядзелі за кратамі — гэта тычылася, напрыклад, Зьмітра Дашкевіча, сяброў арганізацыі “Партнэрства” ў 2006 годзе”.

Беларускі парлямэнт не прадстаўлены ў ПАРЭ больш за 10 гадоў

У Парлямэнцкую асамблею Рады Эўропы (ПАРЭ) уваходзяць прадстаўнікі парлямэнтаў усіх краінаў-сябраў Рады Эўропы. Склад нацыянальнай дэлегацыі вызначаецца нацыянальнымі парлямэнтамі. ПАРЭ
лічыцца найстарэйшым у Эўропе органам міжпарлямэнцкага супрацоўніцтва.

Беларусь з часоў Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня мела ў ПАРЭ статус “спэцыяльна запрошанага”. Але 13 студзеня 1997 году гэты статус быў замарожаны. Такое рашэньне стала рэакцыяй асамблеі на шматлікія парушэньні падчас правядзеньня ў Беларусі рэфэрэндуму 1996 году. З гэтага часу парлямэнт Беларусі на сэсіях ПАРЭ не прадстаўлены. Усе спробы афіцыйных беларускіх уладаў дамагчыся адмены гэтага рашэньня, посьпеху ня мелі.

ПАРЭ прымае рэзалюцыі і рэкамэндацыі. Яны выцякаюць з дакладаў, якія рыхтуюць дэпутаты.

Чатыры гады таму дэпутат Хрыстас Пургурыдэс, які заўтра мае выступіць у Страсбуры з дакладам аб злоўжываньнях у сыстэме крымінальнага правасудзьдзя ў Беларусі, зарабіў справаздачу, у якой сьцьвярджаў: “У Беларусі на найвышэйшым дзяржаўным узроўні былі зробленыя актыўныя крокі, каб схаваць сапраўдную падаплёку зьнікненьня Захаранкі, Ганчара, Красоўскага”.

ПАРЭ вызначае спэцыяльнага дакладчыка Палітычнага камітэту па Беларусі. Цяпер ім з’яўляецца італьянскі парлямэнтар Андрэа Рыгоні.

Cпасылка

Видео