BE RU EN
rss facebook twitter

Магілёў: студэнтам забараняюць кантакты з замежнікамі

14.04.2008
Магілёў: студэнтам забараняюць кантакты з замежнікамі

У Магілёўскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Куляшова студэнты й выкладчыкі абавязаныя інфармаваць кіраўніцтва пра свае замежныя паездкі.

Гэтага патрабуе загад рэктара. Загад выдадзены нібыта дзеля забесьпячэньня правоў і інтарэсаў грамадзян.

Загадам забароненыя несанкцыянаваныя ўзаеміны выкладчыкаў ды студэнтаў з прадстаўнікамі замежных арганізацыяў падчас зацьверджаных кіраўніцтвам ўнівэрсытэту адукацыйных праектаў. Акрамя таго, падчас наведваньня ўнівэрсытэту замежнымі дэлегацыямі, згодна з загадам, за іх прадстаўнікамі мае быць замацаваны супрацоўнік адміністрацыі.

Таксама загадам забароненая рэалізацыя любых адукацыйных праектаў ва ўнівэрсытэце без папярэдняй згоды яго кіраўніцтва.

Адказным за выкананьне загаду прызначаны намесьнік рэктара ў міжнародных сувязях Дзьмітры Рачыкаў. Спадар Рачыкаў адмовіўся адказаць на пытаньні карэспандэнта “Свабоды” адносна выдадзенага загаду.

Студэнты ж у прыватных гутарках паведамілі карэспандэнту “Свабоды”, што па азнаямленьні з загадам іх змушаюць расьпісвацца пад ім. Паводле студэнтаў падпісваюцца пад загадам і выкладчыкі.

Студэнты кажуць, што падобныя загады выдадзены ўва ўсіх унівэрсытэтах Магілёва.

Спасылка
 
Видео