BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

“Калі б Пургурыдэсам быў я...”

14.04.2008
“Калі б Пургурыдэсам быў я...”

"Радыё Свабода" зьвярнуліся да юрыстаў і праваабаронцаў з пытаньнем: “Калі б заўтра не Пургурыдэс, а вы выйшлі на трыбуну, што б вы сказалі эўрадэпутатам”?

Валянцін Стэфановіч, праваабаронца, найперш адзначае палітычны перасьлед апанэнтаў дзейнай улады:

“Натуральна, што як праваабаронца я найперш казаў бы пра палітычна матываваны перасьлед апанэнтаў улады. Гэта зьява, якая ў Беларусі існуе і якая сьведчыць пра тое, што краіна наша далёка-далёка не дэмакратычная. Улада дазваляе сабе перасьледаваць грамадзянаў менавіта за іх палітычныя погляды.

Я згадаў бы пра наяўнасьць палітычных вязьняў у Беларусі. Найперш пра Аляксандра Казуліна, які да сёньняшняга дня знаходзіцца ў месцах пазбаўленьня волі.

І, натуральна, я б казаў, што ў беларускім заканадаўстве ёсьць артыкул 193-прым, які супярэчыць і Канстытуцыі Беларусі, і міжнароднаму Пакту аб палітычных і грамадзянскіх правах. Ён проста несумяшчальны з судовай практыкай сёньняшняй Эўропы”.

Мечыслаў Грыб, заслужаны юрыст Беларусі, згадвае эпізод з уласнага досьведу:

“У Беларусі частку людзей судзяць не за тое, што яны нешта ўчынілі. Супраць іх скарыстоўваюць крымінальныя артыкулы, якія прадугледжваюць адказнасьць за дзейнасьць, якой насамрэч не было.

Я асабіста пацярпеў, калі пайшоў на дазволены мітынг у гонар Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 году. Сабралася вельмі шмат людзей. Ісьці па тратуары не хапала ўсім месца. І пэрыядычна частку людзей выштурхоўвалі на праежджую частку. Я таксама прайшоў так, можа, крокаў 20—30 каля тратуару. І мяне абвінавацілі — злачынца, далі штраф — аж 20 мільёнаў. Гэта быў найбуйнейшы штраф у Беларусі, які трымаўся такім гадоў пяць.
І ніхто ў судзе мяне ня слухаў, не хацеў разумець. Яны аж рукі паціралі ад задавальненьня”.

Валеры Шчукін, праваабаронца, распавядае, што сёньня ён знаходзіцца ў Менску, дзе судзяць Зьмітра Лісяенку:

“Чалавек пайшоў у палітыку. І даволі актыўна пайшоў. І яму інкрымінуюць артыкул — наркотыкі, фальшывыя грошы. А гэта — да пятнаццаці гадоў, хаця выглядае, што яму ўсё гэта падсунулі.

Гэта як у адміністратыўным пакараньні — два міліцыянты сьведчаць, што ты брыдкасловіў, і нікому іншага не дакажаш. Я асабіста тройчы сядзеў быццам бы за мат, хаця я мат не ўжываю. А тройчы сядзеў!”

Спасылка 

Видео