BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Сакавік 2008 "Мясцовае самакіраваньне - de jure і de facto"

11.03.2008
Сакавік 2008 "Мясцовае самакіраваньне - de jure і de facto"

Пэрспэктывы разьвіцьця мясцовага самакіраваньня ў Беларусі: погляд звонку і погляд знутры. Меркаваньні прадстаўнікоў грамадзкага і дзяржаўнага сэктараў - ацэнкі ды прапановы экспэртаў. Мы вырашылі распачаць агляд тэмы з інтэрвію Міраслава Кобасы, старшыні Праўленьня асьветніцкага грамадзкага аб'яднаньня “Фонд імя Льва Сапегі”. Ці ёсьць у Беларусі мясцовае самакіраваньне і па якіх прыкметах гэта можна вызначыць? З адказаў на гэтыя два пытаньні вынікаюць і пэрспэктывы далейшага разьвіцьця.


De jure

Міраслаў Кобаса: - У законе замацаванае ўласна паняцьце: “Мясцовае самакіраваньне ў Рэспубліцы Беларусь - форма арганізацыі грамадзян для самастойнага вырашэньня непасрэдна ці праз выбарныя імі органы сацыяльных, эканамічных, палітычных, культурных пытаньняў мясцовага значэньня сыходзячы з інтарэсаў насельніцтва і асаблівасьцяў разьвіцьця мясцовых адміністратыўна-тэрытарыяльных адзінак на падставе ўласнай матэрыяльна-фінансавай базы і прівлеченных сродкаў”.  Прааналізуем, як гэтая тэорыя адпавядае практыцы.

De facto

Форма арганізацыі грамадзян.
Трэба найперш адзначыць, што ў нас няма замацаванага панятку “абшчына” - супольнасьць грамадзян, якія пражываюць на пэўнай тэрыторыі і дзеляцца часткай сваёй улады, дадзенай ад нараджэньня, дэлегіруюць гэтую ўладу сваім прадстаўнікам у асобах дэпутатаў. А тыя потым прымаюць самастойна тыя ці іншыя рашэньні, сыходзячы найперш з інтарэсаў грамадзян. Дык вось у нашым заканадаўстве няма паняцьця “абшчыны”... І адпаведна не зразумела - адкуль хто будзе брацца... Ну, праз выбары... Але што такое абшчына - не прапісана. У той час, як у большасьці краін, у нашых суседзяў у тым ліку - Украіны і Літвы - гэтае паняцьце замацаванае.

Вырашэньне непасрэдна ці праз “выбарныя” органы.

“Непасрэдна”... То бок самастойна. Узьнікае пытаньне: карыстаючыся якімі формамі, замацаванымі законам? Ёсьць у заканадаўстве права мясцовых органаў праводзіць рэфэрэндумы, але прэцэдэнтаў гэткіх пакуль не было. Хаця ініцыятывы існавалі. Ёсьць яшчэ некалькі формаў: скліканьне мясцовага сходу, праватворчыя ініцыятывы і некаторыя іншыя форму ўдзелу грамадзян. Але яны настолькі бюракратызаваныя, што вымагаюць вельмі шмат часу, нэрваў і здароўя ад таго, хто вырашыць прайсьці гэтыя бюракратычныя рагаткі. Апроч таго, фармулёўкі ў заканадаўстве такія, што калі выканаўчыя ўлады не пажадаюць, каб тое ці іншае мерапрыемства праводзілася, то яго і ня будзе. Так што вырашэньне пытаньняў “непасрэдна” - намінальнае.

“Праз выбарныя органы”  - то бок, праз дэпутатаў... Пра гэта ўжо столькі казалі, што не хочацца паўтарацца. Але мяне толькі зьдзіўляе вось што: ужо столькі кажуць з высокіх трыбун, што ў нас усё добра, празрыста, законна. Калі вы настолькі ў сабе ўпэўнены, чаму так баіцеся дапусьціць прадстаўнікоў апазыцыі ў выбарчыя камісіі? У чым справа? Калі вы так дакладна ведаеце, што людзі сапраўды галасуюць за тых, хто дэпутатамі з'яўляюцца, дык дайце доступ прадстаўнікам апазыцыйных партыяў! Але гэта пытаньне ўжо да Цэнтарвыбаркаму... Прынамсі, фармальна - да яе.

“Сацыяльных, эканамічных, палітычных, культурных пытаньняў мясцовага значэньня”.
Фактычна - гэта ўсе сфэры жыцьцядзейнасьці. Натуральна, тут патрэбная адпаведная кампэтэнцыя. А што напісана ў нашым законе аб гэтым? У канстытуцыі замацавана 4 асноўных пазыцыі. Гэта зацьвярджэньне пляну сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця і зацьвярджэньне бюджэту ( у кампэтэнцыі савета), мясцовыя падаткі і зборы, доля якіх у бюджэце зусім мізэрная - 0,5-1,5%, зацьвярджэньне палажэньня аб распараджэньні камунальнай уласнасьцю і правядзеньне мясцовых рэфэрэндумаў, якіх няма.
Чатыры базавыя кампэтэнцыі, - ці можна зь іх дапамогай вырашыць згаданыя праблемы? Канечне, не.
А вырашае хто? Давайце паглядзім навакол: транспарт ходзіць, сьвятло гарыць, крамы працуюць, горад чысты. Хто гэта вырашае? Вырашае выканкам. І паводле нашага заканадаўства выканкам наагул не нясе адказнасьці перад нашымі грамадзянамі. Ён нясе адказнасьць перад вышэйшымі органамі, уключна да прэзыдэнта. Але не перад грамадзянамі.
Атрымліваецца: тыя, каго мы выбіраем, фактычна нічога не вырашаюць. Не з-за таго, што яны дрэнныя ці яшчэ якія, - з-за таго, што ў іх кампэтэнцыя вельмі вузкая. А тыя людзі, якія забясьпечваць нашае будзённае жыцьцё, падпарадкоўваюцца не нам.  І справаздачу даюць не нам. Але жывуць за кошт нашых падаткаў.

“За кошт уласнай матэрыяльнай базы”.
Гэта амаль міф. Уся бюджэтная сыстэма існуе так: грошы размяркоўваюцца зьверху. На першасным узроўні самакіраваньня фактычна няма бюджэту, - ёсьць сьметы. Незразумела, куды пракуратура глядзіць: закон папросту парушаецца. Закон пра мясцовае самакіраваньне, дзе сказана, што мясцовыя саветы самастойна фарміруюць бюджэты. Вось цытую адзін дакумэнт: “Ухваліць прапанаваны N-ным раённым саветам  бюджэт N -нага пасялковага савета на 2008-ы год”. Фактычна - гэта сьмета. Я ўжо не кажу пра сутнасьць лічбаў: львіная доля - гэта наагул расходы дзяржаўныя, дзяржаўных органаў агульнага прызначэньня. А што тычыцца жыльлёвых, камунальных паслугаў, - гэта мізэр, капейкі. Таму казаць пра нейкую сур'ёзную эканамічную базу Савета не прыходзіцца.
Юрыдычныя прыкметы наяўнасьці Савета - гэта свой рахунак, свой бугалтар, свая маёмасьць - маёмасьць менавіта Савета... Але нічога гэтага няма, зрэдку ёсьць нешта адзінкавае з пералічанага. Пра якую матэрыяльна-фінансавую базу ідзе размова, калі фактычна на Саветы скідваецца сума зарплаты старшыні, вадзіцеля, памочніка...?

У нас няма права на аб'яднаньне саветаў, камунальная ўласнасьць у нас - частка дзяржаўнай маёмасьці. Адміністратыўна-тэрытарыяльнае дзяленьне таксама праблема - яно не мянялася 45 год. А дэмаграфічная сытуацыя зьмянілася моцна - 77% насельніцтва жыве ў гарадох.  Калі ў вёсцы жыве 23 чалавекі, яны ня могуць арганізавацца ў самакіраваньне. Значыць, першасны ўзровень патрабуе рэфармаваньня.

Мне падаецца, усё гэта пачынае ўсьведамляць і ўлада. Летась пры Савеце Рэспублікі стварылі камісію па ўзаемадзеяньню з мясцовымі саветамі. Я мяркую, гэта крок наперад... Як і падпісаны 21-ы Указ прэзідэнта. Ён быў выдадзены, каб павысіць роль і значэньне сельсаветаў... Але гэты Указ не выконваецца.

Вось і зрабіце высновы з фактаў. Ёсьць у нас мясцовае самакіраваньне?

Мясцовае кіраваньне

У нас яшчэ ёсьць паняцьце мясцовага кіраваньня. Там таксама прапісана форма арганізацыі дзейнасьці мясцовых выканаўчых і распараджальных органаў для вырашэньня пытаньняў мясцовага значэньня. Але сыходзячы з агульнадзяржаўных інтарэсаў. А грамадзяне - калі-небудзь потым...
У Эўропе існуе Хартыя па мясцовым самакіраваньні. Гэта фактычна малая канстытуцыя, паводле якой будуецца самакіраваньне ва ўсёй Эўропе.  Мы не ў Радзе Эўропы, таму адпавядаць гэтай Хартыі не павінны. І не адпавядаем.

Адна з прынцыповых неадпаведнасьцяў - паводле нашага заканадаўства мясцовыя саветы ўваходзяць у сыстэму дзяржаўнай улады.  Гэта нонсэнс. Фактычна нашыя Саветы не маюць аніякага ўплыву на рэчаіснасьць - што будаваць, што разбураць, што разьвіваць. Справа не ў Хартыі - гэта ж не догма. Справа ў сутнасьці - людзі самі сабе, дзяржава сама сабе. А людзі дзе? Яны ніяк не ўдзельнічаюць у працэсе. І не бачаць магчымасьцяў паўплываць.  Паміж дзяржавай і яго грамадзянамі, між de juro і de facto - агромная бездань.

Гутарыла Юлія Дранчук
[email protected]

Видео