BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Угодкі БНР сьвяткуюцца ў Эўрапарлямэнце

10.03.2008
Угодкі БНР сьвяткуюцца ў Эўрапарлямэнце

У Страсбур прыяжджаюць удзельнікі “Беларускага тыдня” – у Эўрапарлямэнце будуць адзначаць 90-я угодкі абвяшчэньня БНР.

Месца і час адзначэньня сьвята невыпадковыя - пачынаецца сэсія Эўрапарлямэнту. Арганізатары спадзяюцца такім чынам яшчэ раз прыцягнуць увагу эўрапейцаў як да беларускай гісторыі, так і да цяперашняга становішча ў краіне.

Удзельнікі – прадстаўнікі кіраўніцтва БНР і вядомыя беларускія культурныя дзеячы і апазыцыйныя палітыкі.

Стаць гасьцямі “Беларускага тыдня” ужо пагадзіліся старшыня Эўрапарлямэнту Ганс-Герт Потэрынг, кіраўнік парлямэнцкага камітэту па замежных сувязях Яцэк Сарыюш-Вольскі, кіраўнік фракцыі Эўрапейскай народнай партыі-Эўрапейскіх дэмакратаў Джозэф Доўл ды некаторыя іншыя ўплывовыя эўрапейскія дэпутаты.

Куратарам гэтага праекту ад імя Эўрапарлямэнту выступае кіраўнік парлямэнцкай дэлегацыі ў сувязях з Беларусьсю Яцак Пратасевіч. А ініцыятыва адзначыць беларускае сьвята ў Страсбуры сыходзіла ад партыі БНФ. З гэтай нагоды кіраўнік Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі адзначае:

“Вельмі важна, што гэтым разам ініцыятыва была з беларускага боку. Не мы на ласку некага едзем, а на ўласную ініцыятыву. І ўсё гэта пачалося адбывацца яшчэ летась, калі БНФ выступіў з такой ініцыятывай. І яна найшла падтрымку.
Для мяне важна, што мы едзем не як просьбіты, а як прадстаўнікі той гістарычнай супольнасьці, якая шануе ідэалы Беларускай Народнай Рэспублікі, яе сымбалі”. 

Праграма сьвята ўключае паказ фільму рэжысёра Юр'я Хашчавацкага “Плошча”, выставы мастакоў Алеся Марачкіна й Рыгора Сітніцы, фатографаў Ігара Крашэўскага і Адама Тухлінскага. Заплянаваныя таксама выступ Зьмітра Вайцюшкевіча, прэзэнтацыя слоўніка Лявона Баршчэўскага. 

Спадар Баршчэўскі, чый выступ значыцца ў праграме, цьвердзіць, што з прэзэнтацыі слоўніка ён толькі пачне сваю прамову:

“Я, канечна, буду гаварыць ня толькі пра слоўнік. У першую чаргу –пра праблему палітзьняволеных і пра існаваньне нашай грамадзянскай супольнасьці. Зьвярну ўвагу абавязкова і на іншыя пытаньні”.
Мастак Алесь Марачкін цьвердзіць, што паездка ў Страсбур надзвычай адказная, паколькі важна паказаць эўрадэпутатам ня толькі палітычную сытуацыю на Беларусі:

“Яны захацелі паглядзець і на духоўныя здабыткі мастакоў, сьпевакоў, кампазытараў, літаратараў... І я думаю, што такі пачатак вельмі неблагі. Палітыка яна і ёсьць палітыка. А абмен духоўнымі багацьцямі больш раскрывае народ: хто – мы?, якія – мы?, куды мы ідзем? І ўсё астатняе”.

Цягам тыдня заплянаваныя дыскусіі і сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай грамадзкасьці, іх прэсавая канфэрэнцыя, а таксама абмен думкамі па тэме “Незалежная Беларусь – неад'емная частка Эўропы”. Будзе паднімацца пытаньне, – якое лабіруюць беларуская апазыцыя і дэпутаты Эўрапарлямэнту, – пра зьніжэньне памеру консульскага збору з беларусаў за шэнгенскія візы. Мы чакаем паведамленьняў ад нашага карэспандэнта, які таксама бярэ ўдзел у форуме.

Спасылка

Видео