BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Хосьпіс: дзеці - розныя, праблемы – агульныя

07.03.2008
Хосьпіс: дзеці - розныя, праблемы – агульныя

Днямі ў Бараўлянах прайшоў сэмінар “Псыхалягічныя і духоўныя аспэкты дзіцячай паліятыўнай дапамогі”. Мерапрыемства адбылося на   базе  грамадзкай дабрачыннай арганізацыі «Беларускі дзіцячы хосьпіс» у межах праекта Эўразьвязу “Наладжваньне беларуска-латвійскага супрацоўніцтва ў сфэры дзіцячай паліятыўнай дапамогі”.

Паліятыўная дапамога – гэта шэраг высілкаў, скіраваны на паляпшэньне якасьці жыцьця сьмяротна хворых і іх сем’яў. Мэта сэмінару - абмен досьведам паміж латвійскімі і беларускімі калегамі. Удзел у ім узялі латвійскія спэцыялісты Айва Саўка - (псыхатэрапэўт) і Айна Брыедзе - (капэлян ГА «Таварыства дзіцячай паліятыўнай дапамогі» (г.Рыга). Беларускі бок прадстаўлялі супрацоўнікі грамадзкай дабрачыннай арганізацыі «Беларускі дзіцячы хосьпіс»: дзіцячы ўрач-рэаніматоляг Андрэй Багдановіч, псыхоляг  Алена Кізіно, галоўны спэцыяліст сацыяльнага аддзелу - Ірына Байдакова, мэдсёстры.

Прыклад для Беларусі - капэлян

Алена Кізіно: - Мяне ўразіў выступ Айны Брыедзе аб ролі  капэляна ў паліятыўнай дапамозе. Капэлян - гэта духоўны супрацоўнік і псыхоляг адначасова, працуе ў абмежаваных установах - бальніцах, хосьпісах, у арміі... Ён дапамагае чалавеку знайсьці духоўную раўнавагу і адказвае  на самыя цяжкія пытаньні. Айна працуе зь дзецьмі розных канфэсіяў. На жаль, у нас пакуль іншы мэнталітэт і стаўленьне праваслаўных і каталікоў да «іншых» канфэсіяў.

Беларускі хосьпіс адзначыў як асабліва карысныя іншыя практыкі. Расказвае Асыстэнт рэгіянальнага мэнэджэра праэкту Эўразьвязу “Наладжваньне беларуска-латвійскага супрацоўніцтва ў сфэры дзіцячай паліятыўнай дапамогі” Алена Сакіркіна: - Вельмі пасьпяхова наш хоспіс пераняў досьвед латвійскіх партнэраў па  занятках пясочнай тэрапіяй (у латвійскім хоспісе для гэтай тэрапіі вызначаны адмысловы псыхоляг). Гэта просты мэтад - у драўляную скрыню насыпаецца пясок і дзіцё выстаўляе ў яго фігуркі. Пасьля псыхоляг расшыфроўвае стан маленькага пацыента, арыентуючыся на ягоны творы. Заўважана, што чым бліжэй дзіця да зыходу, тым больш у пяску з'яўляецца дрэваў, элемэнтаў прыроды і тым меней - фігурак людзей...
 
Таксама на сэмінары абмяркоўвалася праца з сіблінгамі (братамі і сёстрамі пацыентаў), праца са смуткам.

Прыклад для латвійцаў – Бацькоўскі клюб

І латвійскім партнэрам было чаму павучыцца. Прыкладам, карысным яны назвалі досьвед працы Бацькоўскага клюбу. Ён яднае родных і сваякоў хворых. Групавая тэрапія дапамагае зразумець, як лепей вырашаць праблемы і пытаньні, зь якімі гэтыя людзі сутыкаюцца ледзь не штодня. Дапамагае ўсьвядоміць, што з гэткімі цяжкасьцямі сутыкаецца шмат хто – і з гэтым можна і патрэбна жыць. Латвійцы ж пакуль групавую тэрапію не  праводзяць, больш - індывідуальную.  Адзін дзень сэмінару цалкам прысьвяцілі абмену досьведам інструмэнтаў і мэтодык па працы са сьмяротна хворымі дзецьмі і іх бацькамі, а таксама псыхалягічнай бясьпецы супрацоўнікаў.
 
Сэмінар будзе мець працяг - 9 сакавіка ў Рызе мэдыкі беларускага хосьпісу на практыцы будуць знаёміцца з асаблівасьцямі працы латвійскіх спэцыялістаў у паліятыўнай дапамозе. А 10 красавіка ў межах праекту Эўразьвязу па супрацоўніцтву ў сэктары паліятыўнай дапамогі ў Рызе адбудзецца Міжнародная канфэрэнцыя “Паліятыўная дапамога дзецям”.
 
Ад Беларускага дзіцячага хосьпісу будуць дырэктар - Ганна Гарчакова, кіраўнік праекту “Наладжваньне беларуска-латвійскага супрацоўніцтва ў сфэры дзіцячай паліятыўнай дапамогі” Андрэй Багдановіч і прадстаўнікі міністэрства аховы здароўя. І беларускі, і латвійскі хосьпісы - прафэсійныя арганізацыі ў паліятыве. Досьвед іх працы – большы за 10 гадоў. Яны маюць шмат карысных адзін для другога ведаў, таму будзе чаму павучыцца адзін у другога.

Даведка 

Недзяржаўная дабрачынная арганізацыя “Беларускі дзіцячы хоспіс” (БДХ) заснаваны ў 1994 годзе з ініцыятывы Рэспубліканскага Дзіцячага анка-гематалягічнага Цэнтру з мэтай комплекснай дапамогі безнадзейна хворым дзецям, якіх выпісваюць з бальніц дадому. Пацыентам хосьпісу ад 0 да 24 гадоў, 67% маюць анкалягічныя захворваньні, астатнія - хранічныя і генэтычныя. БДХ - хосьпіс хатняга тыпу, г.зн. пацыенты ў цяжкім стане абслугоўваюцца дома, тыя, хто мае магчымасьць, наведваюць дзённы стацыянар хоспісу. За кожнай сям'ёй, дзе жыве такі пацыент, замацоўваюцца доктар, мэдсястра, з роднымі і дзіцём працуюць псыхолягі, валянцёры. 

Натальля Шарай
[email protected]

 

 
Видео