BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

У шведскіх школах няма адзнакаў

01.03.2008
У шведскіх школах няма адзнакаў

Дэлегацыя шведскіх выкладчыкаў наведала наваполацкую сярэднюю школу №9 з паглыбленым вывучэнем замежных моваў. Гэты візіт стаў працягам праграмы супрацоўніцтва ўстановаў адукацыі Беларусі і Швецыі.

З 2005 года Полацкі дзяржаўны універсітэт мае партнёрскія стасункі з універсітэтам горада Вэксьё. Апошні з агульных праектаў   распрацоўка навучальнай праграмы ў галіне сацыяльнай педагогікі – фінансуецца ў межах праграмы TEMPUS. 

Да супрацоўніцтва далучыліся і школы беларускага Наваполацка, а таксама шведскіх Обі і Вёдзерслаў. Візіту педагогаў са Швецыі ў Наваполацк папярэднічала паездка групы беларускіх настаўнікаў у шведскія школы ў гэтых гарадах. 

Людміла Даніловіч, намеснік дырэктара наваполацкай сярэдняй школы №9 па навучальнай працы, дзеліцца ўражаннямі ад шведскіх падыходаў да школы:

“Іх сістэма навучання вельмі адрозніваецца ад нашай, – распавядае яна. – Напрыклад, у шведскіх школах да восьмага класа няма адзнакаў, веды вучняў настаўнікі ацэньваюць вусна. Асноўнымі прадметамі з’яўляюцца шведская мова, ангельская мова і матэматыка. Усё астатняе выкладаецца ў выглядзе інтэграванага курса. Шмат увагі надаецца здароўю вучняў. Нярэдка ўрокі праводзяцца на свежым паветры, нават проста ў лесе ці парку. Нашы шведскія калегі вельмі добра ўжываюць гульнявыя тэхналогіі”. 

Але, як лічыць Людміла Далідовіч, і шведскім настаўнікам ёсць чаму павучыцца ў беларускіх калегаў. Падчас наведвання наваполацкай школы яны пабачылі цікавыя ўрокі ангельскай мовы, якія праводзіліся ў выглядзе гульняў, інтэлектуальных спаборніцтваў ці конкурсаў. А вучні пятых класаў паказалі гасцям сапраўдныя тэатральныя пастаноўкі – п’есу “Беласнежка і сем гномаў” і сучасную версію казкі “Рэпка”. 

“Шведскім настаўнікам вельмі спадабаліся нашы дзеці – актыўныя, цікаўныя і таленавітыя. Да спадобы ім прыйшлася і наша методыка выкладання”, – кажа Людміла Даніловіч. 

У межах праекту плануецца працягваць праграму абменаў. Беларускія настаўнікі і вучні наведаюць шведскія школы і будуць чакаць візітаў у адказ. 

Супрацоўніцтва навучальных установаў Полаччыны са Швецыяй ужо ўвасабляецца ў практычных выніках. Так, пры дапамозе Шведскага Інстытута на базе гісторыка-філалагічнага факультэта Полацкага дзяржаўнага універсітэта працуе Цэнтр вывучэння шведскай мовы і культуры, дзе займаюцца выкладчыкі і студэнты старэйшых курсаў ПДУ. 

Андрэй Аляксандраў

[email protected]

Видео