BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Беларусь збіраецца выкарыстоўваць энэргію ветра

29.02.2008
Беларусь збіраецца выкарыстоўваць энэргію ветра

Беларусь вядзе перамовы па пытаннях пастаўкі ў краіну ветраўстановак з польскімі кампаніямі. Планы па ўжыванні альтэрнатыўных крыніц энэргіі пачынаюць набываць рэальныя абрысы. Навукоўцы бачаць у Беларусі дастатковы прыродны патэнцыял для выкарыстання энэргіі ветра. 

Паводле міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Лявонція Харужыка, адмыслоўцы дакладна падлічылі: будоўля ветраўстановак у Беларусі – выгодная. Умовы краіны дазваляюць пабудаваць больше за дзве тысячы ветраэнэргетычных установак, якія забяспечаць выпрацоўку да 8 мільярдаў кВт/г электранэргіі. 

“Мы разглядаем аднаўляльныя крыніцы энэргіі як перспектыўныя, экалагічна чыстыя шляхі атрымання энэргіі і будзем усяляк падтрымліваць гэты накірунак”, – паабяцаў Харужык на выніковай калегіі міністэрства. 

Вялікі патэнцыял 

Група беларускіх навукоўцаў, якая рабіла паведамленне на “Сахараўскіх чытаннях” у траўні 2007 года, да патэнцыялу Беларусі ў галіне выпрацоўкі энэргіі з ветру ставіцца яшчэ больш аптымістычна:

“Гарантаваная выпрацоўка энэргіі ветра з 7% тэрыторыі Беларусі складзе 14,65 мільярда кВт/г. А выкарыстанне зонаў з павышанай актыўнасцю ветра гарантуе выпрацоўку энэргіі ветраэнэргетычных установак да 6,5–7,5 мільярда кВт/г з акупнасцю выдаткаў напрацягу 5-7 гадоў”. І ўсё ж навукоўцы папярэджваюць і пра некаторыя праблемы.

Па-першае, магчымасці набыцця замежнай ветратэхнікі даволі абмежаваныя, - абсталяванне мусіць дакладна адпавядаць кліматычным умовам Беларусі. 

Па-другое, навукоўцы не выключаюць “моцнага супраціву адказных адміністратыўных супрацоўнікаў афіцыйнай энэргетыкі”.

І, па-трэцяе, у Беларусі сёння няма інфраструктуры для праэктавання, будоўлі і эксплуатацыі ветратэхнікі – адпаведна бракуе досведу і кваліфікаваных кадраў. А гэтую праблему не вырашыць без супрацоўніцтва з замежнымі спецыялістамі. 

Перамовы з польскімі кампаніямі 

Сяргей Заўялаў, начальнік Спецінспекцыі дзяржкантролю за аховай атмасфернага паветра, азонавага слоя і клімату Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі на прэс-канферэнцыі ў Мінску паведаміў, што Мінпрыроды вядзе перамовы з польскімі кампаніямі аб пастаўках у Беларусь ветраўстановак. 

Паводле Заўялава, цяпер бакі абмяркоўваюць колькасць і цану гэтых агрэгатаў. Ён таксама адзначыў, што Мінпрыроды Беларусі прыняло ўдзел у распрацоўцы праекту канцэпцыі развіцця ветраэнергетычнай галіны ў Беларусі. 

“Дакумент прадугледжвае выкарыстанне да 2020 года ветраэнергіі ў агульным аб’ёме 1,5 тыс. МВт, – сказаў ён. – У нас ёсць магчымасці, каб рэалізаваць гэты патэнцыял”. Цяпер вядуцца падрыхтоўчыя работы да размяшчэння ветраўстановак. У бліжэйшым будучым 11 такіх канструкцый магутнасцю 850 МВт зьявяцца ў Гродзенскай вобласці. 

Сяргей Заўялаў агучыў яшчэ адну праблему на шляху ветраэнэргетыкі – у Беларусі няма нарматыўна-прававой базы, якая будзе рэгуляваць працэсы ўстаноўкі, падключэння, выкарыстання і абслугоўвання ветраўстановак. Плануецца, што да 2010 года такая база будзе сфармавана. 

“Альтэрнатывы проста ніхто не шукаў!” 

У якасці аргумента на карысць ветраўстановак у Беларусі эколаг Валеры Дранчук прыводзіць замежны досвед: 

“Яшчэ ў 90-я гады да нас прыяжджалі бізнэсоўцы з Нямеччыны, якія былі гатовыя да інвестыцыяў на будаўніцтва ў Беларусі ветраэнэргетычных установак. Нямецкія адмыслоўцы казалі, што наша краіна спрыяльная для развіцця ветра-энэргетыкі. Але яны былі расчараваныя стаўленнем да іх праектаў з боку афіцыйнай улады. Так што ў буйную праграму тады гэта так і не перарасло. І дагэтуль у краіне няма добра распрацаванай праграмы па выкарыстанню энэргіі паветра, вады і сонца. У нас ёсць толькі распрацаваная праграма па будаўніцтву АЭС. І афіцыйныя асобы кажуць, што атамная энэргетыка не мае альтэрнатывы. Але гэткай альтэрнатывы проста ніхто не шукаў!” 

Андрэй Аляксандраў

[email protected]

 

Видео