BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Ханс-Георг Вік: «Лукашэнка спрабуе паказаць, што ідзе насустрач пажаданням Еўразвяза»

27.02.2008
Ханс-Георг Вік: «Лукашэнка спрабуе паказаць, што ідзе насустрач пажаданням Еўразвяза»

Экс-кіраўнік місіі АБСЕ ў Менску, старшыня аб'яднання «Правы чалавека ў Беларусі» доктар Ханс-Георг Вік не бачыць нічога экстраардынарнага ў тым, што Лукашэнка адпусціў Аляксандра Казуліна на пахаванне жонкі.

У інтэрв'ю «Нямецкай хвалі» палітык падкрэсліў, што «гэты жэст цалкам адпавядае палітыцы беларускіх улад, якая праводзіцца апошнім часам, найперш, факту датэрміновага вызвалення шэрагу палітвязняў. Гэта абсалютна нармальны, не экстраардынарны, але гуманны крок, які, акрамя ўсяго іншага, прадугледжаны дзейным заканадаўствам. Паступаючы так, Аляксандр Лукашэнка спрабуе паказаць, што ён ідзе насустрач пажаданням Еўразвяза. У гэтай самай плоскасці ляжыць і сітуацыя з Казуліным», – лічыць Ханс-Георг Вік.

– Прымаючы да ўвагі наяўныя акалічнасці, як Вы можаце ацаніць шанцы Аляксандра Казуліна на датэрміновае вызваленне з зняволення?

– Пакуль Казуліна вызвалілі толькі на тры дні, каб ён развітаўся з жонкай. Ці будуць за гэтым нейкія яшчэ дзеянні, я судзіць не бяруся. Я спадзяюся, што яго вызваляць датэрмінова. Але праблема ў тым, што ў Аляксандра Лукашэнкі асабістыя рахункі з былым кандыдатам у прэзідэнты Аляксандрам Казуліным. Вядома, тое, што здарылася з Казуліным, немагчымае ў дэмакратычных краінах, а ў Беларусі гэта далёка не першы выпадак. У той самы час, нельга выключыць, што пры адмысловых акалічнасцях сітуацыя з вызваленнем Казуліна зменіцца карэнным чынам, як гэта ўжо здарылася з іншымі палітвязнямі.

– Ці можна расцэньваць апошнія дзеянні беларускіх улад як спробы растапіць лёд паміж ЕЗ і Беларуссю?

– Аляксандр Лукашэнка спрабуе стварыць бачнасць дэмакратызацыі ў краіне. Пры гэтым, я не лічу, што яго апошнія дзеянні – гэта крокі ў бок рэальнага паляпшэння сітуацыі ў краіне. Ён здзяйсняе такія крокі, каб прыцягнуць увагу Захаду.

dw-world.de

Видео