BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Ці не марныя мары пра “мірны атам”?

23.02.2008
Ці не марныя мары пра “мірны атам”?

Навукоўцы цвердзяць: Беларусь не ачуняла пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Але праз 22 гады пасля жудаснага выбуху ў красавіку 1986 года ўлады краіны прынялі рашэнне будаваць уласную атамную электрастанцыю. Гэты крок выклікаў дыскусію ў грамадстве, аднак выглядае на тое, што ўлады будуць выконваць атамны праект, не цікавячыся думкай грамадзян краіны.  


Страх перад атамнай энэргетыкай і па чвэрці стагоддзя пасьля выбуху на ЧАЭС у беларусаў вельмі моцны. Некалькі год таму, калі па краіне папаўзлі чуткі пра аварыю на Ігналінскай АЭС (яна знаходзіца на тэрыторыі Літвы ўсяго ў некалькіх кіламетрах ад беларускай мяжы), насельніцтва літаральна цягам аднаго дня вымела з аптэкаў прэпараты ёду. 

“Чарнобыльскі шлях”, які праходзіць у Мінску ў кожную гадавіну катастрофы, застаецца адным з галоўных масавых мерапрыемстваў апазіцыйных сілаў. Шмат хто з палітыкаў і навукоўцаў сцвярджае, што ўлады замоўчваюць праблемы забруджвання тэрыторыяў на поўдні краіны – яны найбольш пацярпелі ад выбуху ў 1986-ым. У прыватнасці, група навукоўцаў пад кіраўніцтвам прафесара Юрыя Бандажэўскага вывучала ўздзеянне на арганізм чалавека малых дозаў радыяцыі. Паводле вынікаў іх даследванняў, радыёактыўны цэзій, які трапляе ў арганізм і назапашваецца там, у выніку зьнішчае асноўныя сістэмы ўнутраных органаў. На думку Бандажэўскага, насельніцтва Беларусі, асабліва дзеці, адчуваюць на сабе наступствы выбуху ў Чарнобылі штодня. Гэтыя даследванні супярэчаць пункту гледжання ўлады і "афіцыйных" навукоўцаў, якія кажуць, нібыта пры слабым радыяцыйным фоне бяспечная жыццядзейнасць магчымая, і выступаюць за ўзнаўленне гаспадаркі на забруджаных пасля катастрофы 1986 года землях.

Аспрэчваюць бяспечнасць гэтых планаў даследванні прафесара Івана Нікітчанкі. Ён даказаў вялікі ўзровень забруджанасці пацярпелых пасля Чарнобылю рэгіёнаў і кажа пра неабходнасць рэфармавання аграрных тэхналогіяў.

У адказ кіраўнік беларускай дзяржавы, галоўны ініцыятар будаўніцтва АЭС, абвінаваціў апанентаў у палітычных гульнях. “Нашы апаненты спрабуюць зарабіць палітычныя дывідэнды, спекулюючы на радыёфобіі часткі беларускіх грамадзянаў”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка падчас нядаўняй сустрэчы са студэнтамі Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Паводле беларускага прэзідэнта, будаўніцтва АЭС дазволіць на траціну знізіць патрэбу Беларусі ў імпартных энэрганосьбітах і гэткім чынам пазбавіць краіну ад жорсткай залежнасці ад паставак газа з Расіі.

Гістарычнае рашэнне

Канчатковае рашэнне аб будаўніцтве АЭС было прынятае 15 студзеня на паседжанні Рады Бяспекі Рэспублікі Беларусь пад старшынствам Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што ўласны ядзерны праект – гэта стратэгічная задача, ад выканання якой Беларусь не мае намеру адмаўляцца. Паведамленне прэсавай службы прэзідэнта было яшчэ больш катэгарычным: “Гэтае рашэнне мае гістарычны характар, паколькі ад яго залежыць эканамічная, энэргетычная і палітычная незалежнасць будучых пакаленняў беларусаў”.

“Мы закладаем аснову функцыянавання беларускай дзяржавы ва ўмовах, калі на Зямлі абвастраецца глабальная праблема вычарпання запасаў вуглевадароднай сыравіны. Я думаю, будучыя пакаленні ацэняць наша рашэнне”, – без залішняй сціпласці выказаўся А. Лукашэнка. 

Канкрэтнае месца Беларускай атамнай электрастанцыі мусіць быць зацверджана да канца 2008 года. Сярод найбольш верагодных называюцца – Кукшынаўская (Шклоўскі і Горацкі раёны) і Чырвонапалянская (Быхаўскі раён) пляцоўкі. На апошняй, паводле Андрэя Рыкава, дырэктара “БелНІПІэнэргапрам”, даследчыя работы ідуць ужо каля года.

Першы віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Уладзімір Сямашка заявіў, што будаўніцтва станцыі можа пачацца ўжо напачатку наступнага году. “1 студзеня мы павінны забіць першы кол на месцы будаўніцтва атамнай электрастанцыі”, – паабяцаў ён, выступаючы на калегіі Міністэрства энэргетыкі Беларусі. 

Паводле планаў беларускага ўраду, першы энэргаблок БелАЭС мусіць быць уведзены ў 2016 годзе, а другі – прыкладна праз два гады пасля гэтага. Кошт будаўніцтва станцыі ацэньваецца ў 4 мільярды долараў. Грошы мяркуюць здабыць у замежных банках - крэдытам.

“ Атам сённяшні – схемы пазаўчорашнія”

Паводле планаў, да 2020 года доля АЭС у вытворчасці электраэнэргіі ў Беларусі будзе скаладаць каля 30%.

“Будаўніцтва сучаснай, надзейнай атамнай электрастанцыі дапаможа гарантавана забяспечыць краіну больш таннай электраэнэргіяй”, – упэўнены Аляксандр Лукашэнка. Міхаіл Малько, супрацоўнік Аб’яднанага інстытута энэргетычных і ядзерных даследванняў “Сосны” Нацыянальнай акадэміі навук, будаўніцтва атамнай станцыі наагул лічыць запасным выйсьцем: “на той выпадак, калі будзе блакада” з боку краінаў – пастаўшчыкоў энэрганосьбатаў, - “каб эканоміка не развалілася”. 

"Будаўніцтва АЭС – нармальны працэс для дзяржавы, улічваючы падаражэнне нафты і газа, а таксама вычарпанне гэтых прыродных рэсурса, - мяркуе эканамічны аглядальнік газеты “Беларусы і рынак” Таццяна Манёнак - Але заклапочанасць выклікае іншае, - атамны праект рэалізуецца ва ўмовах эканамічнай мадэлі савецкіх часоў”.

Беларуская эканоміка не рэструктарызаваная, – тлумачыць Таццяна Манёнак. “Попыт на энэргію дыктуюць валавыя паказчыкі, якія навязваюцца адміністратыўным шляхам. У той жа час, у Беларусі існуе магутная энэргасістэма, якая здольная забяспечыць краіну энэргіяй. Толькі гэтая энэргасістэма пакутуе праз тое, што яна нерэфармаваная, як і сама эканоміка цалкам”.

Так што атамную электрастанцыю будуць інтэграваць у неэфектыўную мадэль энэргетыкі, якая дагэтуль “сядзіць на наркотыку паставак сыравіны з Расіі”.

Залежнасць ад Расіі не паменшыцца. Проста зменіць форму і механізм

Неспрыяльныя абставіны на пералічаным толькі пачынаюцца. Апроч адсутнасьці эканамічнага падмурку для будаўнітцва АЭС, у Беларусі няма ўласнай ядзернай сыравіны – яе прыдзецца набываць за мяжой.

Няма і ўласных спецыялістаў для эфектыўнага кіраўніцтва будоўляй АЭС. “У нас няма цяпер гэткіх кваліфікаваных адмыслоўцаў, як галоўны інжынер АЭС альбо вядучы інжынер па рэактарнаму ці турбіннаму цэху”, – сказаў у інтэрвію БелаПАН Мікалай Груша, намеснік генеральнага дырэктара Аб’яднанага інстытута энэргетычных і ядзерных даследванняў “Сосны”. Адмыслоўцаў прыдзецца запрашаць з Расіі, Украіны, Літвы.

А будаваць станцыю будзе амерыкана-ангельска-японская “Westinghouse–Toshiba”, франка-нямецкая “Areva” альбо расійскі “Атомстройэкспорт”. На думку беларускага эканаміста Яраслава Раманчука, палітычныя матывы шмат шанцаў дадаюць расійскай кампаніі. 

“Беларусь гаворыць пра энэргабяспеку, бо яна амаль на 100% залежыць ад Расіі, – кажа Я. Раманчук. – Але калі яна зробіць выбар на карысьць расійскай АЭС, то ступень залежнасці не паменшыцца, - залежнасць зменіць формы і механізмы”.

За выняткам чалавечых выдаткаў?

Юры Варонежцаў, былы адказны сакратар чарнобыльскай камісіі Вярхоўнага Савету СССР, звяртае ўвагу на неўлічаныя выдаткі:  

“Методыка вызначэння кошту электраэнэргіі, прадукаванай атамнымі станцыямі – хітраватая. Яна не ўлічвае кошту дэмантажу станцыі, тым часам як ужо зараз гэта – ледзь не палова кошту ўсяго будаўніцтва. Калі ЦЭЦ можна проста разбурыць і з гэтых парэшткаў дарогі будаваць, то пасля АЭС кожную цагліну трэба хаваць”, – сказаў ён у інтэрвію Радыё Свабода. 

Так што таннай атамную энергію можна лічыць толькі за выняткам чалавечых выдаткаў. 

“Нам было б лагічна далучыцца да праекта па будаўніцтву новай АЭС ў Літве разам з прыбалтамі і палякамі, – кажа Таццяна Манёнак. – Той праект абсалютна зразумелы і празрысты, там ёсць і пляцоўка, і вопытныя адмыслоўцы, так што для Беларусі гэта было б прасцей і эфектыўней”.

“Чарнобыль мусіць стаць для ўсіх урокам”

Пытанні бяспекі –здароўя людзей і навакольнага асяроддзя –галоўныя аргументы праціўнікаў будаўніцтва АЭС. Беларусь мусіць памятаць вынікі Чарнобыля, - кажа эколаг Валеры Дранчук.

“Мы – краіна, якая найбольш пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, – нагадвае ён. – І Чарнобыль мусіў стаць для ўсіх нас урокам, які паказвае: з атамнай энэргіяй нельга жартаваць. Дарэчы, нездарма Еўропа дагэтуль не ўнесла атамную энэргію ў лік бяспечных для навакольнага асяроддзя на афіцыйным узроўні ”.

Не верыць у бяспеку атамнай энэргетыкі і Ягор Фядзюшын, фізік-ядзершчык з 35-гадовым стажам: “Праграма будаўніцтва АЭС у Беларусі забярэ мільярды долараў і, хутчэй за ўсё, не будзе выканана. А ядзернае лоббі пасля будзе шантажаваць урад магчымасцю аварый і патрабаваць новых інвестыцый. І ўсё гэта - за кошт шматпакутнага беларускага народа, які дагэтуль перажывае Чарнобыль. Міфічная выгода ад будаўніцтва АЭС хутка рассеецца пры ўдакладненні разлікаў”.

Меркаванне Ягора Фядзюшына сярод іншых з’явілася на сайце atomby.net – рэсурсе новаўтворанай “антыядзернай кампаніі Рэспублікі Беларусь”. Гэта адна з грамадскіх ініцыятываў, якая ставіць на мэце спыніць вытворчасць ядзернай энэргіі.

 

Андрэй Аляксандраў

[email protected]

Видео