BE RU EN
rss facebook twitter

Энэргетычная Хартыя: з аглядкай на ўсход

17.02.2008
Энэргетычная Хартыя: з аглядкай на ўсход

Ратыфікацыя Энэргетычнай Хартыі набыла асаблівую актуальнасць у звязку з павышэннем коштаў на расійскія энэрганосьбіты для Беларусі. Афіцыйна  беларускі ўрад выказвае зацікаўленасць у супрацы з еўрапейскімі структурамі ў гэтай галіне. Аднак насамрэч Беларусь не збіраецца ратыфікаваць пагадненне, мяркуюць эксперты. Бо ўсё яшчэ спадзяецца на “усходні вектар”.

Гісторыя з геаграфіяй

Энэргетычная Хартыя – гэта сістэма міжнародных пагадненняў, якія тычацца энэргетычных рынкаў. Яны ўсталёўваўюць адзіныя празрыстыя правілы функцыянавання міжнароднага энэргетычнага рынку ў сферы гандлю энэрганосьбітамі, інвестыцыяў, транзіта і энэргаэфектыўнасці.

Ідэя Еўрапейскай энэргетычнай хартыі была выказана былым прэм’ер-міністрам Галандыі Люберсам у 1990 годзе. У снежні 1991 года Еўрапейскую энэргетычную  хартыю падпісалі краіны Заходняй Еўропы, Аўстралія, Канада, Турцыя, ЗША і Японія.

Наступным крокам было замацаванне дэкларацыяў у Дамове Энэргетычнай Хартыі. Яна была адкрытая да падпісання ў 1994 годзе. На гэты момант яе падпісала 51 дзяржава, а таксама Еўрапейскі Звяз як асобны бок. Шэраг краінаў, у тым ліку Аўстралія, Нарвегія, Ісландыя, Расія і Беларусь, падпісалі дамову, але не ратыфікавалі яе. Што тычыцца Расіі і Беларусі, то наўрад ці яны зробяць гэта ў бліжэйшы час.

“Беларусь іграе вялікую ролю ў сферы энергетыкі”

Афіцыйны Мінск выказаўся наконт перспектывы ратыфікацыі Энэргетычнай Хартыі летась у верасні, калі ў Беларусь прыяжджаў генеральны сакратар Энэргетычнай Хартыі Андрэ Мэрнье. Ён адзначыў, што “Беларусь іграе вялікую ролю ў сферы энергетыкі, у першую чаргу ў пытаннях транзіту”, а ратыфікацыю Хартыі Расіяй і Беларуссю генсек назваў для сябе “вялікай праблемай”.

У адказ віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Уладзімір Сямашка назваў супрацоўніцтва з Хартыяй надзвычай важным для Беларусі, спаслаўшыся на “вядомыя падзеі” 2006-га і першай паловы 2007-га года. Відавочна, меўся на ўвазе “энергетічны канфлікт” з Расіяй, якая падвысіла кошты на газ для “саюзнай” Беларусі.

“Мы гатовыя знаходзіць узаемапрыймальныя рашэнні з улікам таго, што Беларусь імкнецца ў сусветную эканоміку, у Сусветную гандлёвую арганізацыю”, – падвынікаваў Уладзімір Сямашка.

Тэарэтычныя выгады

І сапраўды: далучэнне да Энэргетычнай Хартыі насамрэч было б эканамічна выгадным Беларусі, - лічыць эксперт, журналіст газеты “Беларусы і рынак” Таццяна Манёнак: “Раней ва ўмовах паставак газу з Расіі на ільготным умовах, сэнсу ратыфікаваць Энэргетычную Хартыю не было. Але калі Расія прадэкларавала пераход на рынкавыя ўмовы фармавання коштаў на газ, для Беларусі было б цалкам лагічна падключыцца да еўрапейскай Хартыі”, – сказала Таццяна Манёнак у інтэрвію еurobelarus.info.

З гэтым пагаджаецца і іншы беларускі эксперт, эканаміст Яраслаў Раманчук: “Беларусі выгадна працаваць у адзінай энергетычнай прасторы з Еўропай. Гэта дасць магчымасць развіваць наш энэргасектар пры дапамозу прыватных замежных капіталаў. А гэта, у сваю чаргу, будзе развіваць і іншыя сектары эканомікі”.

На думку экспертаў, ратыфікацыя Энергетычнай Хартыі дадала б козыраў Беларусі як транзітнай дзяржаве і стала бы пэўным сігналам для еўрапейскіх кампаній, інвестыцыі якіх вельмі патрэбныя беларускай эканоміцы.

“Вельмі знакавым у гэтым рэчышчы стаў візіт генеральнага сакратара Энэргетычнай Хартыі спадара Мэрнье. І з беларускага боку прагучалі вельмі добрыя дэкларацыі, але яны так і не ўвасобіліся ў канкрэтныя рашэнні”, – кажа Таццяна Манёнак.

Сінхронна з Расіяй

Словы пра цікаўнасць Беларусі да супрацоўніцтва з Энэргетычнай Хартыяй апынуліся не болей чым дыпламатычнымі рэверансамі. Гэта пацвердзілі ў тым ліку і афіцыйныя асобы з беларускага боку.Сяргей Забалоцец, намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў беларускага парламенту,  падчас сустрэчы з Андрэ Мэрнье выказаў гэткі намер: “Беларусь звязаная з Расіяй дамовамі па энэргетыцы. Мы хочам весці працу па ратыфікацыі дамовы сінхронна”.

“Гэта можа азначаць толькі адзінае – у бліжэйшы час Беларусь не ратыфікуе дамову да Энэргетычнай Хартыі, як гэтага не зробіць і Расія”, – лічыць Таццяна Манёнак.

Насамрэч, пазіцыя Расіі па гэтым пытанні даволі добра азначаная. Яе, у прыватнасці, агучваў старшыня камітэта Дзярждумы па энэргетыцы, транспарту і сувязі Валеры Язеў: “Прыняцце Расіяй Энэргетычнай Хартыі ў яе цяпершанім выглядзе катэгарычна немагчыма, бо Расію не задавальняе некалькі базавых палажэнняў”. У першую чаргу, Расія катэгарчына не жадае дапускаць прыватныя кампаніі да транзіту газа – у той час, як Хартыя прадугледжвае фармаванне транзітных тарыфаў з дапамогай аукцыёнаў.

"Беларусь не праводзіць самастойную палітыку"  

Еўропа зараз шукае шляхі, каб усё ж пераканаць Расію ратыфікаваць Хартыю. У прыватнасці, гэты пункт можа стаць адным з асноўных у перамовах пра ўваход Расіі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. Шмат хто з экспертаў упэўнены, што зрухі ў гэтым кірунку цалкам магчымыя. 

У прыватнасці, сябра рады па знешняй палітыцы Германіі, палітолаг Аляксандр Рар, адзначыў нядаўна, што “Расіі трэба клапаціцца пра рынкі збыту, таму яна не будзе надта давіць на сваіх кліентаў”. А Беларусь, якая прызнае ўласную залежнасць ад усходняга суседа, у кожным разе застаецца ў баку ад прыняцця рашэнняў. “Гэта ёсць вельмі паказальным момантам, – лічыць Таццяна Манёнак. – Сітуацыя яскрава сведчыць пра тое, што Беларусь не праводзіць самастойную палітыку. Усё робіцца, каб не сатць раздражняльнікам у вачах асноўнага пастаўшчыка энерганосьбітаў. Нягледзячы на тое, што Расія выказалася наконт падвышэння коштаў на газ для Беларусі, беларускі урад нібыта ўсё яшчэ імкнеца вытаргаваць іншыя варыянты з “Газпрамам” і атрымаць усё ж нейкія льготы ад расійскага пастаўшчыка стратэгічных энэргарэсурсаў”.

“Прыняцце стратэгічных рашэнняў наконт развіцця энэргетыкі – гэта на сто адсоткаў палітыка”, – упэўнены Яраслаў Раманчук.

Андрэй Аляксандраў

[email protected]

(з выкарыстаннем інфармацыі http://www.encharter.org/index.php?id=1&L=1)

Видео