BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Канцэрн IKEA вывучае магчымасць працы ў Беларусі

24.01.2008
Канцэрн IKEA вывучае магчымасць працы ў Беларусі

Спецыялісты шведскага канцэрна IKEA праводзяць папярэдні аналіз і вывучаюць патэнцыйную магчымасць працы рознічнай сеткі на рынку Беларусі. Пра гэта БелаПАН паведаміла кіраўніца службы па сувязях з грамадскасцю прадстаўніцтва " IKEA Расея і СНД" Аксана Белайчук.

Яна адзначыла, што "па выніках гэтага даследавання можна будзе судзіць пра эканамічную мэтазгоднасць праекту і абмяркоўваць яго больш дэталёва".

"З прычыны таго, што бізнэс у Расеі развіваецца даволі паспяхова, IKEA пачынае прыглядацца да суседніх краін: Украіны, Казахстана, Беларусі", – адзначаюць у кампаніі. "IKEA – сур'ёзны і доўгатэрміновы інвестар, таму пры распрацоўцы планаў рэгіянальнай экспансіі першачарговае значэнне для кампаніі маюць эканамічныя фактары", – падкрэсліла А.Белайчук.

Паводле яе інфармацыі, у Беларусі ўжо некалькі гадоў працуе закупная арганізацыя IKEA, якая каардынуе супрацоўніцтва з беларускімі пастаўшчыкамі.

Нагадаем, 12 верасня 2007 года на прэс-канферэнцыі ў Менску намеснік міністра лясной гаспадаркі Беларусі Мікалай Юшкевіч паведаміў, што канцэрн IKEA гатовы інвеставаць у Беларусь 25 млн. даляраў. Паводле яго слоў, кампанія звярнулася ў Міністэрства эканомікі праз латвійскую кампанію-партнёра з прапановай стварыць у Гарадзенскай вобласці комплекс па вытворчасці мэблі.

Пытанне аб стварэнні ўласнай вытворчасці IKEA ў Беларусі паднімалася яшчэ ў 2001 годзе. Тады з пяцідзённым візітам тут па запрашэнні Міністэрства прадпрымальніцтва і інвестыцый знаходзілася група шведскіх бізнэсмэнаў на чале з уладальнікам канцэрна Інгварам Кампрадам. Планавалася, што вытворчасць будзе арганізаванае шляхам стварэння замежнага прадпрыемства "Шведвуд Беларусь" на тэрыторыі Полацкага раёна (Віцебская вобласць). Паведамлялася, што сума інвестыцый складзе 30 млн. даляраў. Прадпрыемства павінна было займацца лесанарыхтоўкамі, распілоўкай лесу і выпускам мэблі. Аднак, яно так і не было створанае.

Даведка БелаПАН

Шведская кампанія IKEA заснаваная ў 1943 годзе. Цяпер працуе ў 44 краінах. Выпускае і рэалізуе праз сетку буйных крам недарагую зборную мэблю і аксесуары для дому. Асартымент налічвае 9500 артыкулаў.

http://charter97.org/be/news/2008/1/24/3248/

Видео