BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Беларусь “падумае” над абмежаваннем колькасці міжнародных назіральнікаў

23.01.2008
Беларусь “падумае” над абмежаваннем колькасці міжнародных назіральнікаў

Сакратар беларускага Цэнтрвыбаркаму Мікалай Лазавік прызнаўся, што дзейнасць місіі назіральнікаў ад АБСЕ пакідае ў яго “цяжкі асадак” і ў прынцыпе для назірання за выбарамі ў Беларусі хапіла б двух прадстаўнікоў гэтай арганізацыі. Гэтыя заявы сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі па выбарах і правядзеню рэспубліканскіх рэферэндумаў зрабіў падчас прэсавай канферэнцыі ў Амбасадзе Кубы ў Беларусі 17 студзеня. 

“Іх не варта запрашаць для назірання” 

“Беларусь заўсёды праводзіць адкрытую добрасуседскую палітыку. Нам няма чаго хаваць ад суседзяў і сяброў. Мы заўжды запрашаем міжнародных назіральнікаў і працягнем гэтую практыку, у прыватнасці, на бліжэйшых выбарах”, – цытуе спадара Лазавіка БЕЛТА. 

Разам з тым, Мікалай Лазавік адзначыў, што “цяжкі асадак пакідае дзейнасць місіі назіральнікаў ад АБСЕ, іх выніковыя справаздачы аб назіранні абсалютна не адпавядаюць вынікам назіранняў”. 

“Сёння няма больш засакрэчанай місіі, чым місія назіральнікаў АБСЕ, – лічыць сакратар беларускага Цэнтрвыбаркаму. – Ні дзяржавы, якія праводзяць выбары, ні Цэнтральная выбарчая камісія не ведаюць, на чым заснаваныя выніковыя высновы. Мы двойчы спрабавалі атрымаць у АБСЕ матэрыялы, на якіх грунтуюцца негатыўныя высновы, так іх не атрымалі проста таму, што іх няма. Высновы рыхтуюцца загадзя. Болей за тое, за паўтары–два месяцы да выбараў Дзярждэпартамент ЗША робіць папярэдні “прагноз”, дэмакратычныя ці недэмакратычныя будуць выбары. І гэты прагноз кладзецца ў аснову дакумента, які ў выніку выдае місія міжнародных назіральнікаў АБСЕ. Але паўтару: гэта мая суб’ектыўная думка, што яны цалкам сябе скампраметавалі, і іх не варта запрашаць для назірання за выбарамі”. 

Паводле Мікалая Лазавіка, Беларусі разам з Расіяй “трэба падумаць аб абмежаванні колькасці міжнародных назіральнікаў”. 

“12 назіральнікаў ад АБСЕ прысутнічала на выбарах у Польшчы, 20 – у ЗША, у Беларусі – 700. Навошта нам столькі?”, – задаў рытарычнае пытанне спадар Лазавік. Ён параўнаў колькасць назіральнікаў на выбарах у ЗША прапарцыянальна выбарчым участкам, і зрабіў выснову, што ў Беларусі дастаткова будзе двух назіральнікаў ад АБСЕ. 

“Гэта справа ўласна дзяржаваў, выконваць нашы рэкамендацыі ці не” 

Выказванні Мікалая Лазавіка для Еurobelarus.info каментуе Кёрціс Бадэн, прэсавы сакратар Офіса па дэмакратычных інстытуцыях і правах чалавека Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (ОДІПЧ АБСЕ):  “ОДІПЧ выкарыстоўвае правераную метадалогію, якая дазваляе нашым назіральнікам адсочваць суцэльны выбарчы працэс, уключаючы выбарчую кампанію, заканадаўства, працу выбарчых камісій, дзейнасць сродкаў масавай інфармацыі і працу выбарчых участкаў непасрэдна ў дзень выбараў. Нашы высновы базуюцца на паведамленнях асноўнай каманды доўгатэрміновых і кароткатэрміновых назіральнікаў. Гэтыя высновы робяцца публічнымі з дапамогай серыі прамежкавых справаздачаў напярэдадні выбараў, папярэдняй заявы на наступны дзень пасля выбараў і паглыбленай канчатковай справаздачы, якая выдаецца прыкладна цягам двух мясяцаў пасля выбараў. Зазвычай наша канчатковая справаздача ўтрымлівае пэўныя рэкамендацыі, накіраваныя на паляпшэнне выбарчага працэсу, якія мусяць дапамагчы дзяржавам запэўніцца, ці дэмакратычныя выбары яны праводзяць. Вядома ж, гэта справа саміх дзяржаваў, выконваць гэтыя рэкамендацыі ці не”. 

Што тычыцца колькасці ўдзельнікаў місіі па назіранні за кожнымі канкрэтнымі выбарамі, то яна вызначаецца паводле некалькіх фактараў. Прыкладам, мае значэнне, ці мае краіна досвед правядзення дэмакратычных выбараў. “Перад тым, як даслаць місію па назіранні за выбарамі, мы заўсёды папярэдне накіроўваем у краіну спецыяльную місію па вызначэнні патрэбаў. Супрацоўнікі гэтай місіі сустракаюцца з кандыдатамі, палітычнымі партыямі, выбарчымі камісіямі, СМІ, недзяржаўнымі аб’яднаннямі і іншымі зацікаўленымі бакамі, каб сабраць інфармацыю аб перадвыбарчай атмасферы. У дадатак, ОДІПЧ яшчэ раз вывучае вынікі назіранняў за папярэднімі выбарамі, а таксама вызначае, ці былі выкананыя папярэднія рэкамендацыі. Такім чынам вызначаецца, колькі назіральнікаў патрэбна, каб забяспечыць назіранне, вартае даверу. Паколькі розныя краіны маюць розныя ўмовы і розныя дэмакратычныя традыцыі, колькасць назіральнікаў, неабходная для кожнай канкрэтнай місіі, можа адрознівацца ў залежнасці ад абставінаў”, – патлумачыў Кёрціс Бадэн. 
 

Андрэй Аляксандраў

[email protected]

 

Видео