BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

5 мільёнаў эўра на самае лепшае асяродзьдзе ў Беларусі

20.11.2007
5 мільёнаў эўра на самае лепшае асяродзьдзе ў Беларусі

Такую суму гатовая выдзяліць Беларусі Эўрапейская камісія на паляпшэньне навакольнага асяродзьдзя. З гэтай мэтай у Менску знаходзяцца чыноўнікі з Брусэлю і Кіеву, якіх ачольвае дарадца па сувязях з Беларусьсю прадстаўніцтва Эўракамісіі ва Ўкраіне і Беларусі Жан-Эрык Хольцапфель. Сёньня яны ладзяць перамовы з афіцыйнымі і няўрадавымі арганізацыямі Беларусі.

Эўракамісія, якая зьяўляецца выканаўчай уладай Эўразьвязу, мае намер выдаткаваць Беларусі пяць мільёнаў эўра. Як лепш скарыстаць гэтыя сродкі, прадстаўнікі Эўракамісіі вырашаць пасьля сустрэчаў з чыноўнікамі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя. Першая такая размова адбылася яшчэ ўчора. Але эўрапейцы прысутнічалі на ёй ня ў поўным складзе -- з-за дрэннага надвор’я ня ўсе сябры дэлегацыі змаглі своечасова прыляцець у Менск.

Эўрапейцы ня могуць ігнараваць дзяржаўных чыноўнікаў, паколькі сродкі выдзяляюцца ў рамках праграмы ТАСІС. А любы праект з гэтай праграмы абавязкова мусіць быць зацьверджаны ўрадавым бокам.

Яўген Шырокаў – старшыня праўленьня міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня “Эколяг” -- лічыць, што 5 мільёнаў эўра даволі вялікія грошы:

“Калі гэтыя грошы патраціць, як кажуць, з розумам, дык можна нейкім чынам паўплываць на сытуацыю. На ўсю Беларусь, зразумела, гэтых сродкаў ня хопіць, яны проста размажуцца. Але ёсьць пэўныя кірункі, пэўныя праекты, пра якія можна было падумаць”.

Пакуль бакі ня вызначаліся, ня якія канкрэтна праекты пойдуць эўрапейскія грошы. Урадавыя чыноўнікі прапануюць скарыстаць іх на мерапрыемствы, што закладзеныя ў Нацыянальную праграму аховы асяродзьдзя. У гэтым прадстаўнікі экалягічных рухаў бачаць небясьпеку. На думку Яўгена Шырокава, дзяржаўная праграма не прадугледжвае вырашэньня найбольш вострых праблем:

“Гэта, так бы мовіць, цякучка. Праграма, на жаль, не накіраваная ў будучыню і не расшывае вузкія месцы. Вось гэта сумна”.

Васіль Якавенка – пісьменьнік, кіраўнік Беларускага сацыяльна-экалягічнага саюзу “Чарнобыль” вызначае цяперашні стан навакольнага асяродзьдзя ў Беларусі як “мала здавальняючы”:

“У нас перасталі займацца праблемамі чарнобыльскай бясьпекі. Радыяцыя распаўзлася па ўсёй рэспубліцы. Яна дзейнічае на псыхіку, на розныя органы чалавека. Вось гэта асноўная наша бяда, што перасталі займацца гэтым, што перасталі адчуваць, што гэта можа быць небясьпечным.

Агульная палітычная сытуацыя ў Беларусі і жабрацтва многіх слаёў насельніцтва даводзіць да выпрабаваньня нэрваў і псыхікі. Таму за апошнія тры гады больш, чым падвоілася колкасьць псыхічных захворваньняў насельніцтва, прынамсі і дзяцей”.

Спадар Якавенка таксама ня мае вялікіх спадзяваньняў на нацыянальныя праекты. І вось чаму:

“Пры міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя ёсьць грамадзкая рада. Але гэта фактычна – фігавы лісточак. Таму што яе ачоліў сам міністар. А калі міністар ачольвае грамадзкую раду, дык яна перастае быць грамадзкай. Ды і раней зь ёю не лічыліся. Быццам, слухаюць, а насамрэч робяць свае справы, як ім патрэбна. І калі гэта ідзе праз ТАСІС, дык наўрад ці бальшыня грамадзкіх арганізацыяў дачакаюцца гэтай дапамогі”. 

http://www.svaboda.org/articlesfeatures/politics/2007/11/E168F677-B4C6-461B-BFDC-4D58F49797B4.html

Видео