BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Беларускія пытаньні закранае "Gazeta Wyborcza"

17.11.2007
Беларускія пытаньні закранае "Gazeta Wyborcza"

Беларускія пытаньні закранае "Gazeta Wyborcza". Яна прыводзіць выказваньне камандуючага ракетных войскаў Расеі, які заявіў, што Расея можа ўзброіць Беларусь сучаснымі ракетамі кароткага радыюсу дзеяньня. Гэта быў бы адказ Расеі на разьмяшчэньне элемэнтаў супрацьракетнага шчыта ў Польшчы. Пагрозы генэрала Ўладзімера Зарыцкага – гэта чарговы этап вайны нэрваў, якую Масква вядзе з Захадам. Некалькі месяцаў таму расейскі амбасадар у Менску заявіў пра пляны разьмяшчэньня атамнай зброі ў Беларусі, але праз два дні аспрэчыў сваё ж выказваньне пад націскам беларускага й расейскага МЗС. Учора беларускае МЗС таксама казала СМІ, што нічога ня ведае пра пляны расейцаў.

Генэрал Зарыцкі пагражаў таксама, што ў адказ на будову шчыта Расея можа падоўжыць радыюс дзеяньня ракетаў Іскандэр-М да больш чым 500 кілямэтраў. Гэта раўналася б парваньню расейска-амэрыканскага пагадненьня аб ліквідацыі ракет кароткага й сярэдняга радыюсу дзеяньня. Даволі дзіўная заява, паколькі яшчэ тыдзень таму кіраўнік генэральнага штабу Расеі Юры Балуеўскі запэўніваў, што Расея ў бліжэйшым часе не зьбіраецца парываць гэтае пагадненьне.

"Gazeta Wyborcza" піша таксама – у чарговы раз – пра цану візаў для грамадзян усходніх суседзяў Польшчы пасьля ўступленьня краіны ў Шэнгенскую зону. Віцэ-міністар замежных справаў Павал Коваль заверыў, што Польшча пастараецца захаваць ільготы для ўкраінцаў, якія цяпер атрымліваюць візы бясплатна. Звыш дзесяці катэгорыяў украінцаў атрымае права да бясплатных візаў. Гэтыя льготы ахопяць аж палову жыхароў Украіны. Падобнае пагадненьне палякі хацелі б падпісаць таксама зь беларусамі. Апроч гэтага, кіраўнік МЗС зможа звольніць грамадзян канкрэтных краін ад абавязку аплаты за візу. На думку Коваля, цана 75 эўра за гэтак званую нацыянальную візу будзе фігураваць вельмі рэдка. Нацыянальную візу атрымаюць асобы, якім патрэбная польская віза на больш працяглы час – напрыклад студэнты, людзі, якія маюць дазвол на працу ў Польшчы. Права на бясплатную нацыянальную візу ў Польшчу атрымаюць таксама ўладальнікі гэтак званай Карты паляка. Нацыянальная віза – гэта шлях, па якім Польшча можа абысьці абавязак увесьці дарагія візы для грамадзянаў Расеі, Беларусі ды Ўкраіны. У выпадку гэтых візаў магчыма будзе ўвесьці шматлікія льготы. Праўда, згодна з распараджэньнем Эўразьвязу, колькасьць нацыянальных візаў не павінна перавысіць 3% ад агульнай колькасьці. Але польскія дыпляматы неафіцыйна кажуць, што на практыцы іх можа быць больш. А 3% - гэта толькі ідэал, да якога павінны імкнуцца краіны Эўразьвязу. Напрыклад, Гішпанія выдае 22% нацыянальных візаў, Нямеччына – 8%, а Францыя – 6%.

http://www.polskieradio.pl/zagranica/news/artykul69466.html

Видео