BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Карлсанам можаш ты ня быць, а ў Стакгольме пабываць абавязаны

05.11.2007
Карлсанам можаш ты ня быць, а ў Стакгольме пабываць абавязаны

Першы знаёмы швэдзкі твар, які сустракае падарожніка ў стакгольмскім аэрапорце, - твар Астрыд Ліндгрэн. Яе партрэт разьмешаны сярод іншых знакамітых швэдаў на сьценах аэрапорта. Можа, і знакамітых для сьвету, але ж беларусы найчасьцей адразу пазнаюць хіба што толькі любую зь дзяцінства пісьменьніцу. Што ж, прапаную і вам прыгадаць дзяцінcтва й адправіцца ў падарожжа па Стакгольму калі ня з Ліндгрэн, дык зь яе героем - Карлсанам.

 

“Дзе тут можна ў вас прызямліцца?”

Ад аэрапорта “Арланда” да самога горада Стакгольма некалькі дзесяткаў кілямэтраў, таму, пакуль вы вагаецеся, паехаць на аўтобусе альбо ўзяць на пракат лебядзей у добрага Нільса, Карлсан будзе заводзіць свой прапэльлер і расказваць вам кароткую гісторыю горада.

stockholm-4.jpg

Першае ўзгадваньне пра Стакгольм зьвязана з бойкай на Чудзкім возеры. Аляксандр Неўскі быў яўна не ў настроі, таму ня стаў забіваць ці нават браць у палон варага, які й прыказаў пасьля заснаваць горад на адной з выспаў заліва Сальтшон. Надалей прыйшлі немцы й разьвярнулі гандаль, аднак канчаткова ўлада перайшла ў рукі швэдаў толькі напрыканцы XV стагоддзя. Дарэчы, Стакгольм як сталіца не плянаваўся. Занадта шмат пакут перанёс горад: і пажары, і эпідэмію чумы, і паражэньні ў войнах. Аднак яго адбудавалі й усё ж зрабілі сталіцай.

“Чаго равеш? Ты ж мне ўсю рыбу распужаў!”

stockholm-2.jpg

Сустрэць рыбака ў цэнтры горада, дзяўчыну ў купальніку ці дзяцей, што будуюць палацы зь пяску абсалютна спакойна можна ў Стакгольму. Яшчэ б: горад разьмешчаны на выспах. Гэта, з аднаго боку, суцэльная рамантыка, а з другога - нязручнасьць у камунікацыі. Праз адчай швэды разбурылі частку старога горада і зьвязалі, як маглі, часткі чыгункай. Зараз праблема існуе з мэтро, пракладваць якое пад вадой праблематычна.

Дарэчы, Карлсан аматар карыстацца ўласнымі сродкамі перасоўваньня па горадзе, аднак адразу вас папярэдзіць, што праезд у грамадзкім транспарце даволі дарагі для беларускага турыста. Напрыклад, аднаразовы квіток на адну галіну мэтро каштуе 40 крон (ля 13 тысяч беларускіх рублёў), аднак гэта цэлы падземны горад з выставамі, таму варта зазірнуць і туды. Квіток на аўтобус каштуе крыху меней - 30 крон (ля 10 тысяч беларускіх рублёў).

“Такая вялікая домамучыцельніца ў такую маленькую скрыначку?”

Стары горад называецца па-швэдзку Гамла Стан і знаходзіцца на выспе, якая, дарэчы, штогод падымаецца над ўзроўнем мора ўсё вышэй і вышэй, быццам паказвае веліч швэдзкай гісторыі.

stocholms-street-5.jpg

Старажытныя дамы, брукаванка, помнікі, вытанчаныя ліхтары, ад якіх сьветла нават ноччу… Што яшчэ патрэбна для таго, каб душа трапятала ад радасьці? Вузкія вулачкі? Без праблемаў. Толькі ў гэтым горадзе вы сустрэнеце ня проста вузкую вулачку, як у большасьці старых эўрапэйскіх гарадох, вы пройдзеце па вулачцы, у якой два Карлсаны яўна не разьвярнуцца.

“Малыш, за табой пажарнікі прыехалі. Вунь, карабкаюцца!”

Адным з самых папулярных месцаў сярод турыстаў зьяўляецца Каралеўскі палац. Там месьцяцца працоўныя габінэты каралеўскай сям’і, прадстаўнікоў якой расцэньваюць як дзяржаўных служкаў, таму выплочваюць фіксаваную зарплату (памер якой, праўда, 10 мільёнаў крон), а каралеўскія дзеці ходзяць у звычайныя садзік і школу.

Сам Палац вялікі - 608 пакояў. Славіцца ён і сваёй багатай бібліятэкай, а таксама зьменай варты. Ня толькі турысты, але й сам кароль любіць паглядзець за гэтай працэдурай. Гвардзейцы на дзіва ўсьміхаюцца, дазваляюць сябе фоткаць і нават часам пазіруюць. Самае цікавае, што зьмяняюцца яны з такой хуткасьцю, што расслабленае спакоем вока турыста ледзьве пасьпявае за белымі панчохамі й пальчаткамі.

“Зараз мы ўбачым прывід! Дзікі, але прывабны”

nobel-prizes-palace.jpgСапраўдная ж улада належыць не каралю, а Рыгстагу - Парлямэнту. А насупроць будынка яго знаходзіцца Ратуша. Які горад без сваіх прывідаў і легендаў? Стваральнік гэтай Ратушы зьмясьціў там “фальшывую магілу” заснавальніка горада, аднак падман раскрылі. А зараз у гэтым будынку праходзіць фуршэт у гонар ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі.

“Спакой, толькі спакой…”

Сапраўдны спакой ахінае любога, хто ідзе ўздоўж возера. Так, ня мора. Хаця ў межах горада ёсьць некалькі шлюзаў да мора (самы вядомы - Slussen), празь які прыплываюць караблі з Балтыкі й возера Маларэн. Уздоўж наберажнай жа стаяць розныя караблі, большасьць якіх ці то гатэлі, ці то кавярні.

“Эх, патрапіш да вас у госьці - навучысься есьці ўсялякую гадасьць”

Гэта Карлсан, вядома, пра адсутнасьць сочыва ці яшчэ чаго салодкага. Насамрэч, швэдзкая кухня вельмі нават прыемная. Асабліва на смак. Аднак каму-каму, а беларусу нічога дзіўнага ў ёй ня будзе: бульба, рыба, яйкі, сыры…

Ежа й кошты ў рэстарацыях і крамах, вядома, розныя, аднак за кубачак гарбаты зь пірозівам вы заплоціце ў невялічкай кавярні ў цэнтры горада прыблізна 60 крон (20 тысяч беларускіх рублёў).

“Ты ведаеш, мая бабуля - чэмпіён сьвету па абдымках! Як наляціць, як абдыме! Карлсанчык, дарагі!”

tonel-1.jpg

Што б ні казалі пра халоднасьць швэдаў, гэта вельмі радушны народ. Яны ведаюць, што такое Беларусь. Яны цудоўна валодаюць ангельскай мовай. І яны, у рэшце рэшт, абсалютна лёгка ідуць на знаёмства. Так што ад суму й адзіноты ў Стакгольме вы дакладна не памроце.

“А-ля-ля-ля-ля, а можа, я звар’яцела? … як шкада!”

czuvak-na-vulicy.jpg

Начны Стакгольм - гэта асобная гісторыя. Ён поўны экстравагантна апранутай моладзі, ці наадварот - неапранутай. Так, на маім шляху паўзло (менавіта паўзло) нешта напаўголае рудое ў кедах. Начных клюбаў у Стакгольму таксама хапае, вакол іх тусуецца даволі шмат моладзі.

“Ён уляцеў, але абяцаў вярнуцца”

Пакідаючы гэты горад на выспах, вы ўсё адно будзеце глядзець на партрэт Астрыд Ліндгрэн і пытаць: “У чым жа насамрэч загадка скандынаваў і як яе разгадаць?” А Карлсан, што быў з вамі ўвесь час, прамовіць вам сваё звычайнае “Спакой, толькі спакой”. Загадка й ёсьць для таго, каб разгадаць яе самому, паблукаўшы ня раз па вулачках Стакгольму, кідаючы кроны ў адзін са шматлікіх каналаў, і ў чарговы раз пераканацца, ужо заходзячы ў самалёт, што вы так нічога й не разгадалі.

Ната Пясэцкая, UFF-by.org, фота аўтара

https://www.uff-by.org/2007/10/27/1909/

Видео