BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

“Урок беларускай мовы” атрымаў у Бэрліне ўзнагароду ад Прэзыдэнта Эўрапейскага Парлямэнту

05.11.2007
“Урок беларускай мовы” атрымаў у Бэрліне ўзнагароду ад Прэзыдэнта Эўрапейскага Парлямэнту
На прэстыжным фэстывалі “Пры-Эўропа” (“Prix Europa”) фільм “Урок беларускай мовы” польскага рэжысэра Міраслава Дэмбіньскага, які апавядае пра падзеі вясны 2006 года ў Мінску, атрымаў перамогу ў адмысловай намінацыі “Найлепшая дакумэнтальная стужка”. Гэта 16-ая узгагарода фільма Міраслава Дэмбіньскага.

Штогадовы фэстываль “Пры-Эўропа” адбываецца зь ініцыятывы Эўрапейскага Парлямэнту й Рады Эўропы ў 21-ы раз. Дасьведчанае журы супольна з гледачамі адзначае найвыбітнейшыя праекты тэлевізіі, радыё й інтэрнэту. Пераможца атрымоўвае званьне ляўрэата “Пры-Эўропа” і чыгунную статуэтку мінатаўра. “Пры-Эўропа” лічыцца найпрэстыжнейшай эўрапейскай узнагародай у галіне мэдыямастацтваў.

347231img605.jpgВечарам 20 кастрычніка ў цэнтральным офісе нямецкага камунікацыйнага апэратара “Дойчэ тэлеком” (“Deutche Telecom”) адбылася цырымонія ўганараваньня пераможцаў, адкуль вялася прамая трансьляцыя па асноўных эўрапейскіх каналах. Найлепшым мастацкім фільмам стала стужка “Сьцяна” нямецкага рэжысэра Гартмута Шона (Hartmut Schoen), найлепшай дакумэнтальнай радыёперадачай – рэпартаж данскага рэжысэра Крыстэра Мольцэна (Krister Moltzen). У намінацыі “Інтэрнэт” перамогу атрымаў праект брытанскага BBC “Зьмяненьне клімату”. Журы таксама ўручыла шэраг спэцыяльных прызоў.

Фільм Міраслава Дэмбіньскага “Урок беларускай мовы” быў адзначаны адмысловым прызам як “Найлепшы дакумэнтальны фільм”. Узнагарода была ўручана аднаму з герояў стужкі Франаку Вячорку. У сваім выступе малады палітык сказаў:- “Пры-Эўропа” – гэта знак салідарнасьці эўрапейцаў з маладымі беларусамі, якія не баяцца выказваць сваё меркаваньне, якія не баяцца быць зьбітымі міліцыяй альбо трапіць у турму за свае палітычныя перакананьні.

На цырымоніі прысутнічала найвышэйшае кіраўніцтва Эўрапейскага Парлямэнту й Рады Эўропы, а таксама прэзыдэнты найбуйнейшых мэдыяканцэрнаў. У заключнай частцы цырымоніі выступіў Прэзыдэнт Эўрапейскага Парлямэнту Ганс-Герт Пётэрынг. Ён павітаў “усіх беларусаў, якія змагаюцца за свабоду”. Пётэрынг сказаў, што Эўрапейскі Зьвяз зробіць усё магчымае, каб беларусы не пачуваліся самотнымі, і будзе надалей працягваць падтрымку на дэмакратычныя зьмены ў краіне.

Алесь Кастрыцкі, UFF-by.org

https://www.uff-by.org/2007/10/22/1835/

Видео