BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Арлоў і немцы скарылі берасьцейцаў

30.10.2007
Арлоў і немцы скарылі берасьцейцаў

На Тыдні нямецкай культуры і мовы адбыліся чытаньні твораў вядомага пісьменьніка ў арыгінале і замежным перакладзе.

 

Нямецкамоўны швайцарскі журналіст і пісьменьнік Ганс Петэр Куніш, перакладчык з беларускай на нямецкую Андрэ Бём і Уладзімер Арлоў тры гадзіны чыталі свае творы і пераклады ў Літаратурным аўтобусе, які накалясіў па Берасьці больш за сто кілямэтраў, падбіраючы на прыпынках аматараў літаратуры.

Публіка была ў асноўным маладая, ахвотная на воплескі, ды бадай што іх не было б бяз якасьці чытаных твораў.

Спадар Арлоў сказаў:

– Для мяне такія чытаньні ўпершыню. Некаторыя эсэ я ўжо чытаў, але большасьць сёньняшніх тэкстаў  новыя. Яны паўсталі пад час вандровак, да якіх я як чалавек з авантурнай жылкай ахвочы. Натуральна, калі атрымаў прапанову арганізатараў Тыдня нямецкай мовы і культуры, абмежаваўся вандроўкамі ў Нямеччыну і тымі тэкстамі, якія ўжо перакладзеныя на нямецкую мову.

Навацыяй сваёй прэзэнтацыі назваў спадар Арлоў вершы, якія ён у сталым веку занатоўвае вэрлібрам. У маладыя гады пісаліся клясычныя рымы, а цяпер кшталтуецца свабодны верш.

Спадар Бём выкладае ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце як лектар Нямецкай службы акадэмічных абменаў. Беларускую мову вывучаў спачатку ў Нямеччыне, а потым у Беларусі.

– Мае студэнты і калегі ў Менску пераймаюцца маім веданьнем мовы. Бо самі яны ня ўсе далёка гэта робяць, – кажа спадар Бём. – Адзінкі, калі не памыляюся, ставяцца цынічна, але большасьць, па-мойму, паважае.

Пераклады твораў Арлова, Разанава, маладых беларускіх аўтараў Андрэ Бём друкуе ў літаратурным часопісе "Усходнія сустрэчы", які выходзіць у Дрэздэне.

Для спадара Куніша сёньняшні досьвед першы ў сваім родзе, як і першая кніга, зь якой ён прыехаў у невядомую Беларусь.

Сярод аўтобусных удзельнікаў былі заўважаныя ня толькі студэнты-германісты і школьнікі школаў з пашыраным вывучэньнем нямецкай мовы. Былі і мясцовыя пісьменьнікі.

Сяргей Прылуцкі сказаў:

– Нармалёва. Мне як гісторыку гэта цікава, і як аўтару тэкстаў таксама.

Затое спадар Барысюк быў крытычны:

– Уладзімер Арлоў вельмі добры празаік. Можа, імя і можна нагружаць, але вершы гэта не яго стыхія...

Увечары адбылася другая сэсія літаратурнага трыа – гэтым разам не на колах, а ў рэстарацыі "Стары Горад" пад гукі скрыпкі.

Гэтая прэзэнтацыя была часткай Тыдня нямецкай мовы і культуры. Мерапрыемства раней штогод ладзілася ў Менску, але цяпер вырашылі ўпершыню правесьці яго ў рэгіёне.

Пятро Васілеўскі

http://www.bulletinonline.org/main/Members/zacharias/bulletinfolder.2006-06-07.6125589863/bulletinedition.2007-10-04.9072537449#bulletinarticle.2007-10-30.3248939547

Видео