BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

16 дэпутатаў Еўрапарламента падпісалі дэкларацыю ў абарону гістарычнага цэнтра Гродна

09.10.2007
16 дэпутатаў Еўрапарламента падпісалі дэкларацыю ў абарону гістарычнага цэнтра Гродна

Аб гэтым карэспандэнту EuroBelarus.info паведамілі ў прэсавай службе Еўрапейскага парламента. Афіцыйная заява, з якой выступіў польскі еўрадэпутат Тадэуш Звефка, адкрыта да подпісаў яго калегаў з 24 верасня. Калі да 24 снежня гэтага году больш за палову з 785 дэпутатаў Еўрапарламента паставяць свае подпісы пад дэкларацыяй, яна будзе накіравана ў якасці афіцыйнага звароту да Еўрапейскай Камісіі. 

У заяве згадваецца аб тым, што Беларусь у 1996 годзе далучылася да Еўрапейскай Канвенцыі па ахове археалагічнай спадчыны. Згодна з Міжнароднай хартыяй кансервацыі і рэстаўрацыі помнікаў і мясцінаў (Венецыянскай хартыяй), помнікамі з’яўляюцца не толькі вялікія творы мастацтва, але аб’екты культурнай значнасці. У той жа час, сцвярджаюць еўрапейскія парламентарыі, мясцовыя ўлады Гродна не маюць зразумелай праграмы аднаўлення гістарычнага цэнтра горада. Да таго ж, у выніку будаўнічых работ у цэнтры Гродна без аніякіх папярэдніх археалагічных доследаў ужо знішчаны «сярэднявечны выгляд былой рынкавай плошчы», а далейшыя планы па будаўніцтву новай дарогі з цэнтра горада «могуць прывесці да далейшага пашкоджання помнікаў у гістарычнай частцы Гродна».

Таму Еўрапейскі парламент звярнуўся да ЮНЭСКА з прапановай стварыць міжнародную камісію, якая магла б сабраць меркаванні спецыялістаў наконт захавання і рэстаўрацыі Старога Гродна з перспектывай уключэння яго да спісу сусветнай спадчыны ЮНЭСКА.

Да таго ж, у дэкларацыі асуджаюцца цяперашняя «праграма рэканструкцыі» гістарычнага цэнтра Гродна, якая «далёкая ад беларускіх і еўрапейскіх прынцыпаў датычных археалагічнай і рэстаўрацыйнай працы». Таму еўрадэпутаты заклікалі мясцовыя ўлады Гродна разгледзець іншыя планы развіцця транспартнай сеткі, якія б не шкодзілі гістарычнаму цэнтру горада, а таксама весці кансультацыі ў пытаннях рэстаўрацыі з незалежнымі экспертамі, - у тым ліку еўрапейскімі.

Андрэй Аляксандраў

[email protected] 
Видео