BE RU EN
rss facebook twitter

Эўракамісія: страты Беларусі ад эўрасанкцый – 12 мільёнаў эўра

26.09.2007
Эўракамісія: страты Беларусі ад эўрасанкцый – 12 мільёнаў эўра

Паводле інфармацыі Эўрапейскай камісіі, страты Беларусі ад выключэньня з Генэральнай сыстэмы прэфэрэнцый Эўразьвязу складуць каля 12 мільёнаў эўра за год. 

Прадстаўніца Эўракамісіі ў прыватнасьці сказала: "Мы атрымалі розную інфармацыю аб мяркуемых стратах. Называлася нават сума ў 300 млн. эўра. Паводле нашых дадзеных, Беларусь будзе губляць каля 12 млн. эўра за год, гэта каля 0,4% усяго беларускага экспарту ў Эўразьвяз”.

“Выключэньне з сыстэмы прэфэрэнцый зьяўляецца хутчэй палітычнай мерай”

"Гэта невялікая сума. Але выключэньне з Генэральнай сыстэмы прэфэрэнцый зьяўляецца хутчэй палітычнай мерай”, — зазначыла прадстаўніца Эўракамісіі.

Такое меркаваньне раней выказваў “Свабодзе” і старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук:

“З майго гледзішча, тут размова ідзе не пра матэрыяльныя страты – я лічу, што гэта значна менш чым 400 ці 300 мільёнаў – размова ідзе пра тыя маральныя страты, якія нясе наша краіна, наш урад, моцны ўдар па іміджу краіны. Тут палітычныя страты значна большыя, чым эканамічныя. Напэўна, таму і была такой нэрвовай афіцыйная рэакцыя беларускага боку на гэтае рашэньне”.

Рашэньне аб пазбаўленьні Беларусі гандлёвых ільготаў было прынятае 20 сьнежня 2006 года з адтэрміноўкай уступленьня ў сілу на паўгода. Аднак на канфэрэнцыі Міжнароднай асацыяцыі працы , што праходзіла ў Жэневе з 30 мая па 15 чэрвеня, была канстатаваная "адсутнасьць прагрэсу ў галіне правоў на свабоду асацыяцый у Беларусі". Таму 21 чэрвеня 2007 году рашэньне аб выключэньні Беларусі з Генэральнай сыстэмы прэфэрэнцый набыло моц.

Прэфэрэнцыі можна вярнуць – калі "праводзіць пазытыўныя зьмены і выконваць правы працоўных"

Міністэрства замежных спраў Беларусі раней заяўляла, што рашэньне Эўразьвязу ня стане сур’ёзным выклікам для эканомікі і грамадзян Беларусі. Паводле заявы беларускага зьнешнепалітычнага ведамства ад 21 чэрвеня 2007 г., Беларусь расцэньвае гэтае рашэньне як часовае і разьлічвае, што аб’ектыўная неабходнасьць у наладжваньні і разьвіцьці добрасуседзкага супрацоўніцтва зь Беларусяй прымусіць Эўразьвяз да яго хутчэйшага перагляду і адмены.

Прадстаўніца Эўракамісіі ў гэтай сувязі зазначыла: “Той факт, што прэфэрэнцыі можна вярнуць, зьяўляецца добрым стымулам для ўраду Беларусі праводзіць пазытыўныя зьмены і выконваць правы працоўных".

Канада пазбаўляе Беларусь гандлёвых прэфэрэнцый, 1.08.2007
Беларусь і Эўропа без прэфэрэнцый, 26.06.2007
А.Ярашук: "Скасаваньне прэфэрэнцый – перадусім палітычная страта", 21.06.200 

Радыё Свабода

Видео