BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

«Белсат» здымае беларускіх музыкаў

11.09.2007
«Белсат» здымае беларускіх музыкаў

Базаваны ў Польшчы беларускамоўны спадарожнікавы тэлеканал “Белсат” запрасіў беларускіх музыкаў запісваць музычныя кліпы на аснове сваіх твораў. Ад самага пачатку меркавалася, што да канца году будзе зроблена каля сотні кліпаў. Але каардынатар праекту лічыць такую лічбу нерэальнай. 

Два кліпы за тры дні?

Каардынатар праекту з польскага боку Ігар Знык лічыць, што лічба, да якой імкнуўся “Белсат”, маларэальная:

“Белсат” меркаваў, што да канца году будзе зьнята 100 кліпаў ці каля таго. Але ад самага пачатку было зразумела, што гэтага ніхто ня здатны зрабіць. З другога боку, лепш імкнуцца да нерэальнага, чым паставіць нізкую рысу і толькі на ёй і спыніцца. Мы арыентуемся, што здымаем два кліпы на тыдзень. У сярэднім. Але ж здараюцца і тыдні, калі нічога не здымаем наагул”.

Схема гэткая: з гуртом дамаўляюцца, калі яны прыедуць у Варшаву, сустракаюць на вакзале, вязуць на здымкі, абмяркоўваюць сцэнар, здымаюць і разьвітваюцца. На ўсё – ня болей за 3 дні.

“Калі ў гурту ёсьць уласныя прапановы што да сцэнару, думкі, то ясна – усе адкрытыя да гэтага. А калі няма, то можа дапамагчы польскі бок фірмы”, – гаворыць Ігар Знык.

Варашкевіч: “Змантавалі на хуткую руку...”

Супярэчыць такім заявам Сяргей Скрыпнічэнка, лідэр гурту “Жыгімонт Ваза”, які ўжо зьняў два кліпы ў Варшаве:

“Зусім ня згодны з гэтым цьверджаньнем. Мы мелі свае 2 сцэнары на 2 кліпы, але нам у іх адмовілі. Прычым прапанавалі загадзя напісаныя сцэнары на нашыя песьні. Здымалася ўсё ўрэшце па польскіх сцэнарох, урэшце атрымалася ўсё значна горш, чым можна было. І не задаволеныя засталіся абодва бакі – і мы, і польскі бок”.

Лідэр гурту “Крама” Ігар Варашкевіч расчараваны супрацай яшчэ больш:

“Там была добрая фактура, але змантажавалі, як выглядае, на хуткую руку. Урэшце, я адзін раз гэта глядзеў, што атрымалася, – больш глядзець ня буду”.

"Плюсы: у нас не было кліпаў, а яны зьнялі..."

А вось лідэр гурту “IQ48” Аляксандар Ракавец цалкам задаволены творчай супрацай з польскім бокам:

“Ну, плюсы ў чым? У нас кліпаў няма, як іх зьняць – няма як. Дык вось паехалі, зьнялі за іх грошы кліпы. Вынік што – вынік станоўчы, я нават меншага чакаў. Мне спадабалася, што атрымалася... Гульня са сьвятлом, сьвятло ў цемры”.

Паводле беларускіх музыкаў, першапачаткова меркавалася зьняць каля тысячы кліпаў беларускіх выканаўцаў у супрацы з тэлеканалам “Белсат”. Разам з тым тэлеканал адмаўляецца прымаць да будучага эфіру ўжо зьнятыя за колькі гадоў кліпы беларускіх музыкантаў, аргумэнтуючы гэта іх недахопамі творчых ды тэхнічных вартасьцяў.

Радыё Свабода

ЕГУ, Путь из варяг в греки, Увлекательная велосеть, Детская художественная школа имени Шагала и РОтко, Международные выставки в полоцкой художественной галерее. 
Видео