BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Моладзь пра Эўропу і эўраінтэграцыю

05.09.2007
Моладзь пра Эўропу і эўраінтэграцыю

За паўтара месяцы да правядзеньня Эўрапейскага Маршу прэс-служба Партыі БНФ вырашыла запытацца ў маладых людзей пра тое, што яны думаюць пра Эўропу і эўраінтэграцыю. Ці павінна Беларусь, на іх погляд, стаць сябрам Эўрапейскага Зьвязу? 

Алесь, 18 год, студэнт: “Так, я думаю, што павінна, бо мы гістарычна зьяўляемся цэнтрам Эўропы і мы маем поўнае права стаць сябрам ЭЗ. А перашкаджае гэтаму толькі пазыцыя нашага кіраўніцтва, якое ня можа і ня хоча праводзіць эўраінтэграцыйную палітыку”.

Алена, 18 год, скончыла гуманітарны ліцэй: ”Павінна. Бо гэта шлях да развіцьця эканомікі і лепшага жыцьця людзей”.

Саша, 20 год, студэнтка: “Зараз такі час глябалізацыі, і Беларусі як краіне, якая знаходзіцца паміж Эўропай і Расеяй, трэба нешта выбіраць, у нас не такія добрыя эканамічныя ўмовы, каб быць Швайцарыяй у цэнтры Эўропы.

І калі выбіраць паміж двума гэтымі суб`ектамі, я думаю, што лепшым для нас будзе эўрапейскі выбар, бо, як паказвае досьвед іншых эўрапейскіх краін, якія зьяўляюцца сябрамі ЭЗ, сяброўства ў гэтай арганізацыі дае магчымасьць для захаваньня сваіх традыцыяў і эканамічнага развіцьця. Мне здаецца, што перашкаджае тое, што існуючая ўлада глядзіць ня ў бок Эўропы, а ў бок Расеі”.

Антон, 24 гады, медык: ”Я думаю, што нам трэба выбіраць Эўропу, бо мне як чалавеку з вышэйшай адукацыяй цяжка жыць у нашай краіне. У нашай краіне адукацыя не стасуецца з заробкам. Калі ты адвучыўся шэсьць год і пайшоў па размеркаваньню, ты атрымоўваеш заробак меншы за заробак звычайнага працоўнага на будоўлі, а ў Эўропе вышэйшая адукацыя - гэта каштоўнасьць і інтэлектуальная праца аплочваецца больш годна, чым фізычная. А перашкаджае нам уступіць у ЭЗ вялікі ўплыў пазыцыі нашага прэзыдэнта і тое, што самі беларусы прывучаны не адчуваць патрэбу ў годным жыцьці”.

Хартыя`97

Видео