BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Уладзімір Колас: Стан беларускай мовы ў ВНУ - ганебны, каланіяльны, нейкае гета і заняпад

23.01.2015 Алена Барэль, ЕўраБеларусь
Уладзімір Колас: Стан беларускай мовы ў ВНУ - ганебны, каланіяльны, нейкае гета і заняпад
Кіраўнік Коласаўскага ліцэю сумняваецца ў шчырасці заявы новага міністра адукацыі датычна паступовай беларусізацыі ўніверсітэтаў краіны. Ці вернецца беларуская мова ў нашыя ВНУ, як абяцае чыноўнік?

21 студзеня новы міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў заявіў пра тое, што больш за палову прадметаў ва ўніверсітэтах Беларусі паступова будуць выкладаць на беларускай мове, і нібыта Мінадукацыі ўжо параіла выкладаць гісторыю і яшчэ шэраг прадметаў па-беларуску. Паступовае ўкараненне беларускай мовы ў навучанне студэнтаў Жураўкоў назваў "нармальнай з’явай" і зазначыў, што гэта трэба заахвочваць.

Выпадкова ці не, але заява міністра прагучала адразу пасля выступу кіраўніка дзяржавы на з'ездзе паслядоўнікаў камсамолу, дзе закраналася і пытанне роднай мовы. А днямі беларусы даведаліся пра цікавыя погляды свайго лідара на пытанне нацыянальнай ідэнтычнасці і мовы праз кнігу прафэсара Ёфэ - зборнік інтэрв'ю з Аляксандрам Лукашэнкам "Reassessing Lukashenka". Прэзідэнт прызнаўся амерыканцу, што "ніколі не прыніжаў беларускую мову", а "ўсе пытанні - да Машэрава".

Дык ці вернецца беларуская мова ў нашыя ВНУ, як абяцае міністр? І ці мажлівы зараз, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, працэс разгортвання беларусізацыі сістэмы вышэйшай адукацыі? Пра гэта мы пагутарылі з заснавальнікам і кіраўніком Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа, кінарэжысёрам і педагогам Уладзімірам Коласам.

- На вашае гледзішча, наколькі заява новага міністра адукацыі адпавядае моўнай палітыцы міністэрства? Ці насамрэч назіраецца тое, што чыноўнікі імкнуцца ўкараняць беларускую мову ў сістэму адукацыі?  

- Такія памкненні, я лічу, трэба вітаць. І, канешне, хочацца верыць, што так яно і будзе. Адзінае, што невядома, наколькі гэта ўсё шчыра. Напэўна, жыццё само падштурхоўвае нашыя ўлады, разварочвае іх тварам да таго, што варта безумоўнай падтрымкі.

З другога боку, наш ліцэй, які мае вялікі досвед у справе беларусізацыі, у выкладанні ўсіх прадметаў па-беларуску, пакуль знаходзіцца неяк па-за ўвагай. Ніякіх прапаноў, ніякіх прабачэнняў мы не чулі. Таму ў поўную шчырасць той заявы, напэўна, верыць не выпадае.   

Акрамя таго, прапанова частковага навучання па-беларуску - гэта добра, яно павінна быць ва ўсіх універсітэтах. Але беларусы заслужылі хаця б адзін універсітэт, дзе б усе прадметы выкладаліся па-беларуску, дзе б панавала нармальная моўная атмасфера. І калі такое будзе, гэта стане доказам таго, што ўсе заявы чыноўнікаў Мінадукацыі шчырыя.

- Адкуль, няхай сабе і вербальны, імпэт з боку чыноўнікаў датычна беларускай мовы? Мажліва, праз тое, што напярэдадні Лукашэнка ўзгадаў пра мову на з’ездзе БРСМ?

- Відавочна, што ўсё-ткі вучыць прыклад Украіны. Можа быць, і менавіта Крыму. І ў такой сітуацыі, дзе беларускай мовы проста няма, ставіцца пытанне: а чаму б не далучыцца? І пятая калона, якая, будзем шчырымі, тут ёсць, арганізуецца па пэўнаму сігналу, як гэта было ў Крыме, на Луганшчыне, у Данетчыне.

Сітуацыя можа абярнуцца вельмі неспрыяльна для тых, хто зараз займае ў нашай краіне ўладныя пазіцыі. Менавіта таму жыццё прымушае іх думаць і пра Беларусь таксама.

- Адначасова міністр адукацыі сказаў пра тое, што мову нельга "насаджваць і ўкараняць сілай". Чаго ён асцярагаецца?

- Гэта ўсё - рыторыка і крышку дэмагогія. Безумоўна, сілай нічога не трэба насаджаць. Але не трэба сілай і знішчаць мову, што, у тым ліку, рабіла міністэрства і кіруючыя нашай адукацыяй органы. Пра гэта таксама варта было б узгадаць. 

У нас у 1994 годзе было больш за 90% першых класаў з навучаннем на беларускай мове. І ніхто нікога асабліва не прымушаў на ёй навучацца. Калі мы цяпер паглядзім на апытанні жыхароў Беларусі, то ўбачым, што ў большасці з іх - проста ганебны стан з беларускай мовай, з гісторыяй, са свядомасцю, з тоеснасцю.

Людзям сорамна, што яны не размаўляюць на сваёй мове, не ведаюць сваёй гісторыі. Мы вярнуліся ў часы Савецкага Саюзу.

- Увогуле, ці можа зараз, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, адбыцца працэс разгортвання беларусізацыі ў сістэме вышэйшай адукацыі?

- Бяручы пад увагу залежнасць уладаў ад нашага ўсходняга суседа, у якую яны самі сябе і  паставілі, надта раскатваць губу не варта. Трэба рабіць сваю справу. Але такія ініцыятывы, безумоўна, трэба вітаць.

- Гаворка Жураўкова пра беларусізацыю тычылася выкладання толькі гуманітарных прадметаў. Адкуль такая выбранасць? Чаму міністэрства не параіла выкладаць на роднай мове ва ўніверсітэтах эканоміку, фізіку, вышэйшую матэматыку?  

- Гэта праблема не толькі нашага Міністэрства адукацыі. Гэта праблема і ЕГУ, напрыклад, дзе адбываецца тое ж самае. "Саўковая" пазіцыя: ну, як гэта тэхнічныя дысцыпліны выкладаць па-беларуску, абмяжоўваць сябе? Гэта ж пярэчыць працэсам глабалізацыі і бла-бла-бла!

Тыя ж самыя літоўцы ўсё цудоўна перакладаюць на літоўскую мову і існуюць. Не без праблем, але тым не менш. Трэба думаць, што даражэй: ці губляць сябе, ці даваць рабіць пераклад.

Жураўкоў - прадстаўнік такой пазіцыі, нават тэхнакратычнай. Гэта крышку спекуляцыя і дэмагогія, апраўданне зусім іншых мэтаў. А мэты - імперская экспансія, ліквідацыя нацыянальнай тоеснасці, нацыянальнай мовы. То бок, паўнавартаснае функцыянаванне нацыянальнай мовы мае на ўвазе і выкладанне тэхнічных дысцыплін, і камунікаванне тэхнічных прафесіяналаў на мове свайго народа і сваёй краіны.      

- Як дырэктар Беларускага гуманітарнага ліцэю, якому днямі споўнілася чвэрць стагоддзя, дайце сваю адзнаку агульнаму стану беларускай мовы ў навучальных установах.

- Стан ганебны, каланіяльны. Гэта нейкае гета, заняпад - тое, з чым немагчыма мірыцца, калі ў людзей ёсць годнасць і гонар.   

- Пасля ліквідацыі вашага ліцэя ў 2003 годзе па загадзе Мінадукацыі надзея на нацыяльнае адраджэнне ў вас пахіснулася, ці вы з аптымізмам чакаеце лепшых часоў для адукацыі, навукі і культуры Беларусі?   

- Калі б у мяне пахіснулася надзея, я б гэтым не займаўся. Тут справа нават не ў надзеі, а ў веры ў тое, што ты робіш. Некаму трэба захоўваць нацыянальную адукацыю. Ну, калі ўжо выпала на нашую долю, мы павінны гэта працягваць, пакуль маем такую магчымасць. Вядома ж: рабі тое, што лічыш правільным, і хай будзе, што будзе! 

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео