BE RU EN
rss facebook twitter

Публічная лекцыя Захара Шыбекі "Скарбы беларускіх мястэчкаў: набыткі, страты, надзеі на адраджэнне"

09.01.2012
Публічная лекцыя Захара Шыбекі "Скарбы беларускіх мястэчкаў: набыткі, страты, надзеі на адраджэнне"

 ЦЫКЛ ПУБЛІЧНЫХ ЛЕКЦЫЙ "URBI ET ORBI"

13 студзеня а 19.00

Галерэя Ў
(прасп. Незалежнасці, 37а)

 

Аднаўленне помніка - ілюзорнае імкненне да рая, бо як бы мы ні выконвалі каноны рэстаўрацыі, усё адно той першапачатковы рай, першапачатковы выгляд будынка не адновім. Тым не менш, ёсць пэўны інструментарый, "ключы ад рая", якія дазваляюць аднавіць будынак не столькі на пэўнай тэрыторыі, колькі ўяўна, у нашай свядомасці, у нашай памяці.

Захар Шыбека,
з інтэрв'ю TUT.BY

Кажуць, як распачнеш Новы год, так яго і правядзеш. Не тое, каб мы надавалі выключную ўвагу розным павер’ям, але маем вялікае жаданне правесці гэты год у кампаніі цікавых людзей.

13 студзеня арганізатары цыкла лекцый "Urbi et Orbi" прапануюць распачаць год абвешчанай раней лекцыяй знаўцы гарадской цывілізацыі, вядомага гісторыка, прафесара Захара Шыбекі "Скарбы беларускіх мястэчкаў: набыткі, страты, надзеі на адраджэнне".

Нагадаем, што, паводле абяцанняў лектара, слухачоў чакае расповед пра чатыры "раі":

1. "Рай" першапачатковы: гістарычны нарыс мястэчак і ацэнка іх гісторыка-культурнай спадчыны.

2. "Рай" страчаны: агляд разбураных помнікаў архітэктуры,  ацэнка людскіх страт, згубленых кніжных збораў, музейных і іншых культурных каштоўнасцяў.

3. "Рай" захаваны і ўзноўлены: акцэптацыя ўвагі на захаваўшыхся помніках архітэктуры, гісторыі і культуры, а таксама адлюстраванне дзяржаўнай палітыкі памяці (рэстаўрацыя, музеізацыя, мемапыялізацыя, рэстытуцыя).

4. Ключы ад "раю" - ключы, якія прадастаўляе пазнавальны навуковы турызм: ацэнка ўзроўню развіцця гэтага турызму ў Беларусі, інфармацыя аб крыніцах ведаў пра былыя мястэчкі (архівы, сайты, кнігі), практычныя парады па выпрацоўцы турыстычных маршрутаў і метадаў арганізацыі турызма.

Характэрная для людзей ідэалізацыя мінулага, настальгія па мінуламу можа стаць падмуркам сучаснага турыстычнага бізнесу. Пры гэтым турызм не толькі прэзентуе культуру мінулага, нацыянальную традыцыю, ён выступае важнай крыніцай інвестыцый найперш у эканоміку гарадоў, спрыяе іх мадэрнізацыі. Асабліва гэта важна для выжывання малых гарадоў.

 

Як можна ацаніць ролю былых беларускіх мястэчак у развіцці турызма, паказаць іх гісторыка-культурны патэнцыял і вызначыць некаторыя меры, якія б спрыялі росту запатрабаванасці гэтага патэнцыялу? Прыходзьце падыскутаваць пра гэта разам з прафесарам Захарам Шыбекам.

 

Анлайн-трансляцыя лекцыі будзе даступная па спасылцы: http://distance.fly-uni.org/mod/page/view.php?id=351

 

Запрашаем усіх зацікаўленых! 

Видео