BE RU EN
rss facebook twitter

НДА прапанавалi Мiнюсту паляпшэнне прававых умоў

03.01.2012
НДА прапанавалi Мiнюсту паляпшэнне прававых умоў

У першыя дні новага 2012 года ў Міністэрства юстыцыі Рэпспублікі Беларусь быў накіраваны калектыўны зварот лідэраў шэрагу няўрадавых арганізацый краіны. У звароце прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці паведамілі пра магчымыя шляхі паляпшэння прававых умоў дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў краіны. Зварот быў ініцыяваны Асамблеяй няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі і адрасаваны персанальна новаму міністру юстыцыі Алегу Сліжэўскаму, які быў прызначаны на пасаду ў снежні мінулага года.

 

Як паведамляе прэс-служба Асамблеi НДА, ліст падпісалі кіраўнік РПГА "Беларускі Хельсінскі камітэт" Алег Гулак, старшыня ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Жанна Літвіна, кіраўнік Цэнтра "Супольнасць" і старшыня Рабочай групы Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч, кіраўнік Цэнтра па правах чалавека Раіса Міхайлоўскаяі дырэктар Цэнтра прававой трансфармацыі Вольга Смалянка.

У дакумэнце не толькі акцентуецца ўвага на найважнейшых праблемах у прававым рэгуляванні дзейнасці структур "трэцяга сектара", але таксама робяцца прапановы па магчымых мадэлях вырашэння гэтых праблем.

У прыватнасці, для стварэння спрыяльных ўмоў для ўзаемадзеяння некамерцыйных арганізацый з дзяржаўнымі структурамі ў справе ўдасканалення заканадаўства, датычнага некамерцыйных арганізацый, аўтары ліста лічаць мэтазгодным заснаваць спецыяльны грамадскі савет пры Міністэрстве юстыцыі з магчымасцю вылучэння ў склад такога савета прадстаўнікоў ад імя грамадскіх аб’яднанняў. У паўнамоцтвы такога органа можа ўваходзіць выказванне меркавання грамадскасці па праектах нарматыўных актаў, якія распрацоўваюцца Міністэрствам юстыцыі альбо знаходзяцца на экспертызе ў міністэрстве і закранаюць інтарэсы некамерцыйных арганізацый.

У лісце таксама звяртаецца ўвага новага міністра юстыцыі на тое, што цягам апошніх год міністэрства неаднаразова заяўляла пра магчымасць скасавання артыкула 1931 Крымінальнага кодэкса, які карае за дзейнасць незарэгістраваных арганізацый. Таксама ўздымаюцца пытанні грамадскага кантролю за ўстановамі пенітэнцыярнай сістэмы, у тым ліку ў святле парад Камітэта ААН супраць катаванняў, якія былі зробленыя па выніках разгляду чарговай перыядычнай справаздачы Рэспублікі Беларусь па выкананні Канвенцыі ААН супраць катаванняў і іншых відаў жорсткага і бесчалавечнага абыходжання.

Як лiчаць падпiсанты, такі сваеасаблівы "наказ" лідэраў грамадзянскай супольнасці напачатку працы новага міністра юстыцыі будзе служыць мэтам паляпшэння камунікацыі паміж рэгіструючым органам і падкантрольным яму грамадскім структурам. Таксама аўтары ліста прапануюць міністру сустрэцца для абмеркавання шляхоў вырашэння ўзнятых у звароце пытанняў.

Запампаваць тэкст Зварота 

 

Служба інфармацыі "ЕўраБеларусі"

Видео