BE RU EN
rss facebook twitter

Уладзімір Мацкевіч: Надзеі на хуткае вызваленне палітвязняў беспадстаўныя (Відэа)

29.12.2011
Уладзімір Мацкевіч: Надзеі на хуткае вызваленне палітвязняў беспадстаўныя (Відэа)

"На чым грунтуюцца меркаванні, што палітвязні хутка выйдуць на волю? Ні на чым. На фантазіях і спадзяваннях, яшчэ на спадзяваннях на тое, што Захад нешта зробіць. А што мы можам зрабіць, каб яны выйшлі раней? У нас нават няма адноснай салідарнасці ў дзеяннях", - разважае метадолаг Уладзімір Мацкевіч

 

"Шмат якія крыкуны крычалі на пачатку года, што, маўляў, увогуле нічога немагчыма рабіць, пакуль у краіне ёсць палітвязні. Мінуў год. І шмат хто з гэтых крыкуноў ужо збіраецца на парламенцкія выбары, нават калі гэтыя людзі як сядзелі, так і будуць сядзець", - працягвае Мацкевіч. Ён крытыкуе беларускую апазіцыю і грамадства за бяздзейнасць: "Я ўжо стаміўся даваць каментары пра палітвязняў, бо ўсё было сказана на пачатку года. Можа, настаў час ад меркаванняў і выказванняў брацца за розум?"

Цяпер за кратамі з палітычных матываў утрымліваюцца кіраўнік Праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі, асуджаныя ў межах справы 19 снежня экс-кандыдаты на прэзідэнта Мікола Статкевіч ды Андрэй Саннікаў, а таксама Зміцер Бандарэнка і Эдуард Лобаў. За кратамі апынуліся Зміцер Дашкевіч і Павал Севярынец. Паводле "справы анархістаў" адбываюць пакаранне Мікалай Дзядок, Аляксандр Францкевіч ды Ігар Аліневіч. За напад на бабруйскае КДБ - Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка і Павал Сырамалотаў. У Івацэвічах у зняволенні трымаюць прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча, якога вінавацілі ў рыхтаванні забойства чыноўніка, а ў выніку асудзілі нібыта за захоўванне пяці патронаў. Некаторыя з гэтых людзей, на думку палітолага, апынуліся за кратамі выключна з-за асабістага стаўлення да іх Аляксандра Лукашэнкі. "Саннікаў, Бандарэнка, Севярынец - на іх Лукашэнка мае зуб, і гэта асабіста", - мяркуе Мацкевіч.

"Для ўладаў трэба не толькі, каб хтосьці сядзеў, і праз гэта трымаць атмасферу страху ў грамадстве, трэба яшчэ запалохаць і падавіць салідарнасць з палітвязнямі, дапамогу пацярпелым. Таму з Бяляцкім удар нанесены не толькі на палітычную частку, але і на частку, якая забяспечвала салідарнасць з гэтымі палітычнымі вязнямі. Трэба сказаць, што аперацыя спецслужбаў з Бяляцкім праведзеная спецслужбамі цынічна, тэхнічна і паспяхова", - гаворыць палітолаг. Алеся Бяляцкага асудзілі за ўтойванне прыбыткаў. Асноваю для абвінавачвання сталіся звесткі з замежных рахункаў праваабаронцы, атрыманыя беларускімі праваахоўнікамі ад уладаў Польшчы і Літвы. На гэтых рахунках збіраліся сродкі на дапамогу ахвярам палітычных рэпрэсіяў у Беларусі. 

 

 

Паводле Belsat.Eu

Видео