BE RU EN
rss facebook twitter

Падсумаванне вынікаў круглага стала Нацыянальнай платформы ФГС УП, адбыўшагася 20 снежня ў Мінску

23.12.2011
Падсумаванне вынікаў круглага стала Нацыянальнай платформы ФГС УП, адбыўшагася 20 снежня ў Мінску


20 снежня 2011 года ў Мінску адбыўся круглы стол па выніках трэцяй сустрэчы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства (ФГС УП): "Партнёрства дзеля дэмакратычных рэформ і еўрапейскай інтэграцыі", які быў арганізаваны Асамблеяй няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі і Міжнародным кансорцыумам "ЕўраБеларусь". 

Удзел у працы круглага стала ўзялі каля 40 прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і экспертаў. Прысутнічалі сябры Часовага каардынацыйнага камітэта беларускай Нацыянальнай платформы ФГС УП (7 чалавек), беларускія сябры Кіруючага камітэта самога ФГС УП (3 чалавекі). З вітальным словам выступіў амбасадар Швецыі Стэфан Эрыксан

Пад мадэратарствам Улада Вялічкі (мінулы сустаршыня Кіруючага камітэта ФГС УП і мінулы нацыянальны каардынатар ФГС УП па Беларусі; старшыня Міжнароднага кансорцыюма "ЕўраБеларусь") удзельнікі дыскусіі яшчэ раз падсумавалі вынікі апошняга Форума, які меў месца ў лістападзе 2011 года ў Познані (Польшча). Былі згаднаныя відавочныя дасягненні беларускай дэлегацыі, як то: атрыманне 3-х месцаў у Кіруючым камітэце ФГС УП (каардынатар рабочай групы № 1 Вольга Стужынская, каардынатар рабочай групы № 3 Яраслаў Бекіш і нацыянальны каардынатар Сяргей Лісічонак), прыняццё Форумам дзвюх ініцыяваных рэзалюцый, кампанія па справе Алеся Бяляцкага, прасоўванне сфармуляванага беларускімі экспертамі стратэгічнага бачання развіцця ФГС УП. Узгадваліся таксама паспяховыя прыклады працы беларускіх арганізацый ў тэматычных групах Форума, напрыклад, па моладзевай палітыцы (дасягненні прэзентавала Святлана Каралёва, Альтэрнатыўная моладзевая платформа), належным кіраванні дзеля устойлівага развіцця (Яраслаў Бекіш, Экалагічнае таварыства "Зялёная сетка"), візавай лібералізацыі (Вольга Стужынская, Офіс за дэмакратычную Беларусь у Бруселе).

Сярод дасягненняў самога Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства за мінулы год указваліся наступныя: ФГС УП дамогся таго, каб яго прадстаўнікі запрашаліся на міністэрскія сустрэчы па тэматычных платформах; была прынятая стратэгія развіцця ФГС УП, у тым ліку прынятае рашэнне аб рэгістрацыі ягонага Сакратарыята як юрыдычнай асобы; было вырашана ў межах ФГС УП стварыць пятую тэматычную рабочую групу па "сацыяльным дыялогу" (дыялог паміж працадаўцамі і наёмнымі працаўнікамі).

Разам з тым, гаворка ішла і пра шэраг выклікаў, якія, па меркаванні ўдзельнікаў круглага стала, паўсталі перад Форумам. Так, назіраецца недахоп цікавасці і ўдзелу грамадзянскай супольнасці ў пэўных накірунках (яскравы прыклад: сфера энергетыкі). Назіраецца недастатковая зацікаўленасць пан-еўрапейскіх сетак НДА (напрыклад, CONCORD) да супрацоўніцтва ў межах Форума (Сяргей Лісічонак). Відавочная адстунасць планаў па развіцці саміх тэматычных рабочых груп, існуе пэўная рызыка, што праца ў іх межах можа часткова пераўтварыцца ў праектную (Яраслаў Бекіш). Шмат гаварылася таксама і пра неабходнасць развіваць далейшы экспертны патэнцыял прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці дзеля адэкватнага ўдзелу ў дыялогу з прадстаўнікамі ЕС і нацыянальных урадаў. Андрэй Ягораў (дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі) выказаў меркаванне, што развіццё беларускай Нацплатформы ФГС УП апярэджвае развіццё самога Форума. Таксама ён падкрэсліваў тое, што легітымнасць Форума абапіраецца на нацыянальныя платформы і што Кіруючы камітэт ФГС УП у сваіх рашэннях павінен грунтавацца на тых імпульсах, што сыходзяць ад нацыянальных платформ, а не навязваць ім нейкія правілы "зверху". Указвалася на сустрэчы і на тое, што кіраўніцтву Форума сумесна з нацыянальнымі платформамі неабходна выпрацаваць прынцыпы і нормы, якімі мусяць кіравацца нацыянальныя платформы ФГС УП пры разбудове ўласнай дзейнасці (напрыклад, мажлівае зафіксаванае палажэнне аб еўрапейскай арыентацыі удзельнікаў нацплатформ). Уладзімір Мацкевіч (старшыня Часовага каардынацыйнага камітэта Нацплатформы; кіраўнік Рады Міжнароднага кансорцыюма "ЕўраБеларусь") прапаноўваў прасоўваць беларускіх экспертаў ад грамадзянскай супольнасці ў якасці кансультантаў па развіцці нацыянальных платформ іншых краін Усходняга партнёрства.

У ацэнцы таго, чым з’яўляецца сёння нацыянальныя платформы і якія наступныя крокі мусіць рабіць беларуская Нацыянальная платформа адбылася актыўная дыскусія. Уладзімір Мацкевіч канстатаваў факт існавання самой Нацплатформы як грамадзкай з’явы, якая прыцягвае ядра людзей, якія пасля вырашаюць важныя грамадскія пытанні. Ён таксама выказаў меркаванне, што Нацыянальная платформа мусіць быць прадстаўленая, мець свой голас праз упаўнаважанага прадстаўніка не толькі ў праграме ЕС "Усходняе партнёрства" і яе інстытутах, але і ў іншых інстытутах і міждзяржаўных утварэннях (Савет Еўропы, АБСЭ, нават ЕўрАзЭС). З прапановай, каб кансалідваная беларуская грамадзянская супольнасьць мела прадстаўніцтва ў такіх інстытуцыях, пагадзіўся Сяргей Мацкевіч (старшыня Асамблеі НДА Беларусі), але дадаў, што падобная ідэя будзе выканальная толькі калі грамадзянская супольнасць Беларусі будзе мець кансалідаваную пазыцыю, але на гэты момант існуе шэраг згуртаванняў арганізацый грамадзянскай супольнасьці са сваім бачаннем сітуацыі.

Уладзімірам Мацкевічам быў агучаны тэзіс пра тое, што беларуская Нацыянальна платформа ФГС УП павіная выходзіць за рамкі ўласна Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства яшчэ і ў тым, каб спрыяць развіццю грамадскіх ініцыятыў, "ісці ў рэгіёны". Таксама ім было востра ўзнятае пытанне аб прафесійным узроўні прадстаўнікоў НДА, што імкнуцца працаваць з Еўропай, і магчымай неабходнасці рэйтынгавання для ацэнкі ўзроўню іх прафесіяналізма.

Вольга Стужынская і Сяргей Мацкевіч выказалі меркаванне, што рамкі для дзейнасці Нацыянальнай платформы ў межах Форума грамадзянскай супольнасці УП яшчэ не сталі цеснымі, што існуе шмат патэнцыйных магчымасцяў, якімі яшчэ трэба скарыстацца. У якасці прыкладу было прыведзена стварэнне і праца незалежнага грамадскага камітэта па Балонскім працэсе, які нядаўна пачаў сваю дзейнасць у межах беларускай Нацплатформы ФГС УП. Сяргей Мацкевіч таксама выказаўся за неабходнасць прытрымлівацца прынцыпа "роўнага ўдзелу" для ўсіх грамадскіх арганізацый, што хочуць прымаць удзел у працы беларускай Нацплатформы ФГС УП. Дыспарытэт у экспертнай падрыхтаванасці розных НДА да дыялогу з Еўропай, па ягоным меркаванні, не павінен парушаць дэмакратычнага базіса функцыянавання Нацплатформы. Калі існуе праблема з прафесіяналізмам сярод грамадскіх арганізацый, то яе трэба вырашаць праз "падцягванне" тых НДА да экспертнага ўзроўня. Вольга Стужынская ўказала на магчымасці развіваць прафесіяналізм сярод НДА і пры захаванні цяперашняга фармата дзейнасці Нацплатформы ФГС УП.

Сярод іншых прапаноў, агучаных на круглым стале, гучала прапанова Алега Трусава (старшыня Таварыства беларускай мовы) пра неабходнасць працы па папулярызацыі беларускай гісторыі і культуры ў Еўропе, напрыклад, праз выданне спецыялізаванай кнігі пра Беларусь, разлічанай на замежнага чытача.

Канстанцін Каламіец (Мінскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў) агучыў ідэю звядзення ўсіх распрацаваных грамадзянскай супольнасцю прапаноў па дзяржаўнай палітыцы (policy), з тым, каб мець такі звод для перадачы на разгляд у ворганы Еўрасаюза. Улад Вялічка заўважыў, што падобная дзейнасць як раз уваходзіць у кампетэнцыю рабочых груп Нацыянальнай платформы ФГС УП.

Сяргей Лісічонак падняў пытанне па прагрэсу ў падпісанні грамадскімі арганізацыямі Мемарандума аб супрацоўніцтве ў межах беларускай Нацыянальнай платформы ФГС УП (на момант правядзення круглага стала паступіла толькі 4 падпісаных Мемарандума), і на завяршэнні канстатаваў неабходнасць далейшай дыскусіі ў межах Нацыянальнай платформы, у тым ліку праз працу ягонага Часовага каардынацыйнага камітэта. Усе пагадзіліся аб неабходнасці інфтэнсіфікацыі такой працы.

 

Падрыхтаваў Сяргей Лісічонак 
Видео