BE RU EN
rss facebook twitter

Еўрапейскія міністры: Беларускі народ мае права вырашаць уласны лёс

19.12.2011
Еўрапейскія міністры: Беларускі народ мае права вырашаць уласны лёс

19 снежня ў найбольш масавым польскім выданні Gazeta Wyborcza супольны ліст у справе Беларусі надрукавалі міністры замежных спраў Вялікабрытаніі, Швецыі, Польшчы ды Германіі - Уільям Гэйг, Карл Більдт, Радаслаў Сікорскі і Гіда Вестэрвеле.

 

У лісце гаворыцца, што год таму "перад выбарамі да нас даходзілі пазітыўныя сігналы, што пазіцыя Лукашэнкі змяняецца ў кірунку паступовага пераходу да сапраўднага плюралізма ды еўрапейскіх стандартаў, на што ЕС рэагаваў з задавальненнем, прапаноўваючы жаданне адкрыцця новых абшараў супрацоўніцтва зь Беларуссю - калі сітуацыя насамрэч палепшыцца", цытуе Радыё Свабода.

"Для нас істотным было толькі і выключна тое, каб Беларусь пабудавала для сябе будучыню, якая грунтуецца на дэмакратыі, заможнасці, бяспецы, ды каб супрацоўнічала з Еўрасаюзам і іншымі суседзямі на агульнапрынятых прынцыпах. Замест гэтага мы пабачылі сотні невінаватых людзей, якіх кінулі за краты, а дзясяткі з іх былі асуджаныя па палітычных матывах на паказальных працэсах", - адзначаюць міністры.

Далей у лісце гаворыцца пра паслявыбарчае ўзмацненне рэпрэсій і пераслед тых, хто дапамагаў бараніць палітвязняў ды ахвяр рэпрэсій, заканадаўства, якое "змянілі такім чынам, каб максымальна абмежаваць і так амаль неіснуючую прастору палітычнай дыскусіі і грамадзянскай актыўнасці".

У выніку гэткіх захадаў, паводле аўтараў ліста, "Беларусь ператварылася ў краіну, якой кіруе страх. Шмат мужных грамадзян спазнаюць нялюдзкае стаўленне да сябе ў турмах толькі таму, што не паддаліся націску і "не прызналіся" ў здзяйсненні злачынстваў, якіх не зрабілі".

Далей міністры замежных спраў Вялікабрытаніі, Швецыі, Польшчы ды Германіі адзначаюць, што "страціўшы ўсялякія рысы легітымнасці сваёй улады, Лукашэнка кінуўся абараняць эканамічную пазіцыю рэжыма, прадаючы дзяржаўную маёмасць".

Паводле аўтараў ліста, адзіным выхадам з эканамічнага крызіса ў Беларусі ёсць "узважаная палітыка прыватызацыі ды падтрымка прыватнага прадпрымальніцтва".

Еўрасаюз, гаворыцца ў дакуменце, "перад абліччам няспынных рэпрэсій Лукашэнкі супраць уласнага народу", не можа паступаць іначай, як толькі "ўзмацняць сваю палітыку ў дачыненні да Беларусі". І тут гаворка ідзе "як пра санкцыі супраць прадстаўнікоў рэжыма (ні ў якім разе не супраць звычайных грамадзян), так і пра падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці, узмацненне кантактаў паміж людзьмі".

"Пакуль што мы будзем намагацца зламаць супраціў рэжыма ў справе поўнай амністыі і рэабілітацыі палітычных вязняў і спроб ізаляваць Беларусь ад Еўропы. Да часу, пакуль улада цягне Беларусь уніз, гэтая краіна не мае шанцаў на добрую будучыню. Беларускі народ мае права вырашаць уласны лёс. Мы будзем рабіць усё патрэбнае, каб беларускі народ мог зрабіць уласны выбар", - гэтымі словамі заканчваецца ліст міністраў замежных спраў Вялікабрытаніі, Швецыі, Польшчы ды Германіі, надрукаваны 19 снежня ў Gazecie Wyborczej

 

Служба інфармацыі "ЕўраБеларусі"

Видео