BE RU EN
rss facebook twitter

Еўрапейскі саюз студэнтаў: Беларусь не мае права быць краінай-удзельніцай Балонскага працэсу

16.12.2011
Еўрапейскі саюз студэнтаў: Беларусь не мае права быць краінай-удзельніцай Балонскага працэсу

Еўрапейскі саюз студэнтаў (ЕСС) лічыць, што Беларусі не варта прапаноўваць далучэнне да Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі (ЕПВА) падчас нарады міністраў, якая адбудзецца ў Бухарэсце ў красавіку 2012 года. Старшыня ЕСС Алан Пёль каментуе: "Нават калі краіна выканае ўсе фармальныя працэдуры па далучэнню да Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, яна не павінная станавіцца часткай прасторы, паколькі ў Беларусі не існуе такой рэчы, як акадэмічныя свабоды". Беларусь, аднак, 30 лістапада 2011 года падала заяўку на ўступленне ў ЕПВА. 

 

Прыняцце рашэння аб уключэнні альбо неўключэнні Беларусі ў Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі запланаванае на 26-27 красавіка 2012 года, калі міністры вышэйшай адукацыі краін з ЕПВА сустрэнуцца ў Бухарэсце (Румынія). Еўрапейскі саюз студэнтаў спадзяецца, што да гэтай даты камісія па ўключэнні краін у ЕПВА асвеціць факты пастаянных парушэнняў акадэмічных свабод у краіне. У сваю чаргу, група прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці Беларусі да гэтага завершыць Альтэрнатыўную справаздачу, якая будзе прадстаўленая еўрапейскім міністрам.

Алан Пёль працягвае: "У снежні 2010 года каля 600 актывістаў - у асноўным маладыя людзі і студэнты - былі адданыя пад суд, дваццаць беларускіх студэнтаў адлічылі з ВНУ. Усё гэта сталася працягам жорсткага падаўлення акцый пратэсту, якія адбыліся пасля выбараў прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Еўрапейскі саюз студэнтаў быў тады моцна шакаваны і дагэтуль не забыўся на такія практыкі беларускага ўраду".

У адказ на шматлікія лісты ад ЕСС нарвежскае Міністэрства адукацыі ў студзені 2010 года ініцыявала падпісанне разам з дзесяццю іншымі еўрапейскімі краінамі сумеснай заявы, у якой яны выказалі заклапочанасць у сувязі з парушэннем акадэмічных свабод у Беларусі. Алан Пёль кажа: "Некаторыя з гэтых краін у цяперашні час разглядаюць магчымасць уключэння Беларусі ў ЕПВА. Іх галоўным аргументам з’яўляецца тое, што, як толькі Беларусь апынецца ў Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, мы [ЕС] зможам лепш садзейнічаць дэмакратычным зменам у краіне. Але Еўрапейскі саюз студэнтаў перасцярагаецца, што, калі дазволіць Беларусі далучыцца да ЕПВА зараз, пасля стане немагчымым уводзіць санкцыі супраць Мінска ў выпадку пачатка студэнцкіх рэпрэсій".

Старшыня ЕСС заключае: "Беларускі ўрад, відавочна, не задавальняе многім крытэрам адпаведнасці Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, і мы вельмі сумняваемся ў яго гатоўнасці рэалізацыі якіх-небудзь значных рэформ у сферы вышэйшай адукацыі. Аднак Еўрапейскі саюз студэнтаў падтрымлівае супрацоўніцтва з беларускімі навукоўцамі і студэнтамі і ў поўнай меры прымяняе да Беларусі існуючыя механізмы (напрыклад, "Тэмпус" і "Эразмус Мундус"). Мы спадзяемся, што большая адкрытасць рэжыма будзе паступова прыводзіць да станоўчых змен у краіне. І тады забарона на далучэнне да ЕПВА можа быць перагледжаная".

 

Пераклад з англійскай мовы: Яўгенія Камарова, ЕўраБеларусь - паводле: European Students Union

Видео