BE RU EN
rss facebook twitter

Еўрапейскія дыпламаты будуць павінныя заводзіць акаунты ў Твітэры і весці блогі па правах чалавека

13.12.2011
Еўрапейскія дыпламаты будуць павінныя заводзіць акаунты ў Твітэры і весці блогі па правах чалавека

Вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан хоча, каб дзяржавы-члены выкарыстоўвалі сацыяльныя СМІ для інтэрнэт-камунікацый з замежнымі актывістамі, г.зн. займаліся "лічбавай дыпламатыяй". Эштан выклала свае ідэі ў праектным дакуменце пад назвай "Правы чалавека і дэмакратыя ў аснове знешніх дзеянняў ЕС", які быў прыняты ў панядзелак 12 снежня і які ў аўторак абмяркоўваўся на паседжанні еўрадэпутатаў. 

 

У цяперашні час дзяржавы ЕС раз на месяц адпраўляюць сваіх супрацоўнікаў па правах чалавека ў Брусель на паседжанні Рабочай групы па правах чалавека ў Савеце ЕС (Cohom), дзе наведвальнікі зачытваюць свае нацыянальныя пазіцыі па вызначаных здарэннях, звязаных з правамі чалавека, і вяртаюцца дадому.

У дакуменце, створаным вярхоўным прадстаўніком ЕС, гаворыцца: "Група па правах чалавека Cohom больш не можа адпаведна рэагаваць на ўзрослы аб'ём працы і новыя выклікі часу. Эфектыўная рэалізацыя знешняй палітыкі ЕС у сферы абароны правоў чалавека патрабуе больш частых сустрэч Рабочай групы, а таксама яе пастаяннай эфектыўнай дзейнасці і атрымання новага досведу ў галіне правоў чалавека і развіцця дэмакратыі ў краінах-членаў ЕС, якія маюць пастаянныя прадстаўніцтвы ў Бруселі".

Эштан не раз казала раней, што правы чалавека будуць "чырвонай ніткай" праходзіць праз усю яе працу. Але гэтае 18-старонкавае камюніке сталася першай спробай - за два гады працы - сфармуляваць яе палітыку па гэтым пытанні. У дакуменце названыя тры галоўныя прыярытэта: верхавенства закона, правы жанчын і правы дзяцей. "ЕС павінен узяць на сябе абавязкі па заахвочванні і абароне свабоды, годнасці, роўнасці і справядлівасці для ўсіх людзей як ключавога знешнепалітычнага прыярытэта Еўрапейскага Саюза", - гаворыцца ў камюніке.

Інавацыйнага ў дакуменце ёсць тое, што Эштан называе "лічбавай дыпламатыяй".

Узгадваючы пра арабскія рэвалюцыі, падчас якіх актыўна выкарыстоўваліся сацыяльныя сеткі Twitter, YouTube і Facebook, Эштан кажа: "ЕС можа мабілізаваць свае асноўныя дэлегацыі выкарыстоўваць сацыяльныя медыя для лічбавай дыпламатыі". Яна прапануе праводзіць "жывыя вэб-трансляцыі" для таго, каб актывісты па правах чалавека маглі напрамую кантактаваць з палітыкамі: "Праваабаронцы стануць ключавымі суразмоўцамі для дэлегацый ЕС".

Дакумент абяцае больш працаваць з грамадскімі арганізацыямі замест цяперашняга фармата "палітычнага дыялогу і сустрэч з краінамі трэцяга свету па мадэлі "зверху-уніз".

Кэтрын Эштан таксама хоча забараніць краінам ЕС прадаваць тэхналогіі, якія дапамагаюць дыктатарскім рэжымам сачыць за людзьмі: "ЕС будзе распрацоўваць адпаведныя меры для таго, каб людзі не падвяргаліся масавай цэнзуры ці нагляду падчас працы ў Інтэрнэце".

 

Пераклад з англійскай мовы: Яўгенія Камарова, ЕўраБеларусь - паводле: EUobserver

Видео