BE RU EN
rss facebook twitter

160 тысяч чалавек звярнуліся да Лукашэнкі адмяніць смяротнае пакаранне (Фота)

09.12.2011
160 тысяч чалавек звярнуліся да Лукашэнкі адмяніць смяротнае пакаранне (Фота)
Справа Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва нагадала свету аб тым, што ў Беларусі яшчэ існуе смяротнае пакаранне і за злачынствы расстрэльваюць людзей. У выніку, кампанія за ўвядзенне мараторыя на выключную меру пакарання спачатку развярнулася ў Інтэрнэце, а потым набыла і рэальныя вынікі. Адразу некалькі праваабарончых арганізацый назбіралі ажно 160 тысяч подпісаў пад адпаведнай петыцыяй.

 

"Вельмі шмат актывістаў са ўсяго свету ўдзельнічалі. Мы сабралі 160 тысяч подпісаў за мараторый. З 30 краін. І мы хочам зараз перадаць арыгіналы подпісаў прэзідэнту. Каб паказаць грамадскую думку. Там і з Беларусі ёсць подпісы. Гэта каб паказаць, што ёсць вельмі моцная грамадская думка, якая патрабуе, каб прэзідэнт Лукашэнка аб’явіў мараторый на смяротнае пакаранне", - расказала Еўрарадыё прадстаўніца Amnesty International Хізэр Макгіл

 

Стотысячны подпіс за адмену смяротнага пакарання паставіў драматург Том Стопард 

Акрамя Amnesty International подпісы пад петыцыяй збіралі прадстаўнікі Праваабарончага цэнтра "Вясна" і Беларускага Хельсінскага камітэту. Кіраўнік апошняй арганізацыі, Алег Гулак, настойвае, што падача петыцыі Лукашэнку - гэта не ультыматум і нават не патрабаванне. Мэта праваабаронцаў - паказаць, што грамадская думка насамрэч не такая адназначная.

"Я не хачу гадаць, наколькі кіраўніцтва краіны гатовае прыслухацца да гэтых зваротаў. Але важна, што ёсць грамадская думка. Ёсць пазіцыя людзей у Беларусі, па-за яе межамі. Нам шмат гаварылі пра тое, што пытанне адмены смяротнага пакарання звязанеа менавіта з грамадскай думкай. Такім чынам гэтая праблема, на маю думку, вырашаецца", - сказаў ён..

Петыцыю ў праваабаронцаў прынялі. Прымусілі перапісаць некаторыя фармулёўкі, але прынялі. А вось стосы картак з подпісамі папрасілі даслаць поштай. Маўляў, такі ў нас парадак. У выніку праваабаронцы на некаторы час акупавалі адно з паштовых аддзяленняў, адпраўляючы бандэролі. Пры гэтым ніхто ім не перашкаджаў.

 

Алесь Пілецкі, Еўрарадыё

Видео