BE RU EN
rss facebook twitter

Штэфан Фюле заклікаў беларускіх інтэлектуалаў да актыўнасці ў набліжэнні перамен у сваёй краіне

07.12.2011
Штэфан Фюле заклікаў беларускіх інтэлектуалаў да актыўнасці ў набліжэнні перамен у сваёй краіне

Падчас экспертнай канферэнцыі "Трансфармаванне Беларусі: шляхі дасягнення", якая прайшла 7 снежня ў Бруселі, еўрапейскі камісар па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Штэфан Фюле заклікаў беларускі інтэлектуальны асяродак больш шчыльна супрацоўнічаць з грамадзянскай супольнасцю сваёй краіны. 

 

"У рэшце рэшт, грамадзянская супольнасць, незалежныя СМІ і палітычная апазіцыя не змогуць дамагчыся перамен у адзіночку. Яны маюць патрэбу ў падтрымцы з боку інтэлектуалаў, якія могуць надаць іх дзейнасці больш прадуманыя формы і скіраванасць. І яны павінны задзейнічаць больш шырокае расчараванне ў краіне, у тым ліку і сярод наменклатуры. Гэта быў галоўны ўрок трансфармацыі ў Цэнтральнай Еўропе. Акрамя знешніх умоў, для змен вельмі важна, каб аўтакратыі разбураліся знутры", - падкрэсліў еўракамісар.

Акрамя таго, ў прамове на канферэнцыі Штэфан Фюле выклаў сваё бачанне будучыні адносін ЕС з Беларуссю, паведамляе RFE/RL.

Ён зазначыў, што Еўропа адкрытая для супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю Беларусі, але не прапанаваў новай дапамогі.

Фюле адзначыў, што аб'ём дапамогі, якая прадстаўляецца беларускай грамадзянскай супольнасці, складзе агулам 19 млн. 300 тыс. еўра за перыяд 2011-2013 гадоў, і што Еўрапейскі фонд за дэмакратыю мог бы прапанаваць дадатковыя сродкі, як толькі атрымае згоду ад дзяржаў-членаў.

Што тычыцца прапаноў ЕС аб спрашчэнні і лібералізацыі візавага рэжыму з Беларуссю, то яны, па словах еўракамісара, засталіся на парадку дня двухбаковых стасункаў, але беларускія ўлады да гэтага часу не праявілі інтарэсу да іх:

"Я павінен адзначыць, што мы чакалі рэакцыі беларускіх улад на наш запыт для заключэння такіх пагадненняў на працягу многіх месяцаў. Гэта само па сабе было б значным крокам, дапамагаючым пашырэнню кантактаў паміж людзьмі і абмену ідэямі паміж нашымі грамадзянамі. Але як толькі такое пагадненне будзе дасягнута, няма ніякіх прычын, каб мы не маглі пайсці яшчэ далей - да бязвізавага рэжыму як нашай канчатковай мэты".

Еўрапейскі Саюз увёў абмежавальныя меры, такія як візавыя забароны і замарожванне актываў, для больш чым 200 прадстаўнікоў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, якія маюць дачыненне да рэпрэсій супраць апазіцыі пасля леташніх прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

Фюле сказаў, што гэтыя меры будуць дзейнічаць да таго часу, пакуль ў Беларусі не адбудзецца заўважных змен:

"Далейшае двухбаковае супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі немагчымае, пакуль яны не выканаюць шэраг палітычных умоў, якія не падлягаюць абмеркаванню, а менавіта: прагрэс у галіне правоў чалавека і свабод, а таксама вызваленне і рэабілітацыя ўсіх палітычных зняволеных".

Штэфан Фюле выказаўся персанальна ў бок Аляксандра Лукашэнкі, сказаўшы, што яго сённяшняе тыранічнае кіраванне - яскравае сведчанне надыходзячага канца для рэжыма.

"Лукашэнка можа лічыць, што, душачы свій народ, ён умацоўвае сваю ўладу. Ён можа верыць, што, прымаючы новыя законы супраць сваіх уласных грамадзян, ён перашкаджае нашаму ўзаемадзеянню з імі. Але я магу вам сказаць, што калі рэжым пачынае дзейнічаць такім чынам, гэта, сапраўды, пачатак яго канца. Я ведаю гэта з уласнага досведу ў Цэнтральнай Еўропе".

Ні адна краіна на можа лічыць сябе стабільнай, калі яна не рухаецца да дэмакратыі, дадаў Фюле, сказаўшы, што гэта ілюзія быццам бы танныя нафта і газ могуць замяніць патрэбу ў рэформах.

"Калі не вырашыць гэтае пытанне, - сказаў Фюле, - мы накіроўваемся да атрымання "чорнай дзіркі" ў Еўропе".

Экспэртная канферэнцыя, ў якой прыняў удзел Штэфан Фюле, была арганізаваная супольнымі намаганнямі навуковага цэнтра Carnegie Europe, Офіса за дэмакратычную Беларусь (Брусель) і Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў (BISS).

 

Служба інфармацыі "ЕўраБеларусі" 
Видео