BE RU EN
rss facebook twitter

Адбылася паралельная канферэнцыя грамадзянскай супольнасці АБСЕ ў Вільні

07.12.2011
Адбылася паралельная канферэнцыя грамадзянскай супольнасці АБСЕ ў Вільні

5 снежня 2011 года на канферэнцыі грамадзянскай супольнаcці АБСЕ ў Вільні абмеркавалі праблемныя пытанні, звязаныя з правамі чалавека ў Беларусі. 

 

Дзевяць выступоўцаў распавялі прысутным пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі на дадзены момант. Так, пра самыя праблемныя пытанні выказаліся кіраўнік БХК Алег Гулак, прадстаўніца Праваабарончага цэнтра "Вясна" і прэзідэнт Беларускага Дома правоў чалавека Таццяна Рэвяка прадстаўнікі Міжнароднай назіральнай місіі Вольга Захарава і Андрэй Юраў, старшыня Цэнтра прававой трансфармацыі Алена Танкачова, намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец, прэзідэнт Цэнтра развіцця дэмакратыі і правоў чалавека Юрый Джыбладзэ, Майкл Харыс ды прэзідэнт Freedom House Дэвід Крэмер.

Кожны з выступоўцаў меў, паводле рэгламенту, толькі 5 хвілін на выступ, таму выказванні былі сціслыя.
 
Сэсію распачаў Валянцін Стэфановіч, які выступіў са словамі падзякі за падтрымку і ўвагу з боку міжнароднай супольнасці ад імя праваабаронцы Алеся Бяляцкага
 
Таццяна Рэвяка ў сваім выступе звярнула ўвагу прысутных на праблему пераследу адвакатаў і праваабаронцаў, у тым ліку крымінальны пераслед кіраўніка Праваабарончага цэнтру "Вясна" Алеся Бяляцкага. Таксама Т. Рэвяка закранула тэму  катаванняў і смяротнага пакарання, што дагэтуль дзейнічае ў Беларусі.
 
Намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец выказаўся пра пытанні свабоды выказвання і адзначыў рост ціску, што аказваецца на журналістаў. Паводле словаў А. Бастунца, пасля 19 снежня 2010 года падчас вобшукаў у журналістаў было канфіскавана 114 адзінак прафесійнай тэхнікі, а падчас акцый маўклівага пратэсту затрымалі 95 журналістаў, што выконвалі свае прафесійныя абавязкі на нэтых акцыях.
 
Прадстаўнікі Міжнароднай назіральнай місіі Андрэй Юраў і Вольга Захарава звярнулі ўвагу на эканамічныя аспекты існавання рэжыму Лукашэнкі і заявілі пра неабходнасць сістэмных і паслядоўных санкцый у дачыненні да Беларусі. Больш за тое, Андрэй Юраў заявіў пра неабходнасць байкоту буйных фінансавых структур і прадпрыемстваў, што супрацоўнічаюць з беларускім рэжымам.
 
Кіраўнік Freedom House Дэвід Крэмер выказаў шкадаванне з нагоды таго, што Расія вырашыла падтрымаць рэжым Лукашэнкі, бо, паводле яго меркаванняў, санкцыі - гэта адзіны спосаб супрацоўніцтва, які зразумелы Лукашэнку. Тым не менш, краўнік Freedom House прызнаў, што праз пашырэнне эканамічных санкцый у дачыненні да Беларусі могуць пацярпець і простыя грамадзяне.

Напрыканцы сэсіі была прынятая рэзалюцыя, пры абмеркаванні якой найбольшую колькасць спрэчак выклікала пытанне супрацоўніцтва з кіраўніцтвам Беларусі па лініі АБСЕ. Тым не менш, прысутныя пагадзіліся па ўсіх пунктах рэзалюцыі і здолелі знайсці кампраміс у спрэчных пытаннях.

У рэзалюцыі адзначаны асноўныя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі  і выдзелены шэраг магчымых захадаў, што дапамаглі б паўплываць на кіраўніцтва Беларусі. "Мы лічым неабходным прад’яўленне ўладам Беларусі пакета сістэмных патрабаванняў у галіне правоў чалавека і верхавенства права, выкананне якіх павінна стаць умовай для ўзнаўлення міжнароднага дыялогу і супрацоўніцтва з кіраўніцтвам Рэспублікі Беларусь, у тым ліку і эканамічнага", - сказана ў тэксце рэзалюцыі.

 

Belarusian Human Rights House

Видео