BE RU EN
rss facebook twitter

Адкрыты набор у летнія Школы па правах чалавека для моладзі

20.05.2011
Адкрыты набор у летнія Школы па правах чалавека для моладзі

Беларуская праваабарончая школа, арганізаваная міжнароднай супольнасцю праваабарончых арганізацый, абвяшчае конкурс на ўдзел у летніх Школах па правах чалавека на 2011 год. У межах праграмы Школы ўдзельнікі знаёмяцца з гісторыяй і філасофіяй правоў чалавека, а таксама метадамі і сродкамі іх абароны на нацыянальным і міжнародным узроўнях. 

 

Выкладчыкамі Школы з’яўляюцца прадстаўнікі вядучых праваабарончых арганізацый Беларусі і іншых краін, вядомыя і аўтарытэтныя спецыялісты ў галіне правоў чалавека і права.

Да ўдзелу ў праграме запрашаюцца маладыя людзі з Беларусі, зацікаўленыя ў набыцці ведаў у галіне правоў чалавека. Узрост — ад 18 да 25 гадоў.

Месца правядзення: Беларускі Дом правоў чалавека ў Літве (Вільня).

Працоўныя мовы: беларуская і руская. 

Тэрміны правядзення летніх Школ па правах чалавека:

Школа 1 — 1-9 ліпеня (заяўкі прымаюцца да 7 чэрвеня ўключна)

Школа 2 - 10-18 ліпеня (заяўкі прымаюцца да 14 чэрвеня ўключна)

Школа 3 — 23-31 ліпеня (заяўкі прымаюцца да 21 чэрвеня ўключна)

Школа 4 1-9 жніўня (заяўкі прымаюцца да 28 чэрвеня ўключна)

Група будзе сфармавана з 20-22 удзельнікаў на конкурснай аснове.

Падача заявак на ўдзел:

Для ўдзелу ў Школе прэтэндэнт павінен запоўніць рэгістрацыйную форму і даслаць не пазней за вызначаны тэрмін (заяўкі, дасланыя пазней за ўказаныя даты, разглядацца не будуць) на адрас: [email protected]. Пажадана прадставіць таксама рэкамендацыйны ліст (ад праваабарончай ці іншай грамадзкай арганізацыі, з якой супрацоўнічае прэтэндэнт, з месца працы ці вучобы). Перавага будзе аддавацца ўдзельнікам, якія арыентуюцца ў грамадскай праблематыцы, зацікаўленыя ў атрыманні ведаў у галіне правоў чалавека, якія жадаюць і гатовыя дзейнічаць на карысць іх абароны.

УВАГА! ПАТРАБАВАННІ ДА ПАШПАРТОЎ:
— тэрмін дзеяння пашпартоў прэтэндэндэнтаў павінен быць на 3 месяцы большы за тэрмін заканчэння адпаведнай Школы;
— у пашпарце павінны быць дзве чыстыя старонкі з адзнакай “візы”;
— пашпарт павінен быць выдадзены на працягу апошніх 10 гадоў.

Удзельнікі будуць выбраныя сярод заяўленых прэтэндэнтаў у выніку конкурсу, які правядзе спецыяльная кваліфікацыйная камісія. Пра вынікі конкурсу на працягу трох дзён пасля яго завяршэння будуць апавешчаныя ўсе прэтэндэнты.

Ад удзельнікаў патрабуецца прысутнасць на ўсіх занятках. Арганізатары пакідаюць за сабой права выключыць удзельніка ў выпадку невыканання ўмоваў удзелу ў Школе.

Удзел у занятках і навучальныя матэрыялы бясплатныя. Арганізатары Школы бяруць на сябе расходы на аплату віз і страхавых полісаў, транспартных выдаткаў (кошт праезду да месца правядзення Школы і назад), пражывання і харчавання ўдзельнікаў.

Транспартныя выдаткі, звязаныя з афармленнем віз, кампенсаваныя не будуць.

У выпадку, калі Вы маеце дадатковыя пытанні, звяртайцеся на адрас: [email protected]

 

Альтэрнатыўная моладзевая платформа

Видео