BE RU EN
rss facebook twitter

Туск: Эўропа павінна быць адчыненай для новых чальцоў

19.05.2011
Туск: Эўропа павінна быць адчыненай для новых чальцоў

У Катавіцэ завяршаецца Эўрапейскі эканамічны кангрэс. Гэта адна з найбуйнейшых бізнэс-падзеяў у Эўропе. У Кангрэсе ўдзельнічае каля шасьці тысяч чалавек. 

Галоўнай тэмай сёлетняга катавіцкага кангрэсу стала канкурэнтаздольнасьць эўрапейскай эканомікі, будучыня Эўропы, а таксама праблемы Цэнтральна-Ўсходняга рэгіёну. Удзельнікі сустрэчы размаўлялі й пра супольную энэргетычныю палітыку ЭЗ, інавацыйнасьць, а таксама ўзаемасувязь паміж разьвіцьцём эканомікі, рэгіёнаў і гарадоў. Нямала гаварылася пра кліматычна-энэргетычны пакет ЭЗ і яго ўплыў на эканоміку.

Эўрапейскі эканамічны кангрэс супаў з апошняй падрыхтоўкай Польшчы да шасьцімесячнага старшынства ў Эўразьвязе. Выступаючы на адкрыцьці імпрэзы, прэм’ер-міністар Дональд Туск заявіў, што задачай яго краіны цягам наступнага паўгодзьдзя будзе “вяртаньне веры ў Эўрапейскі Зьвяз”. Ён падкрэсьліў, што ЭЗ павінен быць адкрытым для прыняцьця іншых дзяржаў, якія выконваюць крытэрыі далучэньня.

Д. Туск: Вельмі важна, каб Эўропа паверыла, што можна ахоўваць свае межы і ў той жа час адчыняць гэтыя межы для тых, хто прыймае нашыя каштоўнасьці й жадае да нас далучыцца. Кожны, хто сёньня гаворыць у Эўропе, што падчас крызысу, неспакою й росту коштаў трэба абапірацца на нацыяналізм і пратэкцыянізм, той проста не разумее ідэю Эўропы альбо хоча ад яе адмовіцца.

Дональд Туск падкрэсьліў, што крызыс не павінен стаць перашкодай для ЭЗ, каб прымаць чарговых чальцоў.

Д. Туск: Менавіта ў сувязі з тым, што будучыня ўсяго сьвету наўрадці будзе ружовай, мы павінны дазволіць стаць чальцамі нашай эўрапейскай сям’і тым, хто гэтага жадае й хто дзеля гата нямала зрабіў. Мы хочам адной Эўропы, свабоднай, вялікай, без унутраных межаў. Эўропы, якая верыць у сваю будучыню. Будучыня Эўропы ў руках тых, хто ў яе верыць. Мы - верым.

Прэм’ер выказаўся за ўніфікацыю эўрапейскага заканадаўства й адзіныя правілы вольнага рынку. Гэтага Варшава зьбіраецца дамагацца цягам шасьці месяцаў прэзыдэнтуры.

Асаблівае значэньне падчас трох дзён працы кангрэсу надавалася канкурэнтаздольнасьці эўрапейскай эканомікі. “Бяз гэтага эканоміка будзе стаяць на месцы”, - заявіў старшыня Эўрапейскага парлямэнту Ежы Бузэк.

Е. Бузэк: Месцы працы – гэта галоўнае, што патрэбна сёньня нашым грамадзянам. Каб выканаць іх чаканьні, мы павінны пачаць ад канкурэнтаздольнасьці. Каб выйграць зь Кітаем, Азіяй, Бразыліяй, Афрыкай, мы павінны быць сучаснымі, мы абавязаныя ствараць новыя тэхналягічныя вырашэньні. 

Шмат увагі ўдзельнікі кангрэсу прысьвяцілі й супрацы ЭЗ з усходнімі суседзямі. Ключавым пунктам праграмы “Ўсходняе партнэрства” зьўляецца стварэньне зоны вольнага гандлю з краінамі-ўдзельніцамі.

Як распавёў Польскаму радыё ўпаўнаважаны па пытаньнях Усходнягя партнэрства Анджэй Цяшкоўскі, з Украінай перамовы па гэтаму пытаньню ўжо ў фінальнай стадыі, Малдова пачала іх сёлета. Працягваюцца таксама перамовы пра вольны гандаль паміж ЭЗ і краінамі Паўднёвага Каўказу. “Зь Менскам супраца пакуль замарожаная”, - кажа Цяшкоўскі.

А. Цяшкоўскі: Беларусь фармальна зьяўляецца часткай Усходняга партнэрства, але з гэтай краінай мы пакуль ня здолелі наладзіць двухбаковага супрацоўніцтва.

 

Польскае радыё для замежжа
Видео