BE RU EN
rss facebook twitter

Забаронены "Ляпіс Трубяцкой" - для студэнтаў забароненага ЭГУ

17.05.2011
Забаронены "Ляпіс Трубяцкой" - для студэнтаў забароненага ЭГУ

Калі б гэтага канцэрту не было, яго б варта было прыдумаць: усеагульнае яднаньне акадэмічнай супольнасьці з украпінай менскіх актывістаў розных накірункаў і пасадаў, што хорам сьпяваюць Belarus Freedom, таньчаць пад постсьнежаньскае «Грай» ды гукаюць «Жыве Беларусь». Закрыты канцэрт забароненага ў Беларусі гурта «Ляпіс Трубяцкой» адбыўся пры поўным аншлягу ў адным з буйнейшых клюбаў Вільні.

«На канцэрт Ляпіса Трубяцкога», — 35-гадовы мужык з голенай патыліцай, па выглядзе тыповы перагоншчык машын, у цягніку Менск-Вільня працягвае свой сіні пашпарт, пры гэтым спрабуючы як мага болей ветліва ўсьміхацца літоўскаму памежніку. Той у адказ штучна зьдзіўляецца: «А гэта да нас Ляпісы прыяжджаюць? Добра-добра, едзьце, прывозьце вашы грошы, купляйце нашы прадукты, машыны, кватэры, усё, што заўгода — мы ня супраць», — літоўцы ў цягніку на гэта радасна ўсьміхаюцца і амаль паціраюць рукі, забыўшыся, мабыць, што асабліва разжыцца беларускімі рублямі цяпер не атрымаецца.

Выкінуты з радыё і беларускіх канцэртных пляцовак, «Ляпіс Трубяцкой» стаў сымбалем усіх нашых недарэчнасьцяў і маразмаў. Апагей гэтага надмагільным камянём чорным па чырвонаму надрукаваны на запрашальніках на віленскі канцэрт: цытата з нашумелага Міхалковага звароту з нагоды адмены яго вялікага туру па Беларусі: «У краіне адбываецца культурны генацыд».

Затое такі «Парадокс сёньняшняй сытуацыі» — Міхалок гэтым разам быў як ніколі акадэмічны і пазбавіў клюб «Прапаганда» ад звыклых пацыфісцкіх і анархіскіх заклікаў — дазваляе пачуць адзін з самых папулярных беларускіх гуртоў тым, хто пра гэта раней і ня марыў. Напрыклад, 600 студэнтам Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, што цэлы месяц літаральна палявалі на квіткі на зачынены выступ. Бо набыць іх было не магчыма — толькі атрымаць за добрае навучаньне ці ўчынкі. А вось менчукі, гарадзенцы і іншыя беларускія гараджане і сяляне вымушаныя цяпер кіравацца ў замежныя вандроўкі дзеля таго, каб пачуць новыя аранжыроўкі праграмы «Весёлые картинки».

Ганаровы арэапаг у чылаўце клюбу складаўся зь міністара адукацыі Літвы, кіраўніка культурніцкага дэпартамэнту сталічнай мэрыі і рэктара і прарэктароў ЭГУ. Апошнія дасядзелі амаль да канца канцэрту, пры гэтым асабліва не прадэманстраваўшы нейкіх эмоцыяў ад музыкі «Ляпісаў». Затое міністар адукацыі (фанат «Ляпісаў» зь дзесяцігадовым стажам) нават таньчыў непадалёку ад іншых віпаў канцэрту: эгушных прафэсароў. Вяршыняй інтэлектуальнага пафасу дзеі стаў мабільны шапік па продажы часопісу «Архэ», які быў разгорнуты адразу на ўваходзе ў клюб.

Мабыць, Сяргей Міхалок адчуў усю адказнасьць моманту і амаль цалкам пазбавіўся ад звыклых гучных заяваў, намякнуўшы толькі нешта наконт «сумы інтэлектуальных перамогаў» прысутных і прызнаўшыся пазьней у боязі «нагаварыць лішняга». Вось, значыць, чаму было «мінімум дагмату і максымум вар’яйкіх танцаў».

 Гэтым разам «Ляпісы» пусьціліся ва ўсе цяжкія, выканаўшы бадай усе беларускамоўныя кампазыцыі. Слухачы ў адказ ужо пачынаючы з «Грай» разгарнулі бел-чырвона-белыя сьцягі (у Менску такую зьяву, бадай, можна пабачыць цяпер толькі на выступах Вінсэнта), і кінуліся ў абяцаны вар’яцкі слэм.

 

Выглядае, што «Ляпіс Трубяцкой» стаў сапраўды агульнабеларускім гуртом, які здольны злучыць усіх, хто хоць крыху разумее кантэкст іх музыкі: ад акадэміка-рэктара да віленскага хіпсьцера і віцебскага пэтэвэшніка. На жаль, каб паслухаць гэты гурт, цяпер трэба ехаць за мяжу. У гэткія моманты сапраўды разумееш кошт забароненай музыкі.

Гл. таксама:Фотарэпартаж з канцэрту «Ляпіса Трубяцкога» у Вільні

 

Generation.bY 

Видео